Ужо сёньня: дзень народзінаў Кастуся Езавітава

Кастусь Езавітаў, фрагмэнт партрэту (аўтар Вячка Целеш)

Падзеі 5 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Гэты дзень у гісторыі

1097 — упершыню згадваецца Пінск (Аповесьць мінулых часоў).

1605 — у Лёндане выкрылі Парахавую змову каталікоў, якія плянавалі падарваць парлямэнт разам з каралём Якубам I, каб спыніць панаваньне пратэстантызму. Адзін з змоўнікаў, Гай Фокс, праз стагодзьдзі стаў сымбалем супраціву тыраніі. Ягоная маска набыла вядомасьць дзякуючы фільму «V — значыць вэндэта» (2006), які ў Беларусі ўключылі ў сьпіс забароненых да распаўсюду. Маскі Фокса выкарыстоўвалі ўдзельнікі беларускіх пратэстаў.

Беларускі пратэстовец у масцы Гая Фокса, Менск, 4 кастрычніка 2020 году

1916 — Нямеччына і Аўстра-Вугоршчына абвясьцілі намер стварыць Польскае Каралеўства на захопленых у Расеі землях. Так званы Акт 5 лістапада прадугледжваў стварэньне польскай канстытуцыйнай манархіі з уласным войскам, але бяз пэўных межаў і ў залежнасьці ад абедзьвюх імпэрыяў. Акупацыйныя ўлады найперш хацелі завабіць палякаў на вайсковую службу. У той самы дзень у Баранавічах прадстаўнік аўстра-вугорскага камандаваньня ўручыў акт кіраўніцтву Польскіх легіёнаў. Гэтая падзея стала адным з этапаў аднаўленьня польскай дзяржаўнасьці, якое адбылося ў 1918 годзе.

1922 — выбары ў Сэйм Польшчы. Беларусы атрымалі 11 дэпутацкіх мандатаў. Яшчэ траіх беларусаў абралі ў Сэнат 12 лістапада. 23 лістапада беларускія дэпутаты стварылі ўласную фракцыю — Беларускі пасольскі клюб на чале з Браніславам Тарашкевічам.

1957 — урачыстае адкрыцьцё новага будынку Мастацкага
музэю ў Менску.

2007 — Google абвясьціла пра стварэньне мабільнай плятформы Android.

2024 — у ЗША на прэзыдэнцкіх выбарах перамог Дональд Трамп.

У гэты дзень нарадзіліся

1827 — Гэлена Скірмунт, мастачка і скульптарка, ураджэнка Піншчыны. За падтрымку паўстаньня 1863 году была высланая ўглыб Расейскай імпэрыі.

1893 — Кастусь Езавітаў, беларускі вайсковы, палітычны і грамадзкі дзяяч, публіцыст, перакладнік, пэдагог. Удзельнік беларускага нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня, стваральнік праваахоўных органаў БНР, арганізатар беларускай дзейнасьці ў міжваеннай Латвіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Гісторыя на Свабодзе». Як узьнік і як загінуў беларускі нацыянальны рух у міжваеннай Латвіі?

1907 — Міхал Вітушка, вайсковы дзяяч, палітык, кіраўнік паваеннага збройнага антысавецкага Супраціву 1944–1950-х.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Карціна, напісаная крывёй, і апошні пэрформанс за кратамі: гісторыя мастака Алеся Пушкіна

1956 — Андрэй Грабаў, паэт, аўтар непадцэнзурных тэкстаў, удзельнік нацыянальна-культурніцкага руху 1970-х, перасьледаваны спэцслужбамі. Грабаў загінуў падчас службы ў савецкім войску ў лістападзе 1981 году. Абставіны ягонай сьмерці да канца ня высьветленыя.

У памяці

1954 — Міхась Клімковіч, беларускі паэт і перакладнік, аўтар тэксту гімну БССР.

1997 — Сьвятаслаў Коўш, праваслаўны сьвятар, адміністратар беларускіх парафіяў ЗША і Канады ў юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату. Рэдагаваў часопіс «Царкоўны Сьветач», выдаваў беларускі праваслаўны каляндар.