На Вушаччыне зьнікла чырванакніжная драпежная птушка. Што вядома

Скапа — драпежная птушка з Чырвонай кнігі Беларусі.

У Беларусі іх налічвалася менш за 200 параў.

Вушацкі раённы выканаўчы камітэт скасаваў дзеяньне спэцыяльнага ахоўнага рэжыму ў Вялікадолецкім лясніцтве, на тэрыторыі якога ў двух месцах гнязьдзілася скапа — вельмі рэдкая драпежная птушка, унесеная ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Як вынікае з апублікаванага на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі рашэньня, ахоўны рэжым скасавалі «ў сувязі з выяўленьнем факту зьнікненьня месца расьсяленьня дзікай жывёлы», унесенай у Чырвоную кнігу Беларусі.

Раней было зафіксавана, што ў Вушацкім раёне скапа гнязьдзілася на дзьвюх пляцоўках дастаткова вялікай плошчы — 123,3 і 111,6 гектара.

Згодна з інфармацыяй навукоўцаў, скапа — рэдкая пералётная птушка, якая гняздуецца пераважна ў беларускім Паазер’і. Навукоўцы налічвалі ад 150 да 180 параў гэтых драпежных птушак у Бярэзінскім біясфэрным запаведніку, а таксама ў ляндшафтным заказьніку «Чырвоны бор» у Віцебскай вобласьці. Навукоўцы адзначаюць, што асноўная пагроза для гэтых птушак — моцныя залевы і вятры, у выніку якіх гнёзды могуць падаць і разьбівацца. У сувязі з гэтым яны рэкамэндавалі будаваць устойлівыя штучныя канструкцыі, на якіх птушкі маглі б віць свае гнёзды.

Адначасова Вушацкі райвыканкам скасаваў спэцыяльны рэжым аховы біятопаў «Заходняя тайга», выяўленых каля вёсак Замошша і Навасельле. Як адзначаецца ў рашэньні, у сувязі «зь незваротнай трансфармацыяй».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі на адзін помнік прыроды стала менш: улады канстатавалі «страту каштоўнага аб’екту»

Чаму гэта важна

Апошнім часам у Беларусі назіраецца тэндэнцыя пераўтвараць заказьнікі агульнадзяржаўнага значэньня ў мясцовыя і ўвогуле спыняць функцыянаваньне помнікаў прыроды.

Гэта можа быць зьвязана з кліматычнымі зьменамі (усё часьцей адбываюцца засухі, паводкі і гэтак далей), зьменай графікаў міграцыі праз вайну і зь неабходнасьцю прамысловай дзейнасьці ў лясах і вадаёмах.

У Чырвоную кнігу Беларусі ўваходзяць 213 відаў дзікіх жывёлаў і 310 расьлінаў. Да апошніх зьменаў у ёй статус ахоўных мелі 202 віды жывёлаў і 303 расьліны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дыктатура і БелАЭС. Як улады ў Беларусі шкодзяць людзям і прыродзе праз атамную станцыюУлады зьменшылі плошчу яшчэ аднаго біялягічнага заказьніка. Цяпер у Берасьцейскай вобласьціУ Белавескай пушчы забаранілі паляваньне на ваўка да 2027 году і згадалі аб дэнансаванай Бэрнскай канвэнцыі