Польскі суд забараніў экстрадыцыю ў Беларусь былога журналіста незалежнага СМІ

Зьміцер Салаўёў у Магілёве, архіўнае фота

Суд у Беластоку пастанавіў, што экстрадыцыя экс-рэдактара сайту «Магілёўскі рэгіён» Зьмітра Салаўёва ў Беларусь «юрыдычна недапушчальная».

22 кастрычніка адбылося паседжаньне акруговага суду ў Беластоку, які вынес рашэньне аб недапушчальнасьці выдачы Зьмітра Салаўёва органам перасьледу Рэспублікі Беларусь, паведаміў БАЖ.

Сёлета ў жніўні Генэральная пракуратура Беларусі запатрабавала ад Польшчы экстрадаваць магілёўца, які стаў вымушаным палітэмігрантам.

Паводле Зьмітра Салаўёва, польскі бок ад пачатку ня меў намеру высылаць яго ў Беларусь. Аднак давялося прайсьці законную працэдуру пасьля запыту зь Менску.

«Працэс праходзіў у Акруговым судзе Беластоку. Мяне падрабязна распыталі, якія акалічнасьці змусілі мянепакінуць радзіму і што мне пагражае ў Беларусі. Я расказаў, што ў Беларусі супраць мяне распачатыя дзьве крымінальныя справы за журналісцкую дзейнасьць — паводле частак 1 і 2 артыкулу 361–1 Крымінальнага кодэксу Беларусі за нібыта „стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзел у ім“ і паводле ч. 1 арт. 357 КК — нібыта за „ўдзел у змове ці іншых дзеяньнях, учыненых з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам“. І згадаў, што ў Беларусі санкцыянавана зьмяшчэньне мяне пад варту.

Суд вынес рашэньне, паводле якога выдача мяне ўладам Беларусі недапушчальная, бо ў дзяржаве, якая патрабуе выдачы, можа адбыцца парушэньне свабоды і маіх правоў», — расказаў БАЖ Зьміцер Салаўёў, атрымаўшы афіцыйную судовую пастанову.

Цяпер яе дашлюць на разгляд міністру юстыцыі, які вынесе канчатковае рашэньне.

Перасьлед Зьмітра Салаўёва ў Беларусі

У Польшчы Зьміцер Салаўёў жыве з 2021 году. Ён пакінуў радзіму пасьля таго, як даведаўся пра сваю першую крымінальную справу.

Пра тое, што ёсьць яшчэ і другая, было напісана у запыце Генпракуратуры наконт яго экстрадыцыі. Зь ім журналіста пазнаёмілі на гутарцы ў польскай пракуратуры сёлета ўлетку. На той час ужо некалькі гадоў як быў абвешчаны яго вышук на тэрыторыі Расеі і Беларусі.

Зьміцер Салаўёў быў галоўным рэдактарам парталу навінаў «Магілёўскі рэгіён», згаданым у рашэньні КДБ Беларусі ад лістапада 2023 году, якім прызнаецца «экстрэмісцкім» фармаваньнем «група грамадзян, аб’яднаных ініцыятывай „6TV Bielarus“ і яго структурным падразьдзелам „Магілёў Медыя“ („Навіны Магілёўскага рэгіёну“)».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Магілёве затрымалі выкладчыкаў і журналістаў, сярод іх — кандыдат навук і экс-дырэктар музэя