Дзейны прэзыдэнт Бразыліі ў чацьвёрты раз перамог на выбарах

Лула выступае пасьля перамогі

Лула пойдзе на 4-ы тэрмін у сваёй палітычнай дзейнасьці, акрамя таго, ён становіцца адным з найбольш старых кіраўнікоў краін у сьвеце.

Луіс Інасіу Лула да Сілва, або папросту Лула неспадзявана перамог у другім туры прэзыдэнцкіх выбараў у Бразіліі.

Паводле афіцыйных вынікаў, ён набраў 51,8% галасоў супраць 48,2% у Флавію Балсанару. Агулам Лула атрымаў прыкладна на 4,4 мільёна галасоў больш.

Бразільскі сэнатар правага толку Флавію Балсанару адмовіўся прызнаць паразу.

Балсанару, сын былога прэзыдэнта Жаіра Балсанару, паставіў пад сумнеў рашэньне судзьдзі Вярхоўнага суду, прызначанага непасрэдна Лулам, прынятае позна ўвечары ў дзень выбараў. Гэтае рашэньне прадугледжвала падаўжэньне часу галасаваньня на 2 гадзіны з прычыны паведамленьняў пра парушэньні пры транспартаваньні выбарцаў.

Сэнатар заявіў, што будзе дамагацца ануляваньня вынікаў выбараў.

«Прызнаць вынікі выбараў немагчыма, улічваючы абставіны, пры якіх усё адбывалася», — сказаў Балсанару журналістам.

Інвэстары адрэагавалі на перамогу Лулы нэрвова, адзначае Reuters. Бразыльскія актывы рэзка патаньнелі, рынкі пераглядалі свае прагнозы адносна фінансава-эканамічнай сытуацыі ў краіне пры Лулу.

Пазыцыю Балсанару ў справе аспрэчваньня вынікаў выбараў аслабляе той факт, што ягоны выбарчы штаб таксама прасіў падоўжыць час галасаваньня — праўда, з іншай прычыны — моцных дажджоў у паўднёвых рэгіёнах, дзе традыцыйна моцныя пазыцыі кансэрватараў.

Магчымыя пратэсты

На думку назіральнікаў, адмова Балсанару прызнаць паразу можа справакаваць хвалю пратэстаў у краіне, дзе ў апошнія гады пахіснуўся давер як да выбарчай сыстэмы, так і да незалежнасьці судовай улады. Прадстаўнікі правых сілаў вінавацяць суды ў тым, што яны неаб’ектыўныя, і гавораць пра тое, што ў судах пастановы прымаюць «сябры Лулы».

Пасьля выбараў 2022 году Жаір Балсанару таксама, як і цяпер ягоны сын, адмовіўся прызнаць паразу. Ягоныя прыхільнікі штурмавалі ўрадавыя будынкі, пратэстуючы супраць вынікаў галасаваньня. Пазьней Балсанару асудзілі на 27 гадоў зьняволеньня за падрыхтоўку дзяржаўнага перавароту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Экс-прэзыдэнта Бразыліі Балсанару пакаралі на 27 гадоў турмы

Выступ Лулы

Выступаючы ў адным з гатэляў Сан-Паўлу пасьля абвяшчэньня папярэдніх вынікаў, Лула заняў прымірэнчую пазыцыю.

«Я ня буду казаць пра нацыянальнае адзінства, бо гэта не заўсёды адпавядае рэаліям нашай краіны. Ніхто не абавязаны сымпатызаваць абранаму прэзыдэнту, але ён пастаўлены на гэтую пасаду, каб кіраваць дзеля ўсіх», — заявіў Лула.

Лула, якому неўзабаве споўніцца 81 год, насуперак прагнозам перамог Балсанару — сэнатара і сына былога прэзыдэнта Жаіра Балсанару, — і забясьпечыў сабе беспрэцэдэнтны чацьвёрты тэрмін.

У Бразыліі з 1989 году — калі пасьля завяршэньня вайсковай дыктатуры ўпершыню прайшлі простыя выбары — ніводны кандыдат, які саступаў у першым туры, ня быў здольны перамагчы ў другім. Лула стаў першым такім дзеячам.

Але перад Лулам стаіць шмат цяжкіх задач. Найперш, забясьпечыць эканамічны рост у краіне, дзе вялікія праблемы зь беднасьцю і беспрацоўем. Пытаньне, ці павераць у Лулу інвэстары.

Акрамя таго, Лулу давядзецца працаваць з варожым яму Кангрэсам, дзе дамінуюць правыя сілы.

Адзін з найбольш старых кіраўнікоў сьвету

Лулу ў кастрычніку споўніцца 81 год, толькі на некалькі месяцаў маладзейшы за яго прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, піша AFP.

Таксама людзі, якім за 80 гадоў, прэзыдэнты ў такіх краінах як: Малаві, Італія, Кот д’Івуар, Нікарагуа, Экватарыяльная Гвінэя, Зымбабвэ, Конга, Уганда, Эрытрэя, Альжыр і Лаос.

Ладная частка гэтых палітыкаў мае неабмежаваную ўладу, а дзяржавы пад іхным кіраваньнем звычайна маюць аўтарытарны лад.

Узначальвае пералік найстарэйшых палітыкаў на пасадзе прэзыдэнта 93-гадовы Поль Бія. Камэрун пад ягонай уладай таксама вінавацяць у адсутнасьці дэмакратыі, у прывтнасьці свабодных выбараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сэрбія, Баўгарыя і Бразылія выбіраюць уладу: што залежыць ад вынікаў галасаваньня