«Тэрміны былі пасунутыя на два дні раней за заплянаванае, каб гарантаваць бясьпеку цывільных асобаў і палегчыць дастаўку крытычна важнай гуманітарнай дапамогі. Геаграфічная зона замірэньня пашыраная за межы Алешак у Херсонскай вобласьці, каб гарантаваць бясьпечны праезд гуманітарных канвояў», — напісала жонка прэзыдэнта ЗША ў сетцы X, дадаўшы, што гэта ёй пацьвердзіў начальнік расейскага Генштабу генэрал Валеры Герасімаў.
Мэланія Трамп не ўдакладніла, на які раён распаўсюджваецца спыненьне агню, але крыніцы Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа ў Белым доме і офісе ўкраінскага амбудсмэна пацьвердзілі, што гаворка ідзе пра ўсю Херсонскую вобласьць.
Украіна і Расея паводле стану на 17:30 27 кастрычніка выконваюць дамоўленасьці наконт рэжымы цішыні «на вызначаных тэрыторыях, зьвязаных з правядзеньнем гуманітарнай місіі», паведаміў у фэйсбуку упаўнаважаны Вярхоўнай Рады ў правах чалавека Дзьмітро Лубінец.
«Рэжым цішыні працягнецца да 22:59 1 лістапада. Ніводнага парушэньня рэжыму спыненьня агню не зафіксавана з абодвух бакоў. Гуманітарную місію мы праводзім сумесна з упаўнаважанай у правах чалавека ў Расейскай Фэдэрацыі Янай Лантратавай пры пасярэдніцтве і каардынацыі першай лэдзі ЗША Мэланіі Трамп. Спадзяюся, што і надалей усё будзе адбывацца паводле ўзгодненага пляну і нам удасца дапамагчы цывільным грамадзянам, якія так чакаюць дапамогі ў Алешках», — напісаў украінскі амбудсмэн у фэйсбуку.
Рэжым цішыні пачаў дзейнічаць з 3-й гадзіны раніцы беларускага часу і працягнецца да 23:59 1 лістапада, вынікае з заявы кіраўніка фракцыі «Слуга народу» Давіда Арахаміі.
Дзьмітро Лубінец удакладніў, што 29 кастрычніка павінна пачацца гуманітарная місія — дастаўка гуманітарнай дапамогі ў Алешкі, аднаўленьне магчымасьці свабоднага перамяшчэньня цывільнага насельніцтва, якое жадае выехаць з Алешак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Апошні раз прадукты дастаўлялі ў траўні. Рада Эўропы заклікала спыніць агонь у Алешках праз гуманітарны крызісБлякада Алешак
Алешкі трапілі пад расейскую акупацыю ўжо ў першыя дні поўнамаштабнага ўварваньня. Горад месьціцца на левым беразе Дняпра, і цяпер гэта натуральная мяжа паміж свабоднай і акупаванай часткамі Херсонскай вобласьці.
Паводле Херсонскай абласной вайсковай адміністрацыі, у Алешках застаюцца каля 2 тысяч чалавек, у тым ліку амаль 50 дзяцей. Адміністрацыя гаворыць, што расейскія войскі перашкаджаюць дастаўцы дапамогі і фактычна пазбаўляюць жыхароў магчымасьці пакінуць горад.
Там ад пачатку акупацыі няма электрычнасьці, газу, а пасьля падрыву Кахоўскай ГЭС — і пітной вады. Эвакуавацца немагчыма: дарогі замінаваныя.
Спроба міжнародных арганізацыяў дамовіцца з расейскімі ўладамі пра эвакуацыю цывільных жыхароў дагэтуль не давала вынікаў.