«Беларуськалій» дабіваўся пераносу арбітражнага працэсу супраць Літвы ў ААЭ ці Сынгапур, але суд адмовіў

Ілюстрацыйнае фота

Беларускі вытворца калійных угнаеньняў «Беларуськалій» прапанаваў перанесьці арбітражны працэс супраць Літвы ў нэўтральную краіну, не зьвязаную з Эўрапейскім Зьвязам, які працягвае накладаць санкцыі на Рэспубліку Беларусь.

Першапачаткова «Беларуськалій» настойваў на разглядзе свайго пазову ў Пастаянным арбітражным судзе ў Швайцарыі (Permanent Court of Arbitration, PCA), але пасьля далучэньня Швайцарыі да санкцыяў Эўразьвязу гэтая краіна, паводле «Беларуськалію», перастала быць нэўтральнай.

Сярод патэнцыйных месцаў беларускі пазоўнік называў як «найбольш прыдатныя варыянты нэўтральных месцаў» Дубайскі міжнародны фінансавы цэнтар (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты) або Сынгапур. Адначасова «Беларуськалій» гатовы быў пагадзіцца на якое-хаця іншае месца па-за межамі Эўразьвязу, але «на дастатковай адлегласьці ад сыстэмы санкцыяў ЭЗ».

Літва выступіла супраць такога пераносу. У сваім адказе Вільня адзначыла, што зьмена месца арбітражу магчымая толькі ў выключных абставінах — калі «разгляд справы ў першапачаткова вызначаным месцы становіцца немагчымым». Літоўскі бок таксама зьвярнуў увагу, што Беларусь прапанавала Швайцарыю як месца для арбітражу ўжо пасьля таго, як тая далучылася да санкцыяў ЭЗ.

Аднак арбітраж не прызнаў юрыдычна абгрунтаванымі аргумэнты беларускага боку і адмовіў у задаволеньні такой заявы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Стала вядома, колькі «Беларуськалій» патрабуе ад Літвы за спыненьне транзыту сваёй прадукцыі

Літва заявіла аб росьце выдаткаў на арбітраж

Міністэрства фінансаў Літвы прапанавала ўраду вылучыць дадаткова 691 тысячу эўра на міжнародныя арбітражныя суды Літвы зь беларускім вытворцам калійных угнаеньняў «Беларуськалій» і швайцарскай кампаніяй Hasenberg, якую кантралюе грамадзянін Літвы Ігар Удавіцкі. Рашэньне ў гэтым пытаньні літоўскі ўрад можа ўхваліць 28 кастрычніка.

Як паведаміла выданьне LRT, з 2023 году Літва ўжо вылучыла 4,93 мільёна эўра на аплату паслуг адвакатаў у гэтых справах.

Беларускі бок не публікуе інфармацыю аб сваіх выдатках на арбітражны працэс. З паведамленьняў суду вядома было, што для пачатку разгляду пазову Беларусь мусіла заплаціць 300 тысяч эўра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сталі вядомыя дэталі працэсу «Беларуськалію» супраць Літвы, які прыпынялі, бо Менск ня мог заплаціць арбітражу

Што папярэднічала

Пастаянны арбітражны суд у Швайцарыі прыняў пазоў «Беларуськалію» 17 кастрычніка 2023 году і прапанаваў кожнаму боку працэсу ўнесьці аванс 300 тысяч эўра для пачатку разгляду.

Аднак у чэрвені 2024 году «Беларуськалій» зьвярнуўся ў арбітраж па прыпыненьне працэсу празь немагчымасьць аплаціць аванс, бо рахункі заблякаваныя. На той момант Міністэрства фінансаў Нідэрляндаў не дало дазволу ажыцьцявіць такі плацеж, і суд спыніў працэс. Пазьней працэс аднавілі, але якім чынам аплацілі першыя расходы — невядома. «Беларуськалій» хоча спагнаць зь Літвы за спыненьне транзыту ўгнаеньняў 12 мільярдаў 90 мільёнаў 167 тысяч 971 даляр у якасьці кампэнсацыі нанесенай шкоды.

На пачатку 2025 году стала вядома, што кампанія Hasenberg, часткаю акцыяў якой валодае грамадзянін Літвы Ігар Удавіцкі, зьвярнулася ў міжнародны арбітраж супраць Літвы па кампэнсацыю шкоды, нанесенай у выніку санкцыяў супраць прадпрыемства «Беларуськалій». Кампанія ацаніла свае страты ў 15 мільярдаў эўра, якія патрабуе ад літоўскага ўраду ў судзе.

Кампанія Hasenberg з рэгістрацыяй у Швайцарыі валодае 65% акцыяў клайпедзкага тэрміналу насыпных грузаў Birių krovinių terminalas (BKT), яшчэ 5% належаць Ігару Ўдавіцкаму, а 30% — «Беларуськалію».

Ігар Удавіцкі таксама бэнэфіцыяр зарэгістраванай у Латвіі кампаніі Fortis Asset Management, якая валодае 100% акцыяў кампаніі Hasenberg.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кампанія – перавозчык беларускіх угнаеньняў падала на Літву ў міжнародны арбітраж


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Вынікі тыдня з Карбалевічам: Навошта Лукашэнка прыляцеў у Дубай. Ператрусы па ўсёй Беларусі. ВІДЭА


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Віктар Лукашэнка карыстаецца джыпамі, прывезенымі з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў у 2019 годзе