Даты дня
Дзяды — старадаўняя народна-рэлігійная традыцыя памінаньня продкаў. У гэты дзень наведваюць магілы продкаў і памінаюць іх за сямейным сталом.
Паводле каталіцкага календара 1 лістапада — Дзень усіх сьвятых, 2 лістапада — Дзень задушны, прысьвечаны малітвам за памерлых. Праваслаўныя вернікі адзначаюць Зьмітраўскую памінальную суботу ў першую суботу перад 8 лістапада.
У 1991–1998 гадах 2 лістапада ў Беларусі было афіцыйным выходным днём.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ці добра вы ведаеце ролю Дзядоў у беларускай гісторыі і культуры? ТЭСТГэты дзень у гісторыі
1721 — Расею аб’явілі імпэрыяй, а Пятра І імпэратарам (22 кастрычніка паводле старога стылю).
1923 — кіраўніцтва БНР пераехала з Коўна ў Прагу.
1939 — на пазачарговай сэсіі Вярхоўнага Савету СССР у Маскве быў прыняты закон аб улучэньні Заходняй Беларусі ў склад Савецкага Саюзу з узьяднаньнем зь Беларускай ССР.
1942 — ліквідацыя Ружанскага гета. Нацысты пачалі дэпартацыю каля 3,5 тысячы габрэяў з Ружанаў у зборны лягер у Ваўкавыску. Каля паўсотні чалавек канваіры забілі падчас пераходу. 28 лістапада дэпартаваных вывезьлі ў лягер сьмерці Трэблінка.
1967 — у Менску адкрыўся для наведнікаў Дзяржаўны музэй БССР, заснаваны 10 гадамі раней. На сёньня гэта найбуйнейшая беларуская скарбніца духоўных і матэрыяльных здабыткаў культуры, яе цяперашняя назва — Нацыянальны гістарычны музэй Рэспублікі Беларусь.
1988 — у ЗША пачаў заражаць кампутары «чарвяк Морыса» — адна зь першых маштабных шкоднасных праграмаў у гісторыі інтэрнэту.
2003 — ва ўрочышчы Курапаты ўсталяваны крыж-капліца з абразом Маці Божай Курапацкай усіх нявінна расстраляных аўтарства Аляксея Марачкіна. Абраз некалькі разоў апаганьвалі вандалы.
Абраз Маці Божай Курапацкай, 2018 год
2013 — у Малі баевікі выкралі і забілі супрацоўнікаў францускага міжнароднага радыё RFI — журналістку Жыслэн Дзюпон і гукаапэратара Клёда Вэрлёна. ААН абвясьціла 2 лістапада Міжнародным днём спыненьня беспакаранасьці за злачынствы супраць журналістаў.
Жыслэн Дзюпон і Клёд Вэрлён
2020 — у Менску на марш пратэсту пэнсіянэраў выйшла некалькі тысяч чалавек.
Марш пэнсіянэраў у Менску, 2 лістапада 2020 году
У гэты дзень нарадзіліся
1717 — Караль Вырвіч, ураджэнец Браслаўшчыны, гісторык, географ, пэдагог і езуіцкі сьвятар.
1842 — Фэлікс Зянковіч, навуковец-прыродазнаўца, удзельнік паўстаньня Каліноўскага.
1870 — Ёсіф Стаброўскі, археоляг, краязнаўца, філёзаф, вынаходнік. Заснавальнік аднаго з найстарэйшых у Беларусі Слонімскага краязнаўчага музэю.
1906 — Зьміцер Бяляцкі, беларускі мэдык і навуковец, дзяржаўны дзяяч.
1909 — Максім Лужанін, беларускі паэт, празаік, перакладчык, які быў сакратаром Якуба Коласа і напісаў кнігу «Колас расказвае пра сябе».
Максім Лужанін
1913 — Мікалай Сірата, беларускі фізык, акадэмік.
1930 — Алесь Барскі (Аляксандар Баршчэўскі), паэт і дзеяч беларускай супольнасьці ў Польшчы.
Алесь Барскі
1960 — Алесь Наварыч (Аляксандар Трушко), пісьменьнік.
Алесь Наварыч, архіўнае фота
Руслан Салей
1974 — Руслан Салей, адзін з найбольш вядомых беларускіх хакеістаў. У 2003 годзе стаў першым беларусам, які згуляў у фінале Кубка Стэнлі. Загінуў 7 верасьня 2011 году ў авіякатастрофе пад Яраслаўлем разам з хакейнай камандай «Лякаматыў».
1993 — Кацярына Андрэева, журналістка, былая палітычная зьняволеная. У лістападзе 2020 году яе затрымалі пасьля жывога рэпартажу з акцыі памяці Рамана Бандарэнкі ў Менску. У 2021 годзе асудзілі на 2 гады калёніі, а ў 2022-м — яшчэ на 8 гадоў паводле абвінавачаньня ў здрадзе дзяржаве. Вызвалілі і прымусова вывезьлі зь Беларусі 19 сакавіка 2026 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Джон Коўл і амэрыканскі перамоўны трэк вярнулі нам веру ў жыцьцё», — Кацярына Андрэева пра вызваленьні палітвязьняўУ памяці
1903 — Адам Плуг, пісьменьнік, журналіст, перакладчык і рэдактар, ураджэнец Случчыны. Пісаў пераважна па-польску, але зьвяртаўся і да беларускай мовы.
1959 — Аляксандар Орса, беларускі пэдагог, грамадзкі і палітычны дзяяч, міністар асьветы ва Ўрадзе БНР на эміграцыі, адзін з заснавальнікаў Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня.
1982 — Васіль Рудзянкоў, беларускі лёгкаатлет, алімпійскі чэмпіён у кіданьні молата.
2007 — Аўгіньня Кавалюк, паэтка, беларуская актывістка ў Санкт-Пецярбургу.
2013 — Уладзімер Кулажанка, вучоны эканаміст, палітык і журналіст.
Уладзімер Кулажанка
2021 — Вальмен Аладаў, менскі архітэктар, аўтар ансамблю дамоў на скрыжаваньні пр. Незалежнасьці і вул. Казлова, Камароўскага рынку і інш.
Вальмен Аладаў