Беларускі бізнэс і прадпрыемствы яшчэ цягам году змогуць увозіць валютную гатоўку «ў валізках»

Ілюстрацыйнае фота

Урад супольна з Нацыянальным банкам Беларусі яшчэ на адзін год прадоўжылі дзеяньне нормы, што дазваляе прадпрыемствам выкарыстоўваць валютную гатоўку ў замежнагандлёвых экспартна-імпартных апэрацыях.

Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастанове, норма, уведзеная ў 2022 годзе, будзе дзейнічаць да 31 сьнежня 2027 году.

Што папярэднічала

Увядзеньне нормы, якая дазваляе атрымліваць гатоўку ў далярах, эўра, юанях і іншай валюце пры ажыцьцяўленьні экспарту ўвялі ў 2022 годзе, калі супраць Беларусі і Расеі пачалі ўводзіць жорсткія санкцыі і абмежаваньні на міжнародныя банкаўскія пераводы ў адказ на расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну, у тым ліку і з тэрыторыі Беларусі.

Аднак пасьля атрыманьня гатоўкі прадпрыемствы павінны яе ўносіць на свае рахункі ў банках Беларусі цягам працоўнага дня, наступнага пасьля яе атрыманьня або ўвозу на тэрыторыю Беларусі. Такім чынам фактычна ўзаконілі магчымасьць увозу наяўнай валюты «ў валізках».

У выкіку беларускія прадпрыемствы змаглі захаваць гандлёвыя сувязі, унікнуць вялікіх штрафаў за выкарыстаньне валютнай гатоўкі ў вялікіх аб’ёмах і абыходзіць санкцыі.

У 2025 годзе гэтую норму распаўсюдзілі таксама на імпартныя апэрацыі, каб прадпрыемствы маглі набываць неабходную сыравіну ва ўмовах адключэньня банкаў ад сыстэмы SWIFT.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Банкі, кіраўнік «Белнафтахіму», холдынг «Гарызонт». Хто трапіў у 19-ы пакет санкцый Эўразьвязу супраць Беларусі