Сьцісла
- Узьвядзеньне Нежынскага калійнага комплексу — чарговы даўгабуд.
- Кітай спыніў фінансаваньне праекту, каб ня трапіць пад заходнія санкцыі.
- Амэрыканскі бок пакуль не рэагуе на прапановы Менску купіць калійны актыў.
Чарговы даўгабуд
Аляксандр Лукашэнка 2 лістапада сабраў нараду пра інвэстыцыйны праект будаўніцтва ГУК. Ён назваў будаўніцтва «флягманскім праектам» для краіны.
За год да пандэміі на продажы хлёрыстага калію Беларусь зарабіла 2,8 млрд даляраў, што склала больш за 4 працэнты ад агульнага ВУП краіны і 7 працэнтаў ад агульнай экспартнай выручкі.
Калійная галіна зьяўляецца адной з галоўных стратэгічных крыніц паступленьня валюты ў бюджэт. Пасьля 2021 году Белстат рэзка скараціў публікацыю статыстыкі пра стан эканомікі Беларусі, таму дакладна ацаніць цяперашнюю сытуацыю ў гэтай сфэры цяжка.
Якія высновы можна зрабіць па выніках гэтай нарады?
Падобна, маем справу з чарговым даўгабудам. Яго ўрачыста распачыналі ў 2015 годзе з удзелам Лукашэнкі. Рэальна будаўніцтва пачалося ў 2016 годзе. Паводле аднаго з ранейшых плянаў, комплекс мелі ўвесьці ў эксплюатацыю ў 2022 годзе, ён павінен быў штогод даваць каля 2 млн тон калійных угнаеньняў. Аднак прайшло 10 гадоў, а працэс ня скончаны. Некалькі разоў мянялася дата запуску, памяняўся ўласьнік прадпрыемства, крыніцы фінансаваньня.
У выніку, напрыканцы 2026 году праект так цалкам і не рэалізаваны, будаўніцтва працягваецца. Адказны за праект першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў адсправаздачыўся, што першую і другую чаргу ўжо ўвялі ў эксплюатацыю, хоць асобныя працы яшчэ працягваюцца. Цяпер на ім выпрацоўваецца каля 400 тысяч тон калійных угнаеньняў. Канчатковым тэрмінам завяршэньня будаўніцтва аб’яўлены 2027 год. На нарадзе Лукашэнка выказаў прэтэнзіі да зрыву тэрмінаў будаўніцтва і якасьці работ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Беларусі ўвялі ў эксплюатацыю яшчэ адзін камбінат калійнай солі. Яго раней забралі ў расейскага мільярдэраЗаходнія санкцыі і Кітай
Галоўная прычына, празь якую не ўдалося своечасова і напоўніцу пабудаваць гэта ГУК — заходнія санкцыі. Сам Лукашэнка, іншыя афіцыйныя асобы, дзяржаўныя мэдыя шмат разоў даводзілі, што абмежавальныя захады, якія ўвялі краіны ЭЗ і ЗША, нам ня страшныя, нават пайшлі на карысьць, мы знайшлі спосабы нэўтралізаваць іх нэгатыўны ўплыў. Аднак лёс будаўніцтва Нежынскага ГУК паказвае, што санкцыі працуюць.
Яшчэ адна важная выснова. Лукашэнка, іншыя чыноўнікі Беларусі шмат апавядаюць пра сяброўства і супрацу з Кітаем. Дык вось у выпадку з гэтым праектам кітайцы павялі сябе, скажам мякка, не зусім па-сяброўску. Будаўніцтва ГУК мела адбывацца за кошт экспартнага крэдыту на 1,4 млрд даляраў ад Банка разьвіцьця Кітаю. Адпаведную крэдытную дамову гэты кітайскі банк і «Беларусбанк» падпісалі ў чэрвені 2016 года пад гарантыі беларускага ўраду. Аднак, паводле крыніцаў «Нашай Нівы», у 2021 годзе на тле санкцыяў кітайскі банк прыпыніў выдачу новых траншаў. На той момант зь крэдытнай лініі заставаліся нявыдадзенымі каля 580 мільёнаў даляраў. Можна выказаць здагадку, што кітайскі партнэр не захацеў рызыкаваць, каб самому ня трапіць пад санкцыі. У выніку гэтага рэалізацыя праекту прыпынілася.
Як можна зразумець з нарады ў Лукашэнкі, галоўная праблема ў будаўніцтве ГУК палягае ў тым, што не хапае грошай, улады ня могуць знайсьці інвэстара ці крэдытора.
Ці знойдзецца пакупнік на руднік
У зьвязку з гэтым становіцца больш зразумелай прапанова Лукашэнкі да ЗША купіць Нежынскі ГУК за 3 млрд даляраў.
У выпадку ажыцьцяўленьня гэтай угоды ўлады Беларусі вырашылі б адразу некалькі задач. Па-першае, знайшлі б інвэстара, які давядзе на канца гэты шматпакутны праект і здыме галаўны боль з ураду. Па-другое, перамоўны працэс паміж Менскам і Вашынгтонам атрымаў бы эканамічную глебу, што магло б моцна паскорыць вырашэньне іншых праблем у двухбаковых адносінах. Па-трэцяе, амэрыканская кампанія, якая б стала ўласьнікам (ці саўласьнікам) Нежынскага ГУК, лябіяавала б з дапамогай ураду ЗША больш выгадную лягістыку паставак калію на рынак Злучаных Штатаў, найперш, праз парты краін Балтыі.
Але нешта спакусіць амэрыканскі бізнэс гэтым калійным пернікам пакуль не атрымліваецца. Для прагматычных амэрыканцаў Нежынскі комплекс можа выглядаць занадта рызыкоўным актывам у таксычнай краіне. Незразумела, колькі трэба інвэставаць у гэты аб’ект, каб давесьці яго да ладу, колькі пазыкаў трэба вяртаць, у якім кірунку будзе разьвівацца канфлікт Беларусі з суседзямі (а ад гэтага залежыць пэрспэктыва адкрыцьця транзыту, напрыклад, праз Клайпеду).
Да таго ж, практыка паказвае, што ў Беларусі няма гарантыі ўласнасьці. У 2023 годзе беларускія ўлады перадалі Нежынскі праект, які пачынала рэалізоўваць зьвязаная зь Міхаілам Гуцэрыевым кампанія «Слаўкалій», дзяржаўнай кампаніі «Нетры Нежына». Інвэстыцыйную дамову скасавалі.