Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў ЗША ўсклала адказнасьць за ўзлом на паўночнакарэйскую хакерскую групоўку TraderTraitor. Паводле ФБР, выкрадзеныя актывы пераважна пераводзяць у крыптавалюту Ethereum, пасьля чаго іх могуць «адмываць» праз сэрвісы дэцэнтралізаваных фінансаў і імгненнага абмену крыптавалют.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, адказваючы на пытаньні журналістаў пра высновы ФБР, заявіў, што Вашынгтон пакуль ня мае канчатковых доказаў дачыненьня Паўночнай Карэі да злачынства.
«Мы разьбіраемся ў гэтым. Мы ня ведаем, ці гэта Паўночная Карэя, але калі гэта яна, мы пагаворым з ёй пра гэта», — сказаў Трамп.
Узлом адбыўся ў ноч на 30 кастрычніка. Паводле папярэдніх зьвестак унутранага расьсьледаваньня Binance, зламысьнікі атрымалі доступ да асабістага ноўтбука аднаго з інжынэраў кампаніі, а празь яго — да службовай сыстэмы, якая дазваляла праводзіць транзакцыі.
Групоўку TraderTraitor раней зьвязвалі зь іншымі буйнымі крадзяжамі крыптавалют. У прыватнасьці, яе абвінавачваюць ва ўзломе біржы Bybit, у выніку якога ў 2025 годзе былі выкрадзеныя актывы на суму каля паўтара мільярда даляраў, а таксама ў крадзяжы крыптавалюты на 620 мільёнаў даляраў у 2022 годзе.