Даты дня
31 кастрычніка 1937 году нарадзіўся мастак Яўген Кулік, адзін з аўтараў эталёну дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусі «Пагоня». 19 верасьня 1991 году Вярхоўны Савет Беларусі прызнаў «Пагоню» дзяржаўным гербам краіны, а 10 сьнежня зацьвердзіў ейны мастацкі эталён, распрацаваны Яўгенам Куліком і Ўладзімерам Крукоўскім.
Выстава ў фае Авальнай залі, Алег Трусаў расказвае пра Пагоню. Верасень 1991, фота Ўладзіміра Сапагова (vytoki.net). Выставу для дэпутатаў перад галасаваньнем наконт дзяржаўных сымбаляў на просьбу Зянона Пазьняка зрабілі Яўген Кулік, Мікола Купава, Лявон Бартлаў ды іншыя мастакі
Рэдакцыі «Арт Сядзібы» перадалі арыгіналы нэгатываў, першыя фотаздымкі і дакумэнты, з якіх у 1991-м годзе друкаваліся і тыражаваліся дзяржаўныя сымбалі Рэспублікі Беларусь, а таксама першыя акты аб прыняцьці сьцяга і герба
Таксама ў гэты дзень
1517 — Марцін Лютэр абнародаваў у Вітэнбэргу 95 тэзісаў, у якіх крытыкаваў злоўжываньні каталіцкай царквы, перадусім гандаль індульгенцыямі. Паводле паданьня, Лютэр прыбіў тэзісы да дзьвярэй замкавай царквы. Гэта стала пачаткам Рэфармацыі, якая прывяла да ўзьнікненьня пратэстанцкіх цэркваў і зьмяніла жыцьцё Эўропы, у тым ліку беларускіх земляў. 31 кастрычніка адзначаецца Дзень Рэфармацыі.
Марцін Лютэр, карціна Люкаса Кранаха
1831 — у Расейскай імпэрыі прыняты закон пра аднадворцаў (19 кастрычніка паводле старога стылю). Помста расейскай адміністрацыі беларускай шляхце за паўстаньне 1831 году. Шляхту, якая ня здолела пацьвердзіць свой дваранскі статус паводле расейскіх правілаў, пазбавілі зямельнае ўласнасьці і станавых адзнакаў. Яшчэ праз трыццаць гадоў, пасьля чарговага паўстаньня, аднадворцаў прыраўняюць да сялянаў і гараджанаў.
1905 — у Менску адбылася трагедыя, якая ўвайшла ў падручнікі пад назваю «Курлоўскі расстрэл». У гэты дзень каля чыгуначнага вакзалу, які тады называўся Віленскім, сабраўся 20-тысячны мітынг менчукоў, якія выступалі супраць манархіі, за дэмакратычную рэспубліку і патрабавалі вызваленьня палітвязьняў. На загад губэрнатара Паўла Курлова супраць дэманстрантаў былі кінутыя паліцыя і войска. Пачалася страляніна, у выніку якой 100 чалавек былі забітыя і каля 300 параненыя.
Мітынг перад сядзібай губэрнатара, неўзабаве войскі адкрыюць агонь па ўдзельніках маніфэстацыі (Курлоўскі расстрэл). Менск, 31 кастрычніка 1905
1947 — у Мюнхэне на беларускай мове пачала выходзіць газэта «Бацькаўшчына» (выдавалася да 1966 году).
1961 — цела Ёсіфа Сталіна позна ўвечары цішком вынесьлі з маўзалею на Краснай плошчы Масквы і пахавалі ў загадзя выкапанай магіле каля Крамлёўскай сьцяны.
Сьвяткаваньне гадавіны кастрычніцкай рэвалюцыі, 1958 год. У маўзалеі яшчэ ляжаць і Ленін, і Сталін
2008 — нехта пад псэўданімам Сатосі Накамота апублікаваў дакумэнт з прынцыпамі працы дэцэнтралізаванай электроннай грашовай сыстэмы бяз банкаў. Гэта стала пачаткам гісторыі біткоіна — першай крыптавалюты.
У гэты дзень нарадзіліся
1675 — Уладзіслаў Дзягілевіч, архітэктар, езуіт.
1910 — Леанід Галяк, беларускі юрыст, журналіст, грамадзкі дзеяч эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША, першы рэдактар амэрыканскай газэты «Беларус».
1912 — Юльян Пшыркоў, беларускі літаратуразнаўца, крытык, доктар філялягічных навук, прафэсар. Аўтар першай манаграфіі пра жыцьцё і творчасьць Якуба Коласа.
1930 — Леў Гумілеўскі, скульптар, народны мастак Беларусі, аўтар і суаўтар шматлікіх помнікаў беларускім гістарычным і культурным дзеячам, у тым ліку Янку Купалу, Францішку Багушэвічу і Кірылу Тураўскаму.
1934 — Тадэвуш Кокштыс, народны артыст Беларусі, актор тэатру імя Якуба Коласа.
1950 — Заха Хадыд, брытанская архітэктарка ірацкага паходжаньня, адна з найбольш уплывовых постацяў сучаснай архітэктуры. У 2004 годзе стала першай жанчынай, якая атрымала Прытцкераўскую архітэктурную прэмію.
Заха Хадыд каля свайго праекту — мастацкай галерэі ў Лёндане, 25 верасьня 2013 году
У памяці
1926 — Гары Гудзіні, амэрыканскі ілюзіяніст вугорскага паходжаньня, адзін з найвядомейшых артыстаў свайго часу. Праславіўся небясьпечнымі трукамі з вызваленьнем з кайданоў, замкнёных скрыняў і падводных пастак.
Гары Гудзіні рыхтуецца да труку «вызваленьне з затопленай скрыні», 1912 год
1929 — Эліяху Алеві Файнштайн, выбітны беларускі рабін.
1932 — Кіпрыян Кандратовіч, расейскі і беларускі вайсковы дзяяч, генэрал, сябра Народнага Сакратарыяту БНР.
Кіпрыян Кандратовіч
1937 — Антон Баліцкі, дзяржаўны дзеяч, адзін з актыўных праваднікоў палітыкі беларусізацыі ў БССР, расстраляны НКВД. У 1930 годзе быў арыштаваны паводле сфабрыкаванай справы «Саюза вызваленьня Беларусі» і асуджаны на дзесяць гадоў лягераў. У кастрычніку 1937 году паўторна асуджаны да сьмяротнага пакараньня і расстраляны ў Менску.
1992 — Міхась Ткачоў, беларускага археоляг і гісторык архітэктуры, палітычны дзеяч. У 1986 годзе Ткачоў далучыўся да заснаванага ў Горадні гісторыка-культурнага клюбу «Паходня» і стаў адным зь ягоных кіраўнікоў. Уваходзіў у Аргкамітэт БНФ, выступаў за аднаўленьне сацыял-дэмакратыі ў Беларусі. У сакавіку 1991 году быў абраны першым старшынём Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады. Як гісторык Міхась Ткачоў першым у беларускай гістарыяграфіі прасачыў эвалюцыю замкаў і арганізацыю абароны беларускіх гарадоў.
Міхась Ткачоў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Вучыў беларускай гісторыі Высоцкага. 15 фактаў пра Міхася Ткачова1993 — Фэдэрыка Фэліні, выбітны італьянскі рэжысэр. Ляўрэат пяці прэміяў «Оскар», у тым ліку ганаровай — за ўнёсак у кінэматограф.
Фэдэрыка Фэліні, 1965
1996 — Віктар Тураў, беларускі кінарэжысэр. Сярод прац Турава — экранізацыя раманаў Івана Мележа «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы», фільм «Шляхціц Завальня» паводле творчасьці Яна Баршчэўскага.
Віктар Тураў
2013 — Аляксей Кузьміч, беларускі мастак-жывапісец, вядомы перадусім шматлікімі палотнамі з вобразамі Мадонны, жанчыны і маці.