Улады Кіеўскай вобласьці паведамілі пра 2 параненых расейскімі бесьпілётнікамі

Наступствы расейскай атакі на Кіеўшчыну, архіўнае фота

Як паведаміла прэс-служба Кіеўскай абласной ваеннай адміністрацыі (АВА), раніцай 1 лістапада ў Кіеўскай вобласьці ў выніку нападаў расейскіх бесьпілётнікаў пацярпелі двое мужчын, таксама былі пашкоджаны жылыя дамы.

Расейскія вайскоўцы рэгулярна атакуюць украінскія гарады і цывільную інфраструктуру ва ўсіх рэгіёнах Украіны, выкарыстоўваючы розныя віды ўзбраеньня, у тым ліку ўдарныя бесьпілётнікі, ракеты, кіраваныя авіяцыйныя бомбы і рэактыўныя сыстэмы залпавага агню.

Украінскія паветраныя сілы паведамілі, што ў ноч на 1 лістапада расейскія войскі атакавалі Ўкраіну 433 бесьпілётнікамі, у тым ліку ўдарнымі дронамі «Шахед», «Гербера» і дронамі-імітатарамі «Пародыя». Паводле ўкраінскіх вайскоўцаў, да 07:30 раніцы сілы супрацьпаветранай абароны зьбілі або зьняшкодзілі 371 бесьпілётнік. Трапляньні зафіксаваныя ў 16 месцах, падзеньне абломкаў зьбітых дронаў яшчэ ў 14 месцах.

Расейскае кіраўніцтва адмаўляе, што расейская армія падчас поўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры ўкраінскіх гарадоў і вёсак — удары, у выніку якіх гінуць мірныя жыхары, а таксама зьнішчаюцца бальніцы, школы, дзіцячыя сады, аб’екты энэргетыкі і водазабесьпячэньня.

Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы, учыненыя Расейскай Фэдэрацыяй, падкрэсьліваючы іх наўмысны характар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Жыхары Алешак вярнуліся ва Ўкраіну празь Беларусь. Рэжым цішыні закончыцца 1 лістапада