Пастанову «Аб дадатковых мерах забесьпячэньня бесьперабойнага забесьпячэньня спажыўцоў энэргарэсурсамі» падпісаў прэм’ер-міністар Аляксандар Турчын.
Дакумэнт прыняты «ў межах праводзімай работы ўва ўдасканаленьні сыстэмы разьлікаў юрыдычных асоб за энэргарэсурсы».
«Пастановай актуалізаваны парадак абмежаваньня або спыненьня падачы прыроднага газу, электрычнай і цеплавой энэргіі спажыўцам, якія не забясьпечылі своечасовай іх аплаты, а таксама Палажэньне аб рэспубліканскай камісіі кантролю за ажыцьцяўленьнем разьлікаў за прыродны газ, электрычную і цеплавую энэргію», — гаворыцца ў паведамленьні.
Таксама зьменены «парадак узаемадзеі юрыдычных асоб-спажыўцоў энэргарэсурсаў і энэргазабесьпячальных арганізацый пры ажыцьцяўленьні разьлікаў за энэргарэсурсы»
У прыватнасьці, як адзначыў урад, вызначаныя крытэры для арганізацый, да якіх абмежаваньне або спыненьне падачы энэргарэсурсаў могуць быць прынятыя толькі па рашэньні рэспубліканскай камісіі.
Аб'яднаны рынак з Расеяй
Беларусь і Расея неўзабаве завершаць узгадненьне правілаў функцыянаваньня аб’яднанага рынку электраэнэргіі.
«Гэта дастаткова складаны працэс, бо ён закранае сур’ёзныя нацыянальныя інтарэсы кожнага з бакоў. Цяпер мы маем падпісаную дамову. І літаральна неўзабаве павінны фіналізаваць свае дамоўленасьці, падпісаўшы правілы, паводле якіх будзе працаваць рынак», — працытавала дзяржаўнае агенцтва «Минск-Новости» міністра энэргетыкі Беларусі Дзяніса Мароза.
Паводле яго, ключавой асаблівасьцю будучага аб’яднанага рынку стане ўзаемадзеяньне суб’ектаў гаспадараньня дзьвюх краін у абмене электрычнай энэргіяй, што дазволіць павялічыць даступнасьць электраэнэргіі ў абедзьвюх краінах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Беларусь і Расея будуць абменьвацца электраэнэргіяй. Чаму гэта крытычна важна для МенскуСтратныя прадпрыемствы Беларусі
Прадпрыемствы-даўжнікі, пра якіх гаворыць новая ўрадавая пастанова, ня рэдкасьць у Беларусі. Нягледзячы на частыя пагашэньні крэдытаў і новыя пазыкі ад дзяржавы, дзясяткі прадпрыемстваў па ўсёй краіне хранічна стратныя і не даюць прыбыткаў.
Агулам у Беларусі 20,2% — стратныя.
Прэм'ер Беларусі Аляксандар Турчын сёлета ў красавіку падпісаў распараджэньне, згодна зь якім дзяржава павялічыла сваю долю ў статутных фондах пяці прадпрыемстваў, якія атрымлівалі дзяржаўную падтрымку ў 2025 годзе, на суму гэтай падтрымкі.
З пастановы, апублікаванай на праўным рэсурсе Pravo.by, вынікала, што «Беларускі цэмэнтны завод» атрымаў ў 2025 годзе дзяржаўнай падтрымкі на 2,5 мільёна рублёў, «Гомельшкло» — на 6,9 млн, «Івацэвічыдрэў» — на 6,3 млн, «Крычаўцэменташыфэр» — на 9 млн, «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат» — на 7,5 млн.