Ураджэнку Беларусі асудзілі на 10 гадоў за арганізацыю незаконнага рэфэрэндуму аб далучэньні Херсоншчыны да Расеі

Уезд у горад Херсон. Архіўнае фота

Херсонскі гарадзкі суд асудзіў ураджэнку Беларусі Людмілу Грысевіч на 10 гадоў пазбаўленьня волі з забаронай на 15 гадоў займацца дзейнасьцю, зьвязанай з выбарчым працэсам, за арганізацыю і правядзеньне ў Херсоне незаконнага рэфэрэндуму аб далучэньні Херсонскай вобласьці да Расеі.

Як стала вядома Свабодзе, суд вынес вырак у пачатку кастрычніка за інкрымінаваную ёй калябарацыйную дзейнасьць (ч. 5 артыкулу 111-1 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — добраахвотнае займаньне пасады ў незаконных органах улады, створаных на часова акупаванай тэрыторыі).

У верасьні 2022 году, калі Херсон знаходзіўся пад расейскай акупацыяй, Людміла Грысевіч ачоліла адну з участковых выбарчых камісіяў, створаных у гэтым горадзе расейскай адміністрацыяй для правядзеньня так званага рэфэрэндуму аб далучэньні Херсонскай вобласьці да Расеі. Яе намесьнікам быў яе муж Дзьмітро. Пасьля незаконнага галасаваньня Людміла Грысевіч падпісала пратакол, згодна зь якім нібыта 87,05% херсонцаў падтрымалі далучэньне да Расеі.

Сьледзтва высьветліла, што за сваю працу яна атрымала 40 тысяч расейскіх рублёў, што на канец верасьня 2022 году было эквівалентна амаль 700 далярам.

Апроч таго, як паведамілі сьведкі ў судзе, Людміла Грысевіч разам з сваім мужам Дзьмітром у суправаджэньні расейскіх вайскоўцаў езьдзілі па населеных пунктах вобласьці, прымушаючы людзей галасаваць на так званым рэфэрэндуме.

Яшчэ адна сьведка адзначыла, што Грысевіч прапанавала і ёй увайсьці ў склад выбарчай камісіі. Паводле яе, Грысевіч ставілася да ўкраінцаў «нэгатыўна, называла іх укропамі».

Пасьля таго, як украінскае войска вызваліла Херсон ад расейскай акупацыі, Грысевіч разам з мужам уцяклі на акупаваную Расеяй тэрыторыю. Аналягічную справу завялі і супраць яе мужа Дзьмітра. Абвясьцілі іх вышук.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Апошні раз прадукты дастаўлялі ў траўні. Рада Эўропы заклікала спыніць агонь у Алешках праз гуманітарны крызіс

Што вядома пра Грысевічаў

У тэксьце падазрэньня, апублікаванага на афіцыйным сайце Офісу генэральнага пракурора Ўкраіны, не ўдакладняецца месца нараджэньня Грысевіч, толькі пазначана, што яна ўраджэнка Беларусі.

Яе імя не фігуравала ў адкрытых крыніцах і сярод актывістаў мясцовай беларускай арганізацыі. Сёлета ў лістападзе Людміле Грысевіч споўніцца 72 гады. Большую частку жыцьця яна пражыла ва Ўкраіне і мела ўкраінскі пашпарт.

Да вайны сям’я Грысевічаў мела прыватны бізнэс і зарабляла грошы на праектах за бюджэтныя грошы. Іх кампанія была падраднікам у галіне кантролю за якасьцю, аб’ёмамі і тэрмінамі выкананьня будаўніча-мантажных работ на розных аб’ектах.

Адным з найбольшых даваенных пагадненьняў кампаніі стала дамова з Херсонскім дзяржаўным аграрна-эканамічным унівэрсытэтам на тэхнічны нагляд за капітальным рамонтам галоўнага навучальнага корпусу і добраўпарадкаваньнем прылеглай да яго тэрыторыі.

Украінскія войскі вызвалілі Херсон у контранаступе восеньню 2022 году. З таго часу расейскія войскі не спыняюць абстрэлаў гораду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея некалькі разоў абстраляла Херсон. Загінулі чацьвёра мірных жыхароў