У «Белавія» заявілі аб вялікіх стратах праз украінскія ўдары па расейскай тэрыторыі

Міжнародны аэрапорт Менск. Ілюстрацыйнае фота

Беларуская кампанія «Белавія» губляе «велізарныя сумы» праз украінскія атакі на аб’екты, што знаходзяцца на тэрыторыі Расеі.

Як паведаміла выданьне «Позірк», гэта вынікае з выказваньняў начальніцы службы маркетынгу і зьнешнеэканамічнай дзейнасьці кампаніі Кацярыны Радзішэўскай на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску.

Адказваючы на пытаньне аб выдаткі, у прыватнасьці, праз дронавыя атакі Ўкраіны па аб’ектах у Расеі, у выніку якіх пэрыядычна прыпыняюць працу расейскія аэрапорты, Радзішэўская сказала: «Безумоўна, так. Парадак [страт] ацаніць складана, але гэта велізарная сума».

Паводле яе, кожны выпадак зьяўляецца «ўнікальным, таму што кожны рэйс і кожная сытуацыя цалкам унікальныя». Напрыклад, удакладніла прадстаўніца «Белавія», самалёт «можа доўгі час кружыць у зоне чаканьня і спаліць паліва». Або борт «можа доўгі час стаяць у аэрапорце, чакаючы вылету».

«Рэйс можа проста, на жаль, разьвярнуць, і камандзір можа прыняць рашэньне вярнуцца ў базавы аэрапорт або сысьці на запасны аэрадром з усімі вынікаючымі адсюль наступствамі, у тым ліку і фінансавымі», — дадала Радзішэўская.

Паводле яе, закрыцьцё аэрапортаў у Расеі пачасьцілася ў другой палове 2026 году.

«Нам яшчэ трэба будзе падвесьці фінансавыя вынікі і [высьветліць] уплыў усёй гэтай сытуацыі на кампанію. Адзінае, што я хацела б абавязкова сказаць, — гэта выдаткі авіякампаніі, і мы іх нясём. Мы ўзялі на сябе абавязацельствы перад пасажырамі, таму, вядома ж, гэта выдаткі нашы, яны кладуцца на нашы плечы. Мы ні на каго іх не перакладваем», — адзначыла яна.

Радзішэўская падзякавала пасажырам за разуменьне і падкрэсьліла, што ў гэтай сытуацыі ня ўсё залежыць ад «Белавія».

«Выдаткі ёсьць, парадак лічбаў назваць не магу, але гэта вельмі вялікія выдаткі, вядома ж. Адно такое закрыцьцё, адно такое знаходжаньне ў зоне чаканьня, сыход на запасны аэрадром або вяртаньне ў базавы аэрапорт, як правіла, адразу робіць з патэнцыйна прыбытковага рэйса стратны. Гэта нашыя цяперашнія рэаліі», — канстатавала прадстаўніца перавозьніка.

У сваю чаргу дырэктар дэпартамэнту па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Ігар Голуб заявіў, што «на жаль, тое, што цяпер адбываецца ў паветранай прасторы на сумежных тэрыторыях праз гэты ваенны канфлікт, закранае і цывільную авіяцыю Беларусі».

«Здараюцца затрымкі, падаўжаюцца маршруты, павялічваецца час палётаў. Гэта адбіваецца на дакладнасьці раскладу, якога прытрымліваецца наш авіяперавозьнік або кампаніі іншых краін, якія прылятаюць у нацыянальны аэрапорт Менск. Таму ўсе гэтыя абмежаваньні, менавіта зьвязаныя з бясьпекай палётаў, накладаюць пэўны [адбітак] на працу авіякампаніі, на працу нацыянальнага аэрапорту», — сказаў чыноўнік.

У той жа час Радзішэўская і Голуб не згадалі прычыны, зь якіх Украіна атакуе бесьпілётнікамі расейскую тэрыторыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Belavia падчас штодзённых дронавых атак на Маскву прапанавала пасажырам спэцыяльныя зьніжкі на авіябілеты

Што папярэднічала

Апошнім часам Украіна ў адказ на зьнішчальныя абстрэлы расейскай арміі па жылых сэктарах і інфраструктуры ўкраінскіх гарадоў з вялікай колькасьцю пацярпелых актывізавала свае абстрэлы аб’ектаў на тэрыторыі Расеі. Украінскія сілы нацэльваюць свае бесьпілётнікі на нафтаперапрацоўчыя заводы, якія забясьпечваюць палівам расейскую армію, а таксама па складах, дзе захоўваюцца тавары падвойнага прызначэньня.

Пасьля некалькіх удараў Расеі па дата-цэнтрах ва Ўкраіне ўкраінскія сілы нанесьлі ўдары ў адказ па аналягічных аб’ектах на расейскай тэрыторыі.

У сувязі з гэтым Расея штодзень абмяжоўвае вылеты і пасадку рэйсаў.

Беларускі бок вельмі рэдка паведамляе аб затрымках авіярэйсаў у Расею ці праз паветраную прастору Расеі. Найчасьцей пра гэта можна даведацца толькі з раскладу рэйсаў на афіцыйным сайце аэрапорту Менск.

Вядома, напрыклад, што сама меней чатыры рэйсы беларускай кампаніі Belavia спазьніліся з прылётам у Менск у ноч на 13 і ўдзень 14 кастрычніка, а таксама 23 кастрычніка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Паміж Менскам і Масквою чарговыя масавыя затрымкі авіяпалётаў

Чаму гэта важна

Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволілі скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.

Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.

У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.

Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну супраць Беларусі заходнія краіны, Эўразьвяз і Ўкраіна працягваюць уводзіць санкцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Самалёты Belavia і расейскіх авіякампаніяў з спазьненьнем прыляцелі ў Менск праз украінскую атаку на Маскву