Беларусь — краіна паходжаньня ахвяраў гандлю людзьмі, паведамляюць экспэрты Групы супрацьдзеяньня гандлю людзьмі Рады Эўропы (GRETA) у сваім трэцім дакладзе аб Беларусі. Новы маніторынгавы даклад ахоплівае пэрыяд з кастрычніка 2022 па канец чэрвеня 2026 году. Ён засяроджаны на пытаньнях доступу да правасудзьдзя і эфэктыўнай праўнай абароны ахвяраў гандлю людзьмі.
Паводле Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі, з 2022 па 2025 год мог стаць ахвярамі гандлю людзьмі і зьвязаных з ім злачынстваў 1341 чалавек, пры гэтым афіцыйна ахвярамі прызналі 1161 чалавека.
«Сярод ідэнтыфікаваных ахвяраў дзеці склалі 59%, а жанчыны — 40%. Пераважная большасьць ахвяраў (96,6%) пацярпела ад сэксуальнай эксплюатацыі. Каля 86% ідэнтыфікаваных ахвяраў пацярпелі ад эксплюатацыі ў межах Беларусі», — паведамілі экспэрты GRETA.
У праўных актах Беларусі аб гандлі людзьмі экспэрты выявілі недахопы:
«Нягледзячы на наяўнасьць юрыдычных палажэньняў аб правах ахвяраў, існуе недахоп інфармацыйных матэрыялаў для ахвяраў гандлю людзьмі, якія тлумачаць іхныя правы ў даступнай форме».
Група экспэртаў адзначыла важную ролю грамадзянскай супольнасьці ў выкананьні Канвэнцыі і заклікае ўлады Беларусі перагледзець заканадаўства, якое можа перашкаджаць дзейнасьці спэцыялізаваных няўрадавых арганізацыяў, што займаюцца барацьбой з гандлем людзьмі. Экспэрты ўважаюць, што трэба забясьпечыць такім арганізацыям рэальны доступ да належнага фінансаваньня і магчымасьць удзельнічаць у перадухіленьні гандлю людзьмі.
Нягледзячы на гарантыі права ахвяраў гандлю людзьмі на юрыдычную дапамогу, ніводнай такой ахвяры не была аказана бясплатная дапамога прафэсійных юрыстаў, паведаміла група.
GRETA заклікае ўлады Беларусі забясьпечыць ахвярам гандлю людзьмі доступ да адвакатаў з спэцыялізаванымі ведамі, каб тыя маглі аказваць ім юрыдычную дапамогу і прадстаўляць іх у судовых працэсах, а таксама гарантаваць, што адвакаты могуць весьці сваю прафэсійную дзейнасьць без умяшаньня і страху рэпрэсіяў.
Група экспэртаў лічыць, што ахвяры гандлю людзьмі ў Беларусі ня ведаюць аб сваім праве патрабаваць кампэнсацыю. Улады павінны забясьпечыць умовы, каб ахвяры гандлю людзьмі сыстэматычна атрымлівалі інфармацыю на зразумелай ім мове аб праве патрабаваць кампэнсацыі і працэдурах, а таксама каб мелі доступ да бясплатнай юрыдычнай дапамогі ў справе атрыманьня кампэнсацыі. На гэьы момант такую кампэнсацыю ў Беларусі атрымалі толькі дзьве ахвяры гандлю людзьмі.
У Беларусі дагэтуль няма палажэньняў аб дзяржаўнай кампэнсацыі ахвярам гвалтоўных злачынстваў, у тым ліку ахвярам гандлю людзьмі. GRETA заклікае ўлады стварыць дзяржаўную сыстэму кампэнсацыі, даступную ахвярам.
«У 2022–2024 гадах у Беларусі толькі адна справа была кваліфікаваная як гандаль людзьмі. Падобна на тое, што для стасаваньня артыкула 181 Крымінальнага кодэксу (які прадугледжвае адказнасьць за гандаль людзьмі) існуе вельмі высокі парог доказнасьці; у выніку дзеяньні, якія падпадаюць пад міжнароднае вызначэньне гандлю людзьмі, кваліфікуюцца як іншыя злачынствы, што цягне за сабой мякчэйшыя пакараньні. GRETA зноў заклікае ўлады Беларусі прывесьці вызначэньне гандлю людзьмі ў Крымінальным кодэксе ў поўную адпаведнасьць з артыкулам 4 Канвэнцыі: уключыць „выкарыстаньне ўразьлівага становішча“ ў якасьці аднаго з спосабаў учыненьня злачынства, а таксама выключыць патрабаваньне аб тым, што вінаваты павінен быў „загадзя ведаць“, што пацярпелы ёсьць дзіцём», — заяўлена ў дакумэнце.
Як паўплываў мігранцкі крызіс
У дакладзе адзначаецца, што нягледзячы на тое, што з 2021 году ў Беларусь прыбылі дзясяткі тысяч мігрантаў і спрабавалі перасекчы мяжу з Польшчай, Літвой або Латвіяй, брак выяўленых ахвяраў гандлю людзьмі сярод мігрантаў і шукальнікаў прытулку сьведчыць, што сярод замежных грамадзян не выяўляюць факты гандлю людзьмі. У выніку мігранты застаюцца без абароны і падтрымкі ва ўмовах падвышанай уразьлівасьці да эксплюатацыі і гвалту.
Рост колькасьці працоўных-мігрантаў у Беларусі суправаджаўся прыняцьцем новага заканадаўства і правілаў. Аднак GRETA занепакоеная тым, што беларуская праўная база Беларусі стварае поўную залежнасьць працоўных-мігрантаў ад канкрэтнага працадаўцы, што робіць іх надзвычай уразьлівымі ў выпадку зьменаў у працоўных адносінах з рызыкай страты легальнага статусу і дэпартацыі.
Што такое GRETA
Экспэрты GRETA — гэта Група экспэртаў у супрацьдзеяньні гандлю людзьмі (Group of Experts on Action against Trafficking in Human Beings), афіцыйны і незалежны маніторынгавы орган Рады Эўропы.
Група створана для кантролю за тым, як краіны выконваюць Канвэнцыю Рады Эўропы аб супрацьдзеяньні гандлю людзьмі.
Група складаецца з 15 незалежных экспертаў, сярод іх ёсьць юрысты, праваабаронцы, мэдыкі, сацыёлягі й іншыя. Экспэртаў вылучаюць краіны, якія ратыфікавалі Канвэнцыю, абіраюць іх на тэрмін 4 гады. Экспэрты выступаюць у сваёй асабістай якасьці, яны ня ёсьць прадстаўнікамі сваіх урадаў і не выконваюць іх палітычныя інструкцыі.
GRETA публікуе афіцыйныя ацэнкі і справаздачы. У іх паказваецца, дзе краіна спраўляецца добра (напрыклад, зьмяніла законы ці палепшыла дапамогу ахвярам), а дзе дапусьціла хібы. На аснове гэтых дакумэнтаў Рада Эўропы дае краінам рэкамэндацыі выправіць сытуацыю.
Праваабаронца пра барацьбу з гандлем людзьмі ў Беларусі: «Шмат гадоў будуюць прыгожы фасад»
Тэму гандлю людзьмі старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Кацярына Дзяйкала ў інтэрвію Свабодзе назвала клясычным прыкладам таго, як Беларусь трактуе некаторыя свае міжнародныя абавязаньні: «Выконвае толькі тое, што ёй зручна, у папулісцкіх мэтах».
Кацярына згадала, што яшчэ ў 2005 годзе Рэспубліка Беларусь выступіла ў ААН з ініцыятывай «Глябальнага партнэрства супраць рабства і гандлю людзьмі», а пасьля гэтага на прапанову Беларусі была створана «група сяброў», якія аб’ядналіся ў барацьбе з гандлем людзьмі.
Але для Беларусі, мяркуе праваабаронца, група засталася толькі пляцоўкай, на якой зручна дэманстраваць сваю «адкрытасьць да міжнароднай супрацы».
«Праз гэта спрабуюць палепшыць свой міжнародны імідж, асабліва на фоне пастаяннай крытыкі Беларусі ў тэме правоў чалавека», — мяркуе Кацярына Дзяйкала.
Праваабаронца выказала згоду з экспэртамі GRETA ў тым, што прынятыя ў Беларусі нормы не адпавядаюць міжнародным стандартам Рады Эўропы.
«Адзначыла б і тое, што паміж недасканалымі нормамі і практыкай таксама вялікая розьніца. Прынятая ў Беларусі сыстэма не забясьпечвае ахвярам належнага доступу да правасудзьдзя і эфэктыўных сродкаў праўнай абароны. А якраз на гэта робіцца акцэнт у трэцім дакладзе аб Беларусі. Вядома, беларуская дзяржава прымае нейкія захады, але толькі ў вузкім сэгмэнце. Прыкладам, у выпадках сэксуальнай эксплюатацыі ўнутры краіны. Што да астатняга, перш за ўсё працоўнай эксплюатацыі, гэтай тэмы нібыта ня бачаць», — мяркуе праваабаронца з БХК.
З шэрагу праблемаў вакол гандлю людзьмі Кацярына Дзяйкала асобна вылучыла сытуацыю зь мігрантамі. На думку праваабаронцы, тут справы не паляпшаюцца.
«З 2021 году празь Беларусь прайшлі дзясяткі тысяч людзей, але сярод іх ня выяўлена ніводнай ахвяры. Чаму гэтак? Лічу, што гэта не пытаньне недахопу рэсурсаў. Каб выяўляць ахвяраў сярод мігрантаў, патрэбныя палітычная воля і гатоўнасьць прызнаць, што дзяржава сама паўплывала на ўмовы іх уразьлівасьці. Тое ж датычыць працоўных мігрантаў. На маю думку, указ Лукашэнкі ад 21 траўня 2025 г. № 202 „Аб павышэньні ролі наймальнікаў у галіне вонкавай працоўнай міграцыі“ робіць іх цалкам залежнымі ад канкрэтнага працадаўцы, а гэта клясычны фактар рызыкі эксплюатацыі.
Таксама заўважу, што незалежныя няўрадавыя арганізацыі і адвакаты, якія дапамагаюць у выяўленьні ахвяраў і выплаце ім кампэнсацыі, павінны мець нармальныя ўмовы для працы. Але ў Беларусі пасьля 2020 году адбылася „зачыстка“ грамадзянскага сэктару, працягваецца ціск на адвакатаў, што, безумоўна, уплывае на вынікі дапамогі ахвярам гандлю людзьмі. Таму яшчэ раз зазначу: дзяржава будуе прыгожы фасад там, дзе не закранаюцца інтарэсы ўлады, але кардынальна праблема гандлю людзьмі ў Беларусі не вырашаецца», — мяркуе праваабаронца БХК Кацярына Дзяйкала.
Што экспэрты GRETA паведамлялі пра Беларусь раней
Апошнія афіцыйныя дакумэнты і справаздачы, якія экспэртная група Рады Эўропы ў барацьбе з гандлем людзьмі апублікавала аб Беларусі, датычаць выкананьня дзяржавай адпаведнай Канвэнцыі і рызык гандлю людзьмі.
Беларусь удзельнічае ў гэтай дамове з 2014 году.
Галоўныя апошнія матэрыялы і справаздачы экспэртнай групы:
Справаздача пра дэпартаваных украінскіх дзяцей (2026)
У ліпені 2026 года GRETA апублікавала спэцыяльную аналітычную справаздачу і афіцыйную заяву, у якой асобна згадваецца Беларусь.
Экспэрты зьвярнулі ўвагу на высокія рызыкі гандлю людзьмі, зь якімі сутыкаюцца незаконна дэпартаваныя і прымусова вывезеныя ўкраінскія дзеці.
GRETA адзначыла, што перамяшчалі дзяцей у тым ліку на тэрыторыю Беларусі. Экспэртная група заклікала ўлады Беларусі выконваць свае абавязаньні ў межах Канвэнцыі: спыняць рызыкі гандлю дзецьмі, выяўляць патэнцыйных ахвяраў і караць вінаватых.
Папярэдняя справаздача аб Беларусі 2022 году
Павпярэднюю справаздачу аб сытуацыі ў Беларусі апублікавалі 27 кастрычніка 2022 году. Справаздача ахапіла пэрыяд прагрэсу з 2017 па ліпень 2022 году.
Наступны, трэці раўнд маніторынгу пачаўся ў студзені 2025 году.
GRETA тады заявіла, што ўлады Беларусі не змаглі перадухіліць гандаль людзьмі на сваіх межах, асабліва падчас мігранцкага крызісу 2021 году. Экспэрты адзначылі, што ўлады фактычна заахвочвалі гэтыя працэсы.
За пэрыяд 2017–2021 гадоў МУС Беларусі афіцыйна выявіла 753 ахвяры гандлю людзьмі (90% з іх — жанчыны і дзяўчаты, 30% — дзеці). Больш за 80% зь іх зазнавалі эксплюатацыю, пераважна сэксуальную, унутры самой Беларусі.
Экспэрты выказалі сур’ёзную занепакоенасьць ліквідавацыяй у краіне шматлікіх незалежных няўрадавых арганізацыяў, якія займаліся дапамогай ахвярам гандлю людзьмі і прафіляктыкай гэтай праблемы.