У Беларусі пасьля дзяржаўнай перарэгістрацыі зьнікла амаль палова лютэранскіх прыходаў

Лютэранская царква ў Горадні

Знайшліся новыя зьвесткі пра ліквідацыю рэлігійных грамадаў у Беларусі. Цяпер чарга дайшла да пратэстантаў лютэранскага толку.

Раней пра зьмяншэньне лічбы лютэранскіх рэлігійных арганізацый у Беларусі было вядома на падставе зьвестак Адзінага дзяржаўнага рэгістру (АДР). Аднак цяпер у базе Kartoteka.by, якая зьбірае інфармацыю зь дзяржаўных крыніц, удалося выявіць зьвесткі аб ліквідацыі яшчэ васьмі грамадаў у 2024–2025 гадах, піша «Хрысьціянская візія».

У картках арганізацый гэтыя зьвесткі прыведзеныя з паметай «МНС», пры гэтым у АДР інфармацыя аб іх ліквідацыі адсутнічае.

У Віцебскай вобласці перарэгістрацыю не прайшлі шэсьць лютэранскіх грамадаў. Чатыры зь іх спынілі існаваньне ў адзін дзень — 22 сьнежня 2025 году: сьвятых Пятра і Паўла і Сьвятога Пятра ў Полацку, Уваскрасеньня Хрыстова ў Воршы і Яна Хрысьціцеля ў вёсцы Мазалава Віцебскага раёну.

Яшчэ два лютэранскія прыходы працавалі ў Віцебску і насілі імя Марціна Лютэра, аднак мелі розныя рэгістрацыйныя нумары: адну зьліквідавалі 15 красавіка, другую выкрэсьлілі 2 ліпеня 2024 году.

У Гомельскай вобласьці ў дадатак да раней вядомай інфармацыі выявілі яшчэ два выпадкі. Грамаду Сьвятой Камуніі ў Хвойніках скасавалі 13 кастрычніка 2025 году, а эвангелічна-лютэранскую грамаду ў Гомлі — 3.

Колькі зьнікла агулам?

«Хрысьціянская візія» дзякуючы свайму аналізу выявіла 13 лютэранскіх рэлігійных арганізацый, у дачыненьні якіх ёсьць зьвесткі пра ліквідацыю або выключэньне з рэестру ў 2024–2026 гадах. 8 прыходаў зьліквідаваныя паводле даных МНС, у дачыненьні яшчэ чатырох арганізацый ёсьць пастановы пра ліквідацыю ў 2026 годзе, а адна грамада зьнікла яшчэ ў 2024-м.

На пачатак 2024 году ў Беларусі афіцыйна дзейнічалі 24 лютэранскія грамады. Цяпер выяўленыя зьвесткі аб ліквідацыі або пастановах аб ліквідацыі 10 грамадаў, а таксама аб выключэньні яшчэ адной з Адзінага дзяржаўнага рэестру.

Гэта амаль палова лютэранскіх прыходаў, якія існавалі да пачатку абавязковай перарэгістрацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Улады ўзмацняюць маніторынг вернікаў: хочуць ведаць іх дакладную колькасьць

Што гэта значыць

Абавязковая перарэгістрацыя, абвешчаная і праведзеная ўладамі пасьля пратэстаў 2020 году, у якіх удзел нярэдка бралі сьвятары, моцна паўплывала на стан і лік рэлігійных грамадаў Рэспублікі Беларусь.

У 2020 годзе шэраг сьвятароў выступілі супраць гвалту, удзельнічалі у пратэстах або былі затрыманыя ў палітычна матываваных справах. Многія каталіцкія, праваслаўныя, уніяцкія і пратэстанцкія сьвятары пакінулі Беларусь, некаторыя апынуліся за кратамі.

Згодна з інфармацыяй міжканфэсійнай групы «Хрысьціянская візія», з 2020 году больш за 90 беларускіх сьвятароў розных хрысьціянскіх вызнаньняў пацярпелі ад рэпрэсіяў, зь іх 35 — каталікі. Дагэтуль афіцыйна каталіцкая царква ні ў Беларусі, ні ў Ватыкане не камэнтавала палітычны перасьлед сваіх сьвятароў.

У красавіку 2026 году высьветлілася, што ўлады зьліквідавалі ў судзе ўсе грэка-каталіцкія парафіі ў Берасьцейскай вобласьці. Такі вырак вынесьлі прыходам у Берасьці, Івацэвічах і Баранавічах. У Пінскай дыяцэзіі засталася толькі адна грэка-каталіцкая парафія — у Гомлі. А ўва ўсёй краіне каля паўтара дзясятка парафіяў.

Праваслаўны сьвятар Аляксандар Шрамко ў 2025 годзе зьвязваў няспынны перасьлед хрысьціянскіх грамадаў Беларусі з тым, што ўлады адкрыта падтрымліваюць толькі праваслаўную царкву Маскоўскага патрыярхату. Папярэднік цяперашняга ўпаўнаважанага ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Аляксандар Румак заўсёды браў удзел у пасяджэньнях сыноду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

1% ад насельніцтва. Чаму зьнікаюць беларускія грэка-каталікі