Ціханоўская пракамэнтавала апошнія відэа мужа: стыль Сяргея прыніжае годнасьць

Сяргей Ціханоўскі. Архіўнае фота

За апошнія тыдні Сяргей Ціханоўскі неаднойчы выказаўся супраць палітыкі жонкі і ейнага офісу.

Сьвятлана Ціханоўская ў інтэрвію Deutsche Welle адзначыла, што кожная крытыка патрэбная і важная, калі яна канструктыўная і ўтрымлівае канкрэтныя прапановы, як сытуацыю палепшыць.

«Але я ні ў якім разе не магу падтрымаць стыль зносін Сяргея, які прыніжае годнасьць. Але я не магу за гэта несьці адказнасьць: яму не загадаеш, яго не папросіш, яму ня скажаш. Ён дарослы, самастойны чалавек. Ён постаць. Ягоны ўнёсак у гісторыю дэмакратычнай Беларусі ня скрэсьліш: ён правадыр пратэсту. Але вось гэты капітал чалавечы, палітычны, які ў яго ёсьць і быў, мне б хацелася, каб быў накіраваны ў канструктыўнае рэчышча».

Ціханоўская таксама заявіла, што яна не прыхільніца публічных спрэчак, «бо гэта толькі на руку рэжыму». Пры гэтым яна падкрэсьліла, што мэты Сяргея Ціханоўскага «не працуе на рэжым», а ягоныя мэты дэмакратычныя — правесьці свабодныя выбары і даць людзям магчымасьць вярнуцца ў Беларусь.

«Але ўнясеньне разладу ў дэмакратычнае грамадзтва — яно не гуляе нам на карысьць», — адзначыла Ціханоўская. Яна перакананая, што спрэчныя пытаньні павінны вырашацца ў прыватным фармаце.

У словах Сяргея Ціханоўскага была й крытыка непасрэдна на яе адрас. Выказваньні мужа крыўдзяць Сьвятлану Ціханоўскую.

«Мне трэба прыкладаць унутраныя намаганьні, каб адмяжоўваць пытаньне сям'і, мужа, і палітычную ролю — маю і ягоную. Я вельмі зьдзіўленая гэтай новай рыторыкай Сяргея, што я проста цягала тэчку усе гэтыя шэсьць гадоў, што я зьдзейсніла падлог у 2020 годзе. Я з такімі пачуцьцямі ўсе гэтыя шэсьць гадоў змагалася за яго, вядома, гэта мяне крыўдзіць», — прызналася Ціханоўская.

Яна адзначыла, што ёй не падабаецца такі стыль камунікацыі:

«Я вельмі не хачу думаць пра тое, што гэта нейкая канкурэнцыя, Пытаньне: „Хто выпадковы чалавек у 2020 годзе?“ Вядома, я выпадковы. Я заўсёды гэта прызнавала. Але, відаць, для яго гэта важна, каб ён быў невыпадковым. Натуральна, ён невыпадковы. Ён ішоў да гэтага мэтанакіравана, ён сабой ахвяраваў», — адзначыла Ціханоўская.

Пры гэтым яна дадала, што гэта не дае мужу права абясцэньваць працу іншых людзей, хай нехта ня быў такім мэдыйным і заўважным у 2020 годзе, бо «няма лідэра без падтрымкі грамадзтва».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як выбары ў ЗША закрануць Беларусь. Чаму зьніклі відэа Ціханоўскага. Канада ня пусьціць беларусаў на хакей. Відэанавіны 4 лістапада

Заявы Сяргея Ціханоўскага супраць жонкі

19 верасьня выданьне «Люстэрка» апублікавала калёнку дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай. У ёй палітык расказала пра дзесяць гадоў, прысьвечаных рэабілітацыі сына, які нарадзіўся зь парушэньнем слыху, і пра працу жанчын, якая часта застаецца незаўважанай.

У відэаадказе яе муж Сяргей Ціханоўскі, блогер і былы палітзьняволены, абвінаваціў Офіс Сьвятланы Ціханоўскай у выкарыстаньні дзяцей у сваіх мэтах. Ён таксама заявіў, што ягоны фінансавы ўнёсак у забесьпячэньне сям’і і рэабілітацыю сына, цалкам выкрасьлены.

Акрамя таго, Сяргей Ціханоўскі неаднаразова выказваўся супраць палітыкі Офісу Ціханоўскай, некаторыя экспэрты пачалі меркаваць, што Сяргей зьбірае праціўнікаў офісу.

Таксама на сваім канале «Cтрана для жизни» Ціханоўскі заклікаў да рэформаў дэмакратычнага руху. На думку палітыка, які цяпер жыве ў ЗША, трэба прапанаваць арганізацыю, у якой будзе адмысловая рада. У яе будуць уваходзіць лідэры пратэстаў, экс-кандыдаты ў прэзыдэнты, за якіх галасавалі, у якіх была падтрымка.

Таксама ён пакрытыкаваў Офіс Сьвятланы Ціханоўскай і дапусьціў, што людзям, якія цяпер працуюць у ім, гэта нецікава. У Офісе ніяк не пракамэнтавалі ініцыятыву Сяргея, хоць, паводле яго, у прыватнай размове Сьвятлана выступілі за.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сяргей Ціханоўскі прапанаваў супольную структуру для дэмакратычнага руху. Экспэрт ацаніў, ці рэальна гэта