Паміж Менскам і Масквою чарговыя масавыя затрымкі авіяпалётаў

Ілюстрацыйнае фота

Вайна Расеі супраць Украіны зноў унесла незаплянаваныя зьмены ў расклад авіяпералётаў паміж сталіцамі Беларусі і Расеі.

23 кастрычніка адбыўся шэраг скасаваньняў і затрымак авіярэйсаў паміж Менскам і Масквой. Гэта адбылося з прычыны масавага закрыцьця аэрапортаў у сталіцы Расеі праз атаку бесьпілётнікаў з Украіны.

У прыватнасьці, скасаваны рэйс «Белавія» B2 957 зь Менску ў маскоўскі аэрапорт Дамадзедава, ён павінен быў вылецець, а 10:00 і прыбыць у 11:25.

Рэйс «Аэрафлоту» SU 1836 з аэрапорту Шарамецьцева меўся прызямліцца ў Менску, а 16:20, аднак таксама трапіў пад скасваньне.

Паводле даных онлайн-таблё Нацыянальнага аэрапорту Менск, рэйс B2 976 з Шарамецьцева ў сталіцу Беларусі, заплянаваны на 9:50, вылецеў у 12:23 па маскоўскім часе, а прыбыў у 13:55, заўважыла агенцтва «Позірк».

На таблё аэрапорту таксама пазначана, што рэйс «Белавія» B2 977 у Шарамецьцева, заплянаваны на 19:55, затрыманы да 20:55.

Зьмены ў Гомлі і пры палётах у Беларусь

Закранулі зьмены ня толькі сталіцу. На 23 кастрычніка быў заплянаваны рэйс «Белавія» B2 991 з Гомля ў Шарамецьцева. Вылецець ён меў, а 17:15, але яго затрымалі да 20:45.

Затрымкі зафіксаваныя і на іншых кірунках. Рэйс «Белавія» B2 8106 з турэцкай Антальлі ў Менск вылецеў на 4 гадзіны 30 хвілін пазьней за расклад — а 13:30 замест 9:00.

Рэйс «Белавія» B2 8192 з Антальлі павінен быў прыбыць у Менск 23 кастрычніка, а 11:50, але прыбыў, а 14:19.

Што здарылася?

На працягу дня Расавіяцыя ўводзіла часовыя абмежаваньні на прыём і адпраўку самалётаў ува ўсіх чатырох маскоўскіх аэрапортах — Шарамецьцеве, Дамадзедаве, Унукаве і Жукоўскім. У Шарамецьцеве абвяшчалі паветраную трывогу, пасажыраў накіроўвалі ў бясьпечныя зоны і хованкі. Паведамляецца, што адзін з дронаў упаў на тэрыторыі аэрапорта.

А 17:15 менскага часу Расавіяцыя абвясьціла пра зьняцьце абмежаваньняў.

Яшчэ летам 2025 году буйныя расейскія аэрапорты, у тым ліку маскоўскія, рэгулярна закрывалі з ваенных прычынаў. Гэта наўпрост закранала і беларусаў, бо праз закрыцьцё паветранай прасторы «Аэрофлот» скасоўваў рэйсы ў Менск.

У 2026 годзе становішча нават ускладнілася. Украіна паабяцала нефармальна закрыць паветраную прастору над Расеяй і некалькі разоў сваімі абстрэламі дамагалася спыненьня палётаў у Расеі.

У Беларусі адкрыта пра тое, што прычынаю пераносаў і скасаваньняў рэйсаў ёсьць абстрэлы бесьпілётнікамі, не гавораць, называючы тое, што адбываецца, папросту тэхнічнымі прычынамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ці бясьпечна лётаць на самалётах зь Беларусі ў Расею. Тлумачыць авіяцыйны экспэрт

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Белавія» стварыла магчымасьць вяртаньня білету онлайн