«Для мяне гэта гучыць дзіўна, калі прыняць да ведама, што сама яна пэўны час працавала ва ўрадзе гэтай самай апазыцыі. І, падаецца, тады ацэнкі таго, што такое беларускі рэжым як сыстэма, у яе і ў мяне абсалютна супадалі. Што здарылася за гэты час, сказаць складана», — сказаў Лябедзька ў камэнтары Свабодзе.
Паводле яго, беларуская дэмакратычная супольнасьць вельмі розная, аднак гэта не адмяняе прынцыповай розьніцы паміж апанэнтамі Лукашэнкі і ягонай сыстэмай.
«Мы абсалютна розныя, і гэта нармальна. Але не заўважаць каштоўнасных адрозьненьняў паміж апанэнтамі рэжыму і тымі, хто цягам 30 гадоў скраў у мільёнаў людзей выбары, ператварыў бюджэт у асабісты гаманец, пазбавіў усіх усялякага выбару, пачаў забіваць людзей... Калі я чую: „Я не буду галасаваць за тых, хто апанэнты“, — тады ж выбар тут невялікі: застаюцца тыя, хто каля ўлады».
Лябедзька дапусьціў, што цяперашняя пазыцыя Гарбуновай можа азначаць і пераацэнку ёю ўласнага ўдзелу ў падзеях 2020 году.
«Магчыма, чалавек прыйшоў да асэнсаваньня таго, што ў 2020 годзе ён дарэмна выйшаў на вуліцу за іншыя каштоўнасьці, за перамены. Я б так гэта прачытваў. Магчыма, і добра, што так адбылося, што ёсьць разуменьне: частка людзей у 2020 годзе аказаліся ня ў тым месцы, яны пра гэта шкадуюць. А як пра гэта заявіць? Ну вось праз такія дзіўныя формы».
Асабліва рэзка Лябедзька адрэагаваў на крытыку беларускай апазыцыі ў цэлым.
«Гэта гучыць для мяне вельмі па-хамску ў адносінах да памяці Генадзя Карпенкі, Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, вялікай колькасьці людзей, якіх ужо няма ў жывых, але якія аддалі сваё здароўе, сваё жыцьцё дзеля пераменаў», — сказаў Анатоль Лябедзька.
На просьбу Свабоды даць разгорнуты камэнтар наконт сваёй заявы, Вольга Гарбунова адказала, што «ня хоча».