На выбарах у Ізраілі наперадзе партыя прэм’ера Нэтаньягу. Але ні ўладны блёк, ні апазыцыя не атрымалі большасьці

На адным з выбарчых участкаў Ізраілю 27 кастрычніка 2026 году

Цэнтральная выбарчая камісія Ізраілю абнародавала папярэднія вынікі падліку галасоў на выбарах у Кнэсэт.

Паводле праекцыяў, якія цытуе агенцтва Reuters, блёк партыяў, прыхільных да цяперашняга прэм’ер-міністра Біньяміна Нэтаньягу, атрымае ў парлямэнце каля 55 месцаў з 120. Апазыцыйны блёк будзе мець каля 50 месцаў, а яшчэ каля 15 месцаў атрымаюць арабскія партыі. Каб сфармаваць урад большасьці, трэба 61 месца ў парлямэнце.

На 10:01 падлічылі 3 775 461 бюлетэняў. Агульная колькасьць выбарнікаў складае 7 331 981.

Як вынікае з афіцыйнага сайту ЦВК, партыя «Лікуд» на чале зь дзейным прэм’ерам Нэтаньягу наперадзе з 21,05% падтрымкі (790 994 выбарнікаў).

На другім месцы партыя «Яшар», якую ачольвае колішні начальнік Генэральнага штабу Арміі абароны Ізраілю Гадзі Айзэнкот — 16,15%, або 606 897 выбарнікаў.

Блёк «Аб’яднаны сьпіс» пакуль займае трэцяе месца з 9,16%, або 344 133 выбарнікаў, а на чацьвёртым — партыя «Разам» на чале з колішнім прэм’ер-міністрам краіны Нафталі Бэнэтам — 8,91%, або 334 776 выбарнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ураджэнец Беларусі ўзначаліў ізраільскую выведку «Масад», абяцаў працяг апэрацый супраць Ірану

Што папярэднічала і чаму гэта важна

У Ізраілі 27 кастрычніка прайшло галасаваньне на парлямэнцкіх выбарах. Яўка стала рэкорднай з 1973 году — больш за 74%. Каля выбарчых участкаў ствараліся вялікія чэргі.

Гэта былі першыя выбары пасьля нападу радыкальных ісламістаў пад кіраўніцтвам «Хамас» (арганізацыя прызнаная тэрарыстычнай у ЗША і ЭЗ) на поўдзень Ізраілю 7 кастрычніка 2023 году, войнаў у сэктары Газы, Лібане і ваеннага канфлікту з Іранам.

Экспэрты называюць цяперашняе галасаваньне вызначальным для краіны. Выбары таксама разглядаюць як рэфэрэндум аб курсе прэм’ера Нэтаньягу і яго правай кааліцыі.

Вынікі экзытполаў, абнародаваныя пасьля закрыцьця ўчасткаў, паказалі, што першае месца займае партыя «Лікуд» (24–25 месцаў у парлямэнце), а другое — партыя «Яшар» (21–22 мандаты). Усяго ў Кнэсэце 120 дэпутацкіх месцаў.

У такім выпадку «Лікуд» зноў стане найбольшай у парлямэнце партыяй, але страціць некалькі месцаў у параўнаньні з папярэднім скліканьнем, у якім гэтая палітычная сіла мела 32 мандаты.

Палітыка Нэтаньягу выклікала раскол у краіне і ўзмацніла міжнародную ізаляцыю Ізраілю. Аднак сам прэм’ер пазыцыянуе сябе як адзінага лідэра, які мае дастатковую цьвёрдасьць, каб супрацьстаяць ворагам Ізраілю, паведаміла агенцтва Reuters.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трамп заявіў пра «гістарычную дамоўленасьць» аб раззбраеньні палестынскай групоўкі ХАМАС