Швайцарскі суд прызнаў экс-байца САХР Гараўскага вінаватым у выкраданні Анатоля Красоўскага 27 год назад

Перад абвяшчэньнем прысуду Юрыю Гараўскаму ў Швайцарыі

Суд швайцарскага кантону Санкт-Гален 26 кастрычніка прызнаў былога байца беларускага САХРа Юрыя Гараўскага вінаватым у выкраданні бізнэсоўца Анатоля Красоўскага і прысудзіў яму два гады пазбаўленьня волі ўмоўна, паведамляе «Новы час».

Пры гэтым суд апраўдаў Гараўскага ў абвінавачаньні, зьвязаным са зьнікненьнем Юрыя Захаранкі. Суд улічыў, што Гараўскі, паводле ягоных паказаньняў, ня ведаў пра сапраўдную мэту выкраданьня і меркаваў, што Захаранку адвязуць у лес, напалохаюць і вярнуць назад. Суд не прызнаў даказаным неабходны злачынны намер у гэтым эпізодзе.

7 траўня 1999 году ў Менску бясьсьледна зьнік былы міністар унутраных справаў Беларусі, апазыцыйны палітык Юры Захаранка. Паводле сьведчаньняў былых супрацоўнікаў беларускіх сілавых структураў, яго выкралі і забілі прадстаўнікі спэцпадразьдзелу МУС. У магчымай арганізацыі выкраданьня падазравалі тагачаснага сакратара Рады бясьпекі Віктара Шэймана, а ў датычнасьці да злачынства таксама фігуравалі імёны Юрыя Сівакова і Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

16 верасьня 1999 году ў Менску бясьсьледна зьніклі былы старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі, апазыцыйны палітык Віктар Ганчар і ягоны сябра, бізнэсовец Анатоль Красоўскі. Пазьней на месцы меркаванага выкраданьня знайшлі сьляды крыві Ганчара і аскепкі аўтамабіля. У датычнасьці да іх зьнікненьня падазравалі высокапастаўленых прадстаўнікоў беларускіх уладаў: Віктара Шэймана, Юрыя Сівакова, Уладзімера Навумава і камандзіра спэцпадразьдзелу МУС Дзьмітрыя Паўлічэнку.

Сёньняшняе рашэньне суду — вынік разгляду апэляцыі сваякоў ахвяраў сумесна з праваабарончымі арганізацыямі «Вясна», Trial International і Міжнароднай фэдэрацыяй за правы чалавека (FIDH) на першае рашэньне суду швайцарскага гораду Роршах, які прызнаў Юрыя Гараўскага невінаватым, бо не было пададзена дастаткова доказаў яго віны.

Партрэты Віктара Ганчара (зьлева) і Анатоля Красоўскага на акцыі пратэсту ў Менску. Архіўнае фота

Разгляд апэляцыі адбыўся 22 верасьня ў судзе швайцарскага кантону Санкт-Гален. У залі суду былі Юры Гараўскі, а таксама Алена Захаранка, Ірына і Валерыя Красоўскія. Іх інтарэсы прадстаўляў адвакат Сэвэрын Вальц.

«Упершыню за 27 год канкрэтная асоба абвінавачаная ў выкраданьні і забойстве майго бацькі, — сказала ў камэнтары Свабодзе Валерыя Красоўская, дачка зьніклага бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. — Ня кожны можа ўявіць, што такое чакаць 27 год. Але гэта (Гараўскі. — РС) толькі адзін са шматлікіх злачынцаў, не галоўны злачынца. Таму ў мяне няма адчуваньня, што ў гісторыі майго бацькі пастаўленая кропка. Таксама разумею, што Алена Захаранка мае іншыя пачуцьці, чым я сёньня. Вельмі дзіўна і шкада, што ў нас зь ёй сёньня розныя пачуцьці».

На пасяджэньні 22 верасьня Гараўскі пацьвердзіў, што загад на ліквідацыю Захаранкі й іншых яны ў САХРы атрымалі ад Юрыя Сівакова (былы міністар унутраных справаў Беларусі) і Дзьмітрыя Паўлічэнкі (былы кіраўнік вайсковай часткі Ўнутраных войскаў), а тыя атрымалі вуснае ўказаньне ад Віктара Шэймана (былы сакратар Савету Бясьпекі) і Аляксандра Лукашэнкі. Гараўскі прызнаў, што ўсё гэта было ў вуснай форме. Пасьля Гараўскі адмовіўся адказваць на пытаньні адваката пацярпелых і іншых удзельнікаў працэсу.

Падчас допыту Юрыя Гараўскага судзьдзя папрасіў яго апісаць сваю вайсковую кар’еру. І той прызнаў, што ўдзельнічаў у стварэньні САХРу, а пасьля дадаў: «7 траўня мы затрымалі Захаранку і зьліквідавалі яго. Таксама быў зьліквідаваны Красоўскі. Больш я нічога з гэтай нагоды казаць ня буду».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Суд у Швайцарыі разгледзеў скаргу сваякоў зьніклых Захаранкі і Красоўскага на апраўданьне экс-байца САХР Гараўскага

Што папярэднічала

У верасьні 2023 году суд швайцарскага гораду Роршах разгледзеў справу аб гвалтоўным зьнікненьні ў Беларусі апазыцыйных палітыкаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і бізнэсмэна Анатоля Красоўскага.

Абвінавачаным быў Юры Гараўскі — былы баец беларускага САХРу, які ўцёк у Швайцарыю, дзе публічна прызнаўся, што ўдзельнічаў у выкраданьні зьніклых палітыкаў у траўні і верасьні 1999 году.

Справу разглядалі ў рамках унівэрсальнай юрысдыкцыі, бо гвалтоўнае зьнікненьне клясыфікуецца як злачынства супраць чалавечнасьці. У выніку суд прызнаў Гараўскага невінаватым, бо не было пададзена дастаткова доказаў яго віны. Апэляцыю на прысуд падалі сваякі ахвяраў сумесна з праваабарончымі арганізацыямі «Вясна», Trial International і Міжнароднай фэдэрацыяй за правы чалавека (FIDH).

Гараўскі папрасіў палітычнага прытулку ў Швайцарыі ў 2018 годзе. Пазьней ён зьвязаўся з журналістамі DW і расказаў, што ў 1999 годзе ўдзельнічаў у выкраданьні і забойстве палітычных апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі — Юр’я Захаранкі і Віктара Ганчара. Справу супраць Гараўскага ініцыявалі праваабаронцы з Trial International. У пракуратуру кантону Санкт-Гален, дзе жыў экс-баец САХР, было пададзена адразу тры пазовы — ад Алены Захаранкі, дачкі зьніклага экс-кіраўніка МУС Беларусі, Валерыі Красоўскай, дачкі зьніклага бізнэсмэна, а таксама ад Trial International і яе партнэраў FIDH і «Вясны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Памёр былы камандзір САХР Уладзімер Буцько, які, імаверна, удзельнічаў у выкраданьні апанэнтаў Лукашэнкі

Што трэба ведаць пра справу Гараўскага

  • У 2019 годзе былы баец спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня (САХР) Юры Гараўскі даў нямецкай тэлекампаніі DW сэнсацыйныя паказаньні, заявіўшы, што ўваходзіў у спэцыяльны падразьдзел САХР МУС Беларусі, які мае дачыненьне да зьнікненьняў апанэнтаў улады і, паводле яго, расстраляў трох чалавек: Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Юрыя Захаранку. Паводле экс-супрацоўніка МУС, які эміграваў зь Беларусі, ён уваходзіў у склад групы спэцназаўцаў, якая мае дачыненьне да зьнікненьняў апанэнтаў улады. Гараўскі заявіў, што ўсіх трох забіў зь пісталета асабіста Дзьмітры Паўлічэнка. Паводле яго, целы Ганчара і Красоўскага закапалі на базе МУС пад Бягомлем у Віцебскай вобласьці, а цела Захаранкі спалілі ў крэматорыі менскіх Паўночных могілак.
  • Пасьля інтэрвію Гараўскага праваабаронцы дамагліся завядзеньня на яго крымінальнай справы. Сьледзтва вялі ў Швайцарыі, дзе экс-баец САХР папрасіў палітычнага прытулку. Яго абвінавацілі ў «датычнасьці да шматлікіх зьнікненьняў» (мясцовае заканадаўства не дазволіла абвінаваціць яго ў забойствах ці саўдзеле ў іх, бо злачынствы ўчыненыя на тэрыторыі Беларусі).
  • 28 верасьня 2023 году акруговы суд у Санкт-Галене (судзьдзя Оляф Гумбэль) апраўдаў Гараўскага ў гэтай справе, паставіўшы паказаньні экс-байца САХР пад сумнеў і палічыўшы іх недастатковымі для прызнаньня яго вінаватым паводле выстаўленага абвінавачаньня. У тлумачэньні прысуду судзьдзя заявіў, што гэта асаблівы выпадак у судовай практыцы, бо ў ім «замяшаная ўлада, і яна адказная за гвалтоўныя злачынствы». Суд прыйшоў да высновы, што Юры Гараўскі, магчыма, служыў у САХР, але ягоная роля ў выкраданьнях застаецца няяснай.
  • Юрыя Гараўскага судзілі ў межах унівэрсальнай юрысдыкцыі, згодна зь якой цяжкае злачынства, учыненае ў адной краіне, можа стаць аб’ектам расьсьледаваньня ў іншай краіне. Швайцарскае заканадаўства не дазваляе прыцягнуць Гараўскага да адказнасьці паводле больш сур’ёзнага крымінальнага артыкулу — за забойствы ці саўдзел у іх, бо імаверныя расправы над апанэнтамі рэжыму адбываліся на тэрыторыі Беларусі. Таму судзілі экс-сілавіка за датычнасьць да «шматлікіх зьнікненьняў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Што вядома пра гвалтоўныя зьнікненьні апанэнтаў Лукашэнкі