Ня меней за 75 беларускіх вайскоўцаў сталі фігурантамі палітычных крымінальных спраў з 2020 году

Прапагандысцкі плякат з прасоўваньнем вайсковай службы на вуліцах Менску

Часта вайскоўцаў судзяць паводле найбольш сур’ёзных артыкулаў Крымінальнага кодэксу, і яны атрымліваюць суворыя пакараньні.

З 2020 году Праваабарончы цэнтар «Вясна» зафіксаваў мінімум 75 фактаў крымінальнага перасьледу ў дачыненьні беларускіх вайскоўцаў. Па стане на 5 лістапада 2026 году, 33 зь іх утрымліваюць за кратамі.

Прынамсі 15 вайскоўцаў абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» (арт. 356 КК), яшчэ 13 — у «акце тэрарызму» (арт. 289 КК). Ня менш за 12 чалавек былі асуджаныя на тэрміны ад 20 да 25 гадоў пазбаўленьня волі. Аднак, некаторыя з гэтых прысудаў вынесьлі завочна.

За адзін 2026 год былі асуджаныя мінімум 13 беларускіх вайскоўцаў.

Праваабаронцы прыгадалі найбольш розгаласныя выпадкі, якія часта былі зьвязаныя з буйнымі крымінальнымі справамі, у межах якіх адбываліся дзясяткі ператрусаў і арыштаў.

«Справа Аб’яднанага пераходнага кабінэту»

Згодна з інфармацыяй «Вясны», у сакавіку 2026 году затрымалі восем чалавек у «справе Аб’яднанага пераходнага кабінэту», прызнанага КДБ «тэрарыстычнай арганізацыяй». Пакуль праваабаронцы ведаюць імёны толькі двух фігурантаў: Аляксандар Рудкевіч і Дзьмітры Зара. Ім ставяць у віну «ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі», Аляксандра дадаткова абвінавачваюць у «распаўсюдзе службовай інфармацыі паводле».

Аляксандр — вайсковец, парашутыст. Яго затрымалі ў сакавіку 2026 году, ён цяпер у СІЗА КДБ. Сілавікі зацікавіліся Рудкевічам празь ягонае знаёмства з Валерам Сахашчыкам і Дзьмітрыем Заром.

Дзьмітрыя затрымалі прыкладна ў лютым 2026 году. Службу ён пачынаў у частцы ўнутраных войскаў 5448, пасьля перавёўся ў Мар'іну Горку, а затым займаў адміністрацыйную пасаду на 50-й зьмяшанай авіябазе ў Мачулішчах, дзе і даслужыў да вайсковай пэнсіі. У яго трое дзяцей. У 2022 годзе Зара эміграваў у Польшчу, дзе далучыўся да каманды Сахашчыка. Паводле зьвестак сілавікоў, падпалкоўнік займаўся зборам інфармацыі і аналітычнай працай, за што ў верасьні 2022 году яго пазбавілі вайсковага званьня ўказам Лукашэнкі.

Пазьней Зара сутыкнуўся з праблемамі легалізацыі, пачаў весьці блог пра рэлігійную сэкту G-13. Пасьля апошняга допісу 3 лютага 2026 году ён невядомым чынам вярнуўся ў Беларусь, дзе апынуўся ў СІЗА КДБ, дзе сутыкнуўся з катаваньнямі. Праз гэта быў у цяжкім псыхалягічным стане. Вядома, што яго перавялі зь СІЗА ў іншае месца, але куды — невядома.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 16 кастрычніка. У Беларусі стала на 8 палітвязьняў болей

«Справа ByPol»

Менскі абласны суд 26 кастрычніка 2026 году вынес прысуд тром палітвязьням: Генрыху Агееву, Юрыю Васілеўскаму, Івану Балашэнку. Як уведалі правабаронцы, Юрыю прызначылі 17 гадоў зьняволеньня, Генрыху — 21 год, Івану — 25 гадоў. Агулам іх асудзілі паводле дзевяці цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку за «ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі» і «здраду дзяржаве».

Агееў — 32-гадовы былы сілавік зь Берасьцейшчыны. Яго затрымалі ў лютым 2024 году ў акупаваным Расеяй Крыме. Туды Агееў нібыта езьдзіў на заданьне былога супрацоўніка ГУБАЗіК, а цяпер прадстаўніка ініцыятывы ByPol Аляксандра Азарава. Каля сямі месяцаў яго ўтрымлівалі ў СІЗА ФСБ разам з украінскімі ваеннапалоннымі, дзе білі й катавалі. У верасьні 2024 году экстрадавалі ў Беларусь, пры гэтым не аддалі ніякіх дакумэнтаў, таму час у СІЗА ФСБ ня будзе залічаны ў тэрмін прысуду. На радзіму беларуса везьлі содні зь мяшком на галаве, казаў былы сукамэрнік.

Юры Васілеўскі працаваў у БНТУ як старшы выкладчык катэдры электразабесьпячэньня. З 2017 году быў у Рэестры судовых экспэртаў. Ягоны профіль — судовая будаўніча-тэхнічная экспэртыза. Яго затрымалі ў верасьні 2025 году, цяпер ён у СІЗА № 1. Дэталі абвінавачаньня супраць яго грамадзкасьці невядомыя.

39-гадовы Іван Балашэнка — былы падпалкоўнік Ваеннай акадэміі, які пасля 2021 года пакінуў службу і пайшоў працаваць у таксі ды лягістычныя кампаніі. Паводле зьвестак «Кібэрпартызанаў», ён служыў у 103‑й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе Сілаў спэцыяльных апэрацый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 27 кастрычніка: у справе ByPol трох беларусаў асудзілі на вялікія тэрміны зьняволеньня

«Справа Гаюна»

Палітвязень Артур Сыракваша працаваў намесьнікам начальніка памежнай заставы «Хвойнікі», створанай у 2020 годзе. Мужчыну затрымалі 10 жніўня 2025 году. Гомельскі абласны суд асудзіў яго ў «справе Гаюна» да 3,5 гадоў калёніі ўва ўмовах агульнага рэжыму. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361‑4 Крымінальнага кодэксу (спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці). Тэрмін палітвязня адправілі адбываць у віцебскую калёнію № 3.

Агулам у гэтай справе ужо ня меней за 240 асуджаных. Яшчэ невядома, колькі людзей дагэтуль пад сьледзтвам.

«Справа Гаюна»

  • «Справа Гаюна» — самая гучная і масавая крымінальная справа, наўпрост зьвязаная з вайной ва Ўкраіне.
  • Перасьлед у справе пачаўся пасьля ўзлому 5 лютага 2025 году бота маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», куды беларусы з 2022 году слалі фота і відэафіксацыі перамяшчэньня расейскай вайсковай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі.
  • Пасьля таго як база з асабістымі зьвесткамі трапіла да сілавікоў, па ўсёй краіне пачаліся затрыманьні, якія працягваюцца дагэтуль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

419 чалавек у Беларусі асудзілі за салідарнасьць з Украінай. Праваабаронцы высьветлілі дэталі

Суды над спэцназаўцам і дэсантнікам за «здраду дзяржаве»

У Менскім абласным судзе за «здраду дзяржаве» (ч. 2 арт. 356 КК) асудзілі 23-гадовага афіцэра з Бабруйску Яўгена Жарыкава. Прысуд — 19 гадоў калёніі ўва ўмовах узмоцненага рэжыму. Падрабязнасьці абвінавачваньня невядомыя, бо ўлады апошнім часам заўсёды праводзяць падобныя суды ў закрытым парадку.

Па заканчэньні вайсковай навучальнай установы Жарыкаў праходзіў службу ў Мар’інай Горцы, дзе дысьлякуецца пятая асобная брыгада спэцназу. Але падставы затрыманьня афіцэра невядомыя. Былыя палітвязьні сьведчаць, што без мэдычнага ўмяшаньня Жарыкаў можа за кратамі страціць зрок.

57-гадовага былога дэсантніка Васіля Прохарава асудзілі да 11 гадоў пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньня ў «здрадзе дзяржаве». Яго затрымалі разам з жонкай Ларысай і сынам Паўлам, якіх таксама асудзілі за «здраду» да 8 гадоў турмы. Суд над сям’ёй і яшчэ двума фігурантамі справы адбыўся ў траўні 2024 году ў Гомельскім абласным судзе.

Адбываць тэрмін Васіля Прохарава накіравалі ў наваполацкую калёнію № 1, вядомую сваімі катаваньнямі і зьдзекамі з палітвязьняў. Прохарава ставілі на найцяжэйшую працу і пагражалі яму голадам. Дакладныя прычыны перасьледу невядомыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ад 8 да 11 гадоў. У Гомлі за «здраду дзяржаве» вынесьлі прысуд сям’і