Лукашэнка хоча пусьціць трамваі ў мэтро

Аляксандар Лукашэнка ў трамваі на «Белкамунмашы»

«Аказваецца, можна і шматсэкцыйныя трамваі, якія яны, „Белкамунмаш“, вырабляюць, пастаўляць у мэтрапалітэн і не закупляць гэтыя цягнікі ў іншых вытворцаў», — сказаў Лукашэнка і даў на вывучэньне пытаньня першую палову наступнага году.

Аляксандар Лукашэнка сёньня падчас візыту на «Белкамунмаш» пабачыў трамвай, зроблены для чалябінскага мэтратраму. Вагоны там будуць езьдзіць і на зямлі, і ў тунэлях пад зямлёй.

Лукашэнка загадаў да ліпеня 2027-га «грунтоўна вывучыць і вызначыць, ці можна пасьля пэўнай дапрацоўкі прыстасаваць гэтую тэхніку да айчынных патрэбаў у працы мэтро», — перадае ягоная прэс-служба.

«Калі мы будзем пастаўляць гэта ў мэтро, гэта вялікая справа. Мы забясьпечым імпартазамяшчэньне», — сказаў ён.

Пазьней на нарадзе Лукашэнка зноў вярнуўся да гэтай тэмы.

«Аказваецца, можна і шматсэкцыйныя трамваі, якія яны, „Белкамунмаш“, вырабляюць, пастаўляць у мэтрапалітэн і не закупляць гэтыя цягнікі ў іншых вытворцаў», — сказаў ён і даў на вывучэньне пытаньня першую палову наступнага году.

Разьбірацца будуць міністар, віцэ-прэм’ер і дырэктары прадпрыемстваў, а таксама старшыня Савету Рэспублікі і ўпаўнаважаная прадстаўніца Лукашэнкі ў Менску Натальля Качанава.

«Далажыце мне, якія захады рэгулятарнага характару трэба прыняць, калі ўсё будзе нармальна, а я ўпэўнены, што будзе нармальна. Я гатовы гэта зрабіць», — сказаў Лукашэнка.

Натальля Качанава таксама падняла даўнюю тэму злучэньня трамвайнымі шляхамі Наваполацку і Полацку.

«Мы будзем вазіць людзей з „Нафтану“ ў Наваполацку ў Полацак», — сказала яна.

Лукашэнка пагадзіўся і выказаўся за больш шырокае выкарыстаньне трамваяў, а таксама сказаў, што хоча праехаць на трамваі па Менску.

«Я хачу праехаць па новай лініі, па новых рэйках на гэтым трамваі. Бо я памятаю яшчэ з савецкіх часоў: неаднойчы езьдзіў на трамваях. Людзям яны не падабаліся праз шум, цяжкасьці пры пасадцы і высадцы са старых высокападлогавых вагонаў ды іншыя падобныя нюансы, але гэта быў вельмі зручны від транспарту. Вось я хачу паглядзець, якая розьніца», — сказаў ён.

Чаму гэта важна

Гісторыя пакуль ня ведае выпадкаў спалучэньня звычайных трамваяў з ужо пабудаваным мэтро. Гэтыя сыстэмы розьняцца вышынёй вагонаў і плятформаў, напругай і сілкаваньнем ды шмат чым іншым.

У Кіеве мэтро выходзіць на паверхню. У Амстэрдаме і Ратэрдаме мэтрацягнікі маюць пантографы і сілкуюцца на паверхні ад трамвайнага проваду. Прычым у Ратэрдаме трамваі і мэтрацягнікі нават ходзяць на паверхні па адных і тых жа рэйках — для гэтага зрабілі рознаўзроўневыя, і таму ўдвая даўжэйшыя, плятформы.

Як паказвае досьвед розных краін, трамваі можна пусьціць і ў тунэлях пад зямлёй. Аднак інтэграваць іх у сетку дзейнага падземнага мэтро яшчэ не атрымалася нідзе.

Тым часам працягласьць трамвайных шляхоў у Менску і Віцебску толькі скарачаецца. У кожным з гарадоў засталося па 7 маршрутаў. Сёлета ў Менску закрылі 4-ы маршрут і прыбралі рэйкі з часткі Старавіленскага тракту ад Палацу моладзі да былой ужо ДС «Возера».

У Віцебску ў 2020 годзе дзеля пашырэньня праезнай часткі ліквідавалі трамвайны рух на 3-кілямэтровым участку па вуліцы Гагарына і закрылі маршрут № 5.

У Мазыры і Наваполацку трамвай служыць для падвозу работнікаў па адным маршруце ў аддаленыя прамзоны, сярод іншага — да нафтаперапрацоўчых заводаў і папраўчых калёній.

Пляны працягнуць трамвайныя рэйкі ў Полацак існуюць з 1960-х гадоў, калі пачалося праектаваньне наваполацкага трамваю, але пакуль трамвайная лінія не атрымала працягу нават у межах Наваполацку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Піяр для ўладаў ці транспартная неабходнасьць. Колькі Беларусі каштуе будоўля менскага мэтро