У Беларусі знайшлі зьніклы раней від — хахулю

Хахуля раней была ў Беларусі на марках

Гэты від жывёлаў жыве на Зямлі каля 8 мільёнаў гадоў. Знаходка ўнікальная, і яе ўжо можна назваць адной з галоўных навінаў году ў беларускім прыродазнаўстве.

У Беларусі хахулю даўно прылічылі да зьніклых відаў. У 1993 годзе яе афіцыйна выключылі з Чырвонай кнігі, бо абараняць ужо не было каго — від зьнік, асобінаў не фіксавалі.

Галоўная навуковая супрацоўніца НПЦ НАН Беларусі ў біярэсурсах Ірына Крышчук разам з заолягамі Марыяй і Аляксандрам Ануфрэнямі, адмыслоўцамі ў пытаньнях хахулі з Окскага біясфэрнага запаведніка, што ў Разанскай вобласьці Расеі, абсьледавалі пойменныя вадаёмы ракі Сож у Магілёўскай і Гомельскай абласьцях і знайшлі невялікую папуляцыю хахулі.

Самых зьвяркоў убачыць складана, але расейцы добра знаёмыя са сьлядамі яе дзейнасьці, напрыклад, з характэрна ўскрытымі чарупінамі прэснаводных малюскаў.

Гэта сапраўдная сэнсацыя для айчыннай тэрыялёгіі, адзначыла старонка «Дзікая прырода ў сэрцы».

Навукоўцы просяць дапамогі

Дасьледнікі прыроды папрасілі дапамогі ўва ўсіх, хто жыве ў басэйне Сожу. Яны нагадваюць, якім чынам можна заўважыць хахулю або ейныя сьляды.

Пра прысутнасьць зьвярка могуць казаць:

  • Падводныя баразёнкі шырынёй 12–15 см на дне, якія ідуць ад падводнага ўваходу ў нару;
  • Дарожкі з дробных бурбалак паветра пад лёдам, разьмешчаныя ня ўздоўж берага, як у андатры, а ўпоперак старыцы.
  • Кармавыя столікі на карчах з кучкамі чарупінаў бруханогіх малюскаў (балацянікаў, шпулек і лужанак), у якіх характэрна разгрызенае вусьце. Або ж купкі цэлых, але пустых створак двухстворкавых малюскаў — бяззубак і пярловіц.
  • Адбіткі лап — але трэба памятаць, што на сушы, будучы сьляпой, яна адчувае сябе вельмі няўтульна. Але на вільготным прыбярэжным глеі можна часам заўважыць яе сьляды. Яны адрозьніваюцца ад сьлядоў пацукоў або андатраў: задняя лапа хахулі значна буйнейшая за пярэднюю, пальцы злучаныя плавальнай перапонкай. Паміж адбіткамі лап часта застаецца сьлед ад цяжкага, пляскатага з бакоў хваста.

Тэрыторыі, дзе зафіксуюць хахулю, уключаць у пералік земляў з ахоўным статусам.

Іншыя «вяртаньні» беларускай прыроды

Хахуля — ня першая неспадзяваная знаходка ў беларускай прыродзе за апошні час. Таксама ў краіну вярнуўся эўрапейскі дзікі кот. У 2017 годзе фотапасткі ў Палескім радыяцыйным запаведніку фіксавалі яго на фота, а ў 2025-м дзікага ляснога ката (Felis silvestris) атрымалася зьняць на відэа.

Перад тым апошні раз гэты від ката бачылі ў Беларусі амаль сто гадоў да таго, у 1927 годзе, у Барысаўскім раёне.

У чэрвені 2025 году ў Белавескай пушчы заўважылі буйную папуляцыю балотнага вужавага зельля (Ophioglossum vulgatum), раней у краіне не фіксаваную. Від уваходзіць у сьпіс расьлінаў Чырвонай кнігі, якія маюць патрэбу ў прафіляктычнай ахове.

Сьпіс стварылі для недастаткова вывучаных і рэдкіх відаў флёры Беларусі, якія патрабуюць увагі, маючы высокі глябальны прыродаахоўны статус, і з шэрагу іншых прычынаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Інвазійныя жывёлы ў Беларусі. Хто пагражае беларускай прыродзе


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Улады Беларусі панізілі ахоўны статус зуброў, мядзьведзяў, рысяў і барсукоў