Уладальнікі электрамабіляў налета будуць плаціць падатак

Ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве падаткаў і збораў пацьвердзілі, што з 2027 году будуць спаганяць новы падатак.

Уладальнікам электрамабіляў у Беларусі ў 2027 годзе прыйдуць апавяшчэньні пра аплату транспартнага падатку. Аб гэтым піша myfin.by са слоў міністра падаткаў і збораў Дзьмітрыя Кійко.

Ільгота для электрамабіляў перастала дзейнічаць з 2026 году, таму зараз такія машыны будуць абкладацца падаткам па стандартных стаўках.

Міністар Кійко растлумачыў, што транспартны падатак у Беларусі ідзе на дарожнае будаўніцтва. Таму «настаў час зраўнаць усіх у абавязках, удзельнічаць у фінансаваньні такога віду дзяржаўных выдаткаў».

Электрамабілі ў Беларусі былі цалкам вызваленыя ад транспартнага падатку з 1 студзеня 2021 году па 31 сьнежня 2025 году. Пачынаючы з гэтага года падатак налічваецца па агульных стаўках у залежнасьці ад масы машыны.

Напрыклад, для электрамабіляў да 1,5 тоны стаўка на 2026 год складае 75 рублёў, ад 1,5--1,75 тоны — 99 рублёў.

У Беларусі па-ранейшаму вызваленыя ад выплаты ПДВ фізычныя асобы пры ўвозе электрамабіляў для асабістага карыстаньня — гэтую льготу працягнулі да 31 сьнежня 2028 году. Яна тычыцца электрамабіляў не старэйшых за 5 гадоў, апрача гібрыдаў.

Таксама электрамабілям усё яшчэ дазволена перамяшчацца па палосах для грамадзкага транспарту і захоўваецца нулявая мытная пошліна на ўвоз электрамабіляў у Беларусь у рамках квотаў. На гэты год гранічная лічба ўжо вычарпаная, і зараз пры ўвозе электрамабілю трэба плаціць стандартныя 15%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Менску да 2030 году будзе звыш 5 тысяч зарадак для электрамабіляў

Што гэта значыць?

Увядзеньне падатку, магчыма, яшчэ больш ускладніць распаўсюд электрамабіляў у Беларусі. Але спыненьне ранейшай ільготы не адзіная прычына, чаму пашырэньне гэтага віду асабістага транспарту ідзе ў краіне павольна.

Беларусь у пашырэньні электрамабіляў адстае ад эўрапейскіх краін яшчэ й таму, бо ў яе мала зарадных станцыяў. Як паведаміла прэс-служба Беларускай АЭС, летась у Беларусі было зарэгістравана 44 тысячы электрамабіляў і 1870 зарадных станцыяў.

Станцыяў бракуе асабліва ў рэгіёнах і на трасах, таму інфраструктурныя абмежаваньні тармозяць разьвіцьцё электратранспарту. На адну зарадную станцыю прыпадае 23,5 аўтамабіля.

Беларусі выгадна разьвіваць электрычны транспарт, які спрыяе абароне прыроднага асяродзьдзя, незалежнасьці ад імпартнага паліва, эканоміі рэсурсаў.

Але ў шэрагу беларускіх эканамістаў, як дзяржаўных, гэтак і незалежных, ёсьць думка, што Расея не зацікаўленая ў разьвіцьці электратранспарту ў краінах ЭАЭС, дзе яна мае значны ўплыў, бо гэта падрывае яе вытворчасьць аўтамабіляў з бэнзінавымі рухавікамі і зьніжае агульную патрэбу беларускіх кіроўцаў у расейскім паліве.

Эўразійскі міжурадавы савет, куды ўваходзяць кіраўнікі ўрадаў краін ЭАЭС, уводзіць квоты на бязмытны імпарт электрамабіляў. Гэта наступствы вялікага ўплыву Расеі і яе галоўнай ролі ў арганізацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міністэрства фінансаў Беларусі прапануе падвысіць падаткі і акцызы на наступны год