Беларусь і Расея падпісалі правілы агульнага энэргетычнага рынку. Ці спыніць гэта рост цаны на электраэнэргію

Высакавольтныя лініі паблізу Менску. Ілюстрацыйнае фота

Міністэрствы энэргетыкі Беларусі і Расеі падпісалі пагадненьне аб зацьверджаньні правілаў функцыянаваньня аб’яднанага рынку электрычнай энэргіі.

Дакумэнт падпісалі, як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, на палях Беларускага энэргетычнага і экалягічнага форуму.

«Усе бюракратычныя працэдуры завершаныя. Вызначаныя апэратары, парадак. З наступнага году пачынаем. Зможам абменьвацца электраэнэргіяй і забясьпечваць патрэбы адно аднаго», — працытавала агенцтва намесьніка міністра энэргетыкі Расеі Яўгенія Грабчака.

Паводле яго, правілы будуць спрыяць фармаваньню справядлівых цэнаў на агульным рынку.

«У Беларусі ёсьць свой аб’ём вытворчасьці электраэнэргіі, як і ў цэнтральнаэўрапейскай частцы Расеі. Канкурэнцыя будзе спрыяць выбару больш эфэктыўнага варыянту энэргазабесьпячэньня канчатковага спажыўца. А чым вышэйшая эфэктыўнасьць, тым таньнейшая электраэнэргія фармуецца на рынку», — патлумачыў прадстаўнік расейскага міністэрства.

У той жа час, паводле яго, гэта ня выключыць росту цэн на электрычнасьць.

«Заўсёды запытваюць: ці зьнізіцца цана? Цана, напэўна, ня зьнізіцца, бо ёсьць інфляцыя, вялікая мадэрнізацыя, будаўніцтва ў энэргетычнай сфэры. Але рост цаны будзе не такім значным, бо будуць выбірацца найбольш эфэктыўныя паводле кошту рашэньні», — сказаў Яўгеній Грабчак.

Што папярэднічала

Беларусь і Расея падпісалі дагавор аб фармаваньні аб’яднанага рынку электрычнай энэргіі ў пачатку сьнежня 2024 году. Гэты дакумэнт замяніў ранейшы, што дзейнічаў зь лістапада 1999 году.

У дакумэнце замацаваныя ўмовы паступовага пераходу ад простых міждзяржаўных ператокаў электраэнэргіі да паўнавартаснага рынкавага гандлю. Каардынуюць гэтую дзейнасьць ПАТ «Интер РАО» з расейскага і канцэрн «Белэнэрга» зь беларускага боку.

Цяпер беларуская энэргасыстэма працуе сынхронна з расейскаю. Бакі ўзаемна фіксуюць абавязкі падтрымліваць аварыйныя і частотныя рэзэрваў для падстрахоўкі вялікіх аб’ектаў генэрацыі, такіх, як, напрыклад, Беларуская АЭС.

Калі адна краіна за нейкі канкрэтны час спажыла больш ці выпрацавала менш заплянаванага, дэфіцыт аўтаматычна пакрываецца за кошт сумежнай сеткі, а ўпаўнаважаныя апэратары фінансава ўрэгулёўваюць гэтыя адхіленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Латвія, Літва і Эстонія заявілі аб датэрміновым выхадзе з адзінай энэргасыстэмы зь Беларусьсю і Расеяй

Чаму гэта важна

Раней Беларусь атрымлівала неабходныя ператокі энэргіі з энэргасыстэмаў краін Балтыі і Ўкраіны.

Украіна за некалькі дзён да поўнамаштабнага расейскага ваеннага ўварваньня сынхранізавала сваю энэргасыстэму з эўрапейскай. Краіны Балтыі канчаткова адлучыліся ад «энэргетычнага колца» з Расеяй і Беларусьсю ў лютым 2025 году.

Такім чынам, беларуская энэргетычная сыстэма стала цалкам залежнай ад расейскае: ва ўмовах санкцыяў Беларусь можа прадаваць электраэнэргію, якую выпрацоўвае Беларуская АЭС, толькі на расейскі рынак, і залежыць ад расейскай сыстэмы пры надзвычайных сытуацыях, зьвязаных з дэфіцытам або прафіцытам электраэнэргіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пасьля выхаду краінаў Балтыі з постсавецкай сеткі Беларусь умацоўвае сувязі з энэргасыстэмай Расеі