Дата дня
4 лістапада 1794 году расейскія войскі ўзялі штурмам прадмесьце Варшавы Прагу. Пасьля разгрому паўстанцаў жаўнеры ўчынілі масавую разьню жыхароў і палонных. Загінулі ад 13 да 20 тысяч чалавек. Сярод іх — адзін з кіраўнікоў паўстаньня Якуб Ясінскі.
Таксама ў гэты дзень
1611 — Смаленск атрымаў магдэбурскае права.
1661 — у бітве пад Кушлікамі на Полаччыне войска Рэчы Паспалітай здабыла пераканаўчую перамогу над войскам Маскоўскай дзяржавы.
1899 — апублікаваная асноўная кніга Зыгмунда Фройда «Тлумачэньне сноў».
1922 — у Эгіпце знайшлі пахавальню фараона Тутанхамона — гэта адна з найвялікшых археалягічных знаходак XX стагодзьдзя.
1924 — у Віцебску заснавалі вэтэрынарны інстытут. Яго ўрачыста адкрылі 8 лістапада, а 24 лістапада пачаліся заняткі.
Пагоня на будынку былога Пазямельна-сялянскага банку, узьведзеным у 1917 годзе, у якім цяпер месьціцца вэтэрынарная акадэмія
1946 — Уступіў у сілу Статут UNESCO, Арганізацыі ААН па пытаньнях адукацыі, навукі і культуры.
1950 — у Рыме падпісалі Эўрапейскую канвэнцыю пра абарону правоў чалавека і асноўных свабодаў. Беларусь так і ня стала сябрам Рады Эўропы і не далучылася да да гэтай канвэнцыі.
1956 — савецкія танкі ўварваліся ў Будапэшт і празь некалькі дзён задушылі паўстаньне. Тысячы вугорцаў загінулі, сотні тысяч былі вымушаныя ўцякаць за мяжу. Цяпер 4 лістапада ў Вугоршчыне адзначаюць Нацыянальны дзень жалобы.
1979 — у сталіцы Ірану Тэгеране ўдзельнікі Ісламскай рэвалюцыі захапілі амэрыканскую амбасаду і ўзялі ейных супрацоўнікаў у закладнікі. Крызіс цягнуўся 444 дні.
2008 — на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША перамог Барак Абама.
Барак Абама
У гэты дзень нарадзіліся
1887 — Зьміцер Жылуновіч (Цішка Гартны), беларускі пісьменьнік і дзяржаўны дзяяч. У студзені 1919 году ўзначаліў першы Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі, быў адным з удзельнікаў стварэньня БССР. У 1936 годзе яго арыштавалі паводле палітычных абвінавачаньняў. У красавіку 1937 году ён памёр у магілёўскай псыхіятрычнай лякарні.
Зьміцер Жылуновіч
1906 — Аляксандра Нікалаева, беларуская балерына.
1929 — Сяргей Карніловіч, дзяяч беларускай эміграцыі, ураджэнец Докшыччыны.
1940 — Яўген Гучок, беларускі паэт.
У памяці
1863 — Казімер Кабылінскі, удзельнік паўстаньня 1863–1864 гадоў, адзін зь яго камандзераў. Загінуў у баі з расейскімі карнікамі.
1937 — расстраляны Аляксандар Вальковіч, дзяяч БНР, народны сакратар фінансаў БНР. У 1920 годзе эміграваў, у 1925 — вярнуўся ў БССР. У 1937-м асуджаны за «антысавецкую агітацыю і прапаганду» на найвышэйшую меру пакараньня.
1937 — расстраляныя беларускі мастак Хрыстафор Даркевіч і ягоны брат, мастацтвазнаўца Пятро Даркевіч. Усяго 4 лістапада 1937 году ў Віцебску расстралялі каля 110 чалавек.
1955 — Генрых Грыгоніс, беларускі актор.
1968 — Міхаіл Кікоін, францускі мастак зь Беларусі.
1992 — Васіль Хомчанка, беларускі пісьменьнік. У 1937 годзе, 18-гадовым юнаком, на 4 гады трапіў у савецкія лягеры. У 1990-м узначаліў камісію Саюзу пісьменьнікаў Беларусі па вяртаньні спадчыны рэпрэсаваных літаратараў. У апошні год жыцьця выдаў кнігу «Цар — зэк Сямён Івашкін» пра сталінскія рэпрэсіі.