Буйны банк у Польшчы пагадзіўся прымаць дакумэнт замежніка, выдаваны беларусам

Ілюстрацыйнае фота

Раней праязны дакумэнт замежніка ня мог прымацца пад увагу як пасьведчаньне асобы.

Банк Millennium, кантрольны пакет акцый якога належыць партугальскаму банку Banco Comercial Português і шырока працуе ў Польшчы, пагадзіўся прымаць праязныя дакумэнты замежніка як пасьведчаньне асобы. Пра гэта банк заявіў у сацыяльнай сетцы X, заўважыў Most.

Банк адказаў на прашэньне ініцыятывы Białorusini DP. Пастанову прынялі пасьля шэрагу зваротаў беларусаў, якія ня могуць атрымаць нацыянальны пашпарт.

«Мы разумеем становішча кліентаў, якія зь незалежных ад іх прычынаў ня могуць атрымаць новы пашпарт у краіне паходжаньня. Таму мы завяршаем унясеньне зьмяненьняў у працэдуры і сыстэмы, дзякуючы якім не пазьней за сьнежань 2026 году будзем таксама прымаць польскі праязны дакумэнт для замежніка ў якасьці дакумэнта, які пацьвярджае асобу кліента», — гаворыцца ў паведамленьні.

Банк таксама працягнуў тэрмін абнаўленьня дакумэнтаў да 30 студзеня 2027 году (раней датай было 12 сьнежня 2026 году), каб даць кліентам дастаткова часу для выкананьня фармальнасьцяў.

«Кожную справу мы разглядаем асобна, з улікам сытуацыі кліента і дзейных нарматыўных патрабаваньняў», — зазначана ў паведамленьні.

У камэнтарах беларусы зьвярнулі ўвагу на тое, што пакуль ня вырашанае другое пытаньне: становішча беларусаў «паміж картамі побыту». Многія легальна жывуць і працуюць у Польшчы, але іхны папярэдні дазвол на жыхарства ўжо скончыўся, а пастановы наконт новага пакуль няма.

Што папярэднічала

У кастрычніку беларусы, у якіх ёсьць рахункі ў банку Millennium, прыйшлі паведамленьні з патрабаваньнем абнавіць дакумэнты да 12 сьнежня 2026 году. У адваротным выпадку банк папярэджваў аб блякаваньні ўсіх апэрацый па рахунках і банкаўскіх картках. Для спраўджваньня асобы Millennium патрабаваў пашпарт і дазвол на жыхарства або дыпляматычнае ці консульскае пасьведчаньне.

Пасьля гэтага шэраг беларусаў, якіх тычыліся апісаныя праблемы, пачалі зьвяртацца ў банк па тлумачэньні, што ім зрабіць, калі іхнае знаходжаньне ў Польшчы законнае, але на руках няма дзейнага пашпарту ці карты побыту. Зарганізавалася кампанія ў напісаньні ў банк прэтэнзій ад людзей у падобнай сытуацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларус прымусіў польскага мабільнага апэратара зьмяніць умовы для беларускіх грамадзянаў


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У адных — без праблем, у іншых — «зруйнаванае жыцьцё». Як жывуць беларусы, якія засталіся бязь дзейных пашпартоў