Расейскі міністар абароны ў Менску падчас вайны ва Ўкраіне абмеркаваў вайсковую супрацу зь Беларусьсю

Міністры абароны Беларусі і Расеі Віктар Хрэнін і Андрэй Белавусаў. Менск, 22 кастрычніка 2026 году

Міністэрствы абароны Расеі і Беларусі заявілі, што абменьваюцца досьведам і закупляюць адно ў аднаго зброю.

У Менску 22 кастрычніка адбылося паседжаньне сумеснай калегіі міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі.

Выступаючы на паседжаньні, міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін пералічыў вынікі супрацоўніцтва:

«Мы перайшлі да практычнай рэалізацыі Праграмы стратэгічнага партнэрства ў вайсковай галіне на 2026–2030 гады, зацьверджанай на папярэднім паседжаньні калегіі ў Маскве».

Паводле Хрэніна, плян двухбаковай вайсковай супрацы на 2026 год уключае больш за 160 сумесных захадаў, большасьць якіх — практычныя: вучэньні, трэнаваньні, зборы, абмен досьведам.

«Асабліва падкрэсьлю: уся падрыхтоўка войскаў сёньня будуецца з улікам сучаснага характару ўзброенай барацьбы. Досьвед, атрыманы ў рэальных баявых умовах, — бесьпілётныя сыстэмы, сродкі радыёэлектроннай барацьбы, рабатызаваныя комплексы, новыя тактычныя прыёмы — неадкладна ўкараняецца ў сыстэму падрыхтоўкі беларускай арміі. Расейскія калегі дзеляцца з намі перадавымі практыкамі, і гэта адзін з самых каштоўных бакоў нашага хаўрусу»,— сказаў міністар абароны Беларусі.

Хрэнін расказаў і пра вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва Беларусі й Расеі падчас поўнашамтабнай вайны супраць Украіны:

«Працягваецца ўзаемная пастаўка прадукцыі вайсковага прызначэньня, паглыбляецца каапэрацыя абаронна-прамысловых комплексаў, павышаюцца баявыя магчымасьці рэгіянальнай групоўкі войскаў і Адзінай рэгіянальнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны. Разьвіцьцё атрымлівае і ядзернае стрымліваньне на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы — у інтарэсах стратэгічнага парытэту і стрымліваньня патэнцыйнага агрэсара».

Міністар абароны Расеі Андрэй Белавусаў адзначыў, што Рэспубліка Беларусь ёсьць найбліжэйшым хаўрусьнікам і надзейным партнэрам Расейскай Фэдэрацыі.

«Рэгулярна праводзім баявое зладжваньне злучэньняў і вайсковых частак, прызначаных у склад рэгіянальнай групоўкі войскаў (сілаў). Прыярытэтную ўвагу надаём сумесным практычным дзеяньням з апорай на перадавы досьвед СВА (спэцыяльнай ваеннай апэрацыі; так у Расеі называюць яе вайну супраць Украіны — Свабода)».

Белавусаў сказаў, што Беларусь працягвае рыхтаваць вайсковыя кадры ў 24 адукацыйных арганізацыях Міністэрства абароны Расеі.

Віктар Хрэнін і Андрэй Белавусаў 22 кастрычніка ў Менску на паседжаньні сумеснай калегіі вайсковых ведамстваў Беларусі і Расеі ўхвалілі плян апэратыўных вучэньняў «Шчыт Саюзу – 2027».

Хрэнін, словы якога прыводзіць прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі, назваў гэтыя вучэньні «галоўным захадам у рыхтаваньні Ўзброеных сілаў Беларусі і Расеі налета» і падкрэсьліў, што яны будуць мець «выключна абарончы характар».

Пасьля паседжаньня калегіі Хрэнін і Белавусаў разам сустрэліся з Аляксандрам Лукашэнкам.

«Мы рыхтуемся да вайны, але спрабуем яе ўсяляк унікнуць, ні нам, ні вам яна не патрэбная. Але, каб яна ня здарылася, трэба быць гатовымі заўсёды. Таму нашая сумесная групоўка на заходнім кірунку заўсёды будзе патрэбная, і яна сёньня ў парадку», — сказаў ім Лукашэнка.

Чаму гэта важна

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

У падтрымку расейскай агрэсіі цяпер уключаныя шэраг беларускіх прадпрыемстваў у розных сфэрах вытворчасьці.

З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў Беларусі фактычна на сталай аснове адбываюцца вайсковыя вучэньні, якія Аляксандар Лукашэнка тлумачыў пагрозамі і імавернасьцю ўварваньня на беларускую тэрыторыю з Польшчы, Літвы ці Ўкраіны. Хоць за ўвесь час з 2022 году не было ніводнага доказу наяўнасьці такіх плянаў.

Сёлета ў чэрвені й ліпені ўлады і вайсковае кіраўніцтва Беларусі надалей гаварылі аб існаваньні плянаў «калектыўнага Захаду» напасьці на Беларусь і Расею. З адпаведнымі заявамі выступіў міністар абароны Віктар Хрэнін на паседжаньні Савету міністраў абароны краінаў АДКБ у Маскве, а потым і на IV «Міжнародным антыфашысцкім кангрэсе» ў Менску, дзе ён абвінаваціў эўрапейцаў у «нацысцкім мэнталітэце» і рыхтаваньні да вайны.

Але ўжо ў канцы ліпеня Хрэнін у дакладзе Аляксандру Лукашэнку заявіў пра спакойную вайскова-палітычную абстаноўку вакол Беларусі і «брак прыкметаў рыхтаваньня да актыўных дзеяньняў з боку суседніх дзяржаваў».

Расея і Ўкраіна павялічылі выкарыстаньне дронаў у вайне. Падчас абстрэлаў расейскія і ўкраінскія дроны сталі часьцей залятаць на тэрыторыю Беларусі. Але пра гэта паведамляюць ня ўлады Беларусі, а ўкраінскія маніторынгавыя каналы.

Апроч таго, вядома некалькі выпадкаў, калі расейскія і ўкраінскія дроны з тэрыторыі Беларусі заляталі ў краіны Балтыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У вучэньнях АДКБ у Беларусі бяруць удзел больш за 1500 вайскоўцаў зь пяці краінаў