«Гэта супэрпадзея ў маім жыцьці». Маргарыта Ляўчук рыхтуе вялікі тур па Эўропе: опэра, джаз, калядкі, «Красная зелень»

Маргарыта Ляўчук на канцэрце ў Празе ў ліпені 2021 году

Беларуская опэрная сьпявачка Маргарыта Ляўчук анансавала маштабную канцэртную праграму на лістапад і сьнежань 2026 году. У ёй — клясыка, джаз, сатырычнае шоў і калядныя канцэрты.

Як жыве Маргарыта Ляўчук у ваеннай Украіне? Чаму сьпявачка думае пра ўкраінскае грамадзянства, на якіх мовах размаўляе зь дзіцём і якія канцэрты рыхтуе ў Эўропе? Пра гэта — у інтэрвію Свабодзе.

— Вы анансавалі вялікую канцэртную праграму на лістапад і сьнежань. Раскажыце, дзе і што можна будзе паслухаць і паглядзець?

— Гэта супэрпадзея ў маім жыцьці і ў жыцьці маіх слухачоў, таму што ўжо шмат хто мне пісаў: «Маргарыта, ну калі ўжо, мы цябе чакаем?» Але ж дзякуй вам вялікі, даражэнькія мае беларусы і беларускі, што вы чакалі доўгія два з паловай гады.

Летась рабілі адзін канцэрт у Варшаве «Краснай зелени». Гэта быў кватэрнік. А зараз будуць розныя праграмы, розныя гарады, краіны і розная я.

Пачнем мы ў Лімасоле 14 лістапада. Там будзе вялікі канцэрт з піяністам Кірылам Кедуком. У нас будзе вельмі клясная праграма: Бэрнстайн, Гершвін, будзе мноства прыгожай музыкі, гэта будуць опэрныя арыі і ня толькі. Так што, даражэнькія, усе, хто ў Лімасоле, усе, хто жыве на Кіпры, прыяжджайце, мы будзем вельмі радыя вас бачыць. Толькі жывы гук, піяніна, я, акустыка — усё будзе проста супэр. Мы з Кірылам вам гарантуем.

Далей рухаемся ў Вільню, дзе ў нас будзе джазавы канцэрт. Опэрны джаз з Паўлам Аракелянам і The Outsiders. Будуць гучаць творы Гершвіна, будзем сьпяваць і Шубэрта, будзе вельмі-вельмі многа кляснай музыкі. Ня буду раскрываць усе карты, каб прыйшлі на канцэрт і зьдзівіліся — а каго ж мы там будзем сьпяваць з опэрных кампазытараў у джазе?

А потым будзе тур «Краснай зелени» з Андрэем Павуком. Пакуль што анансаваныя пяць гарадоў, яшчэ, думаю, што мы дадамо парачку гарадоў, арганізатары над гэтым працуюць. Таму што нас вельмі чакаюць беларусы і беларусачкі, таму мы вырашылі зрабіць як мага больш гарадоў. Таму што, даражэнькія, ня ведаю, калі наступны раз да вас прыеду. Таму што я жыву ва Ўкраіне. І тут усё вельмі складана зь візамі, у мяне няма ніякага ВНЖ Эўразьвязу.

А яшчэ мы рыхтуем калядныя канцэрты ў Коўне, Вільне, Варшаве і Рызе. Калядны тур у нас будзе з хорам UNIA, з нашымі беларусамі. Будзе вельмі крута.

— З 2024 году вы жывяце ва Ўкраіне, выйшлі замуж за ўкраінскага вайскоўца, нарадзілі сына. Да чаго можна прывыкнуць, а да чаго немагчыма, жывучы ў краіне, супраць якой ідзе вайна, фактычна пад штодзённымі абстрэламі?

— Так, і штодзённымі, і штоночнымі абстрэламі. Пастаянныя ў нас трывогі зараз. Мой малючок ходзіць у дзіцячы садок, яны пастаянна сядзяць ва ўкрыцьці. Вось і мой маленечкі ўжо, калі чуе, што трывога, абуваецца і бяжыць: «Ва ўкрыцьце». Нават калі дома. Такое жыцьцё ў нас, але ж ты да ўсяго проста звыкаеш і жывеш у такіх умовах.

Я заўсёды на пазытыве, таму я нават і падчас вайны магу сябе адчуваць нармальна. Канешне, я кожны раз, калі нас бамбяць, палохаюся, мне страшна, страшна за сябе, за малючка, калі мы зь ім удваіх. Але ж на пазытыве мы прачынаемся кожны ранак, і дзякуй Богу, што мы прачнуліся і мы жывыя. Ты проста пачынаеш цаніць жыцьцё і такія простыя рэчы, як проста прачынацца ранкам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Цяпер чакае новы квэст». Сьпявачка Маргарыта Ляўчук атрымала пасьведчаньне аб нараджэньні дзіцяці ва Ўкраіне

— А ці была магчымасьць канцэртаў ва Ўкраіне? Ці зьявіўся ў вас украінскі рэпэртуар?

— У мяне кожны дзень і кожная ноч канцэрты. Я даю іх свайму малючку. Ён у мяне любіць розную музыку. Але ж мы думалі зрабіць канцэрт «Краснай зелени» ва Ўкраіне, але ж гэта вельмі-вельмі складана, таму што ў Павука беларускі пашпарт. Вы ж ведаеце, як зараз перасякаць мяжу з Украінай, калі ў цябе беларускі пашпарт. Мяне запрашалі ў тэатры і ў Харкаве, калі я жыла, і тут, у Кіеве. Але ж зараз гэта вельмі няпроста, калі ў цябе маленечкае дзіця. Не змагу па вечарах выступаць. А ў асноўным опэрныя сьпевакі выступаюць па вечарах. Таму пакуль што я змагу зрабіць толькі вось такі тур. Будуць нянькі дапамагаць, сябры. Калі б былі бабусі, дзядусі, дзядзі, цёці, сябры, было б на каго пакінуць... Тата ў нас вайсковы, яго пастаянна няма дома.

— Вы ўжо па-ўкраінску добра гаворыце?

— Канешне. Я і раней размаўляла па-ўкраінску добра, таму што сама з Палесься, зь вёскі Страдзічы. У нас там усе размаўляюць на палескай мове, і калі нават украінцы туды прыедуць, яны проста падумаюць, што яны ва Ўкраіне, ва ўкраінскім сяле. У нас клясна там размаўляюць на палескай мове. Мы тут казкі з сынам кожны дзень перад сном чытаем. Я ўжо добра чытаю па-ўкраінску, размаўляю па-ўкраінску. Я з малючком па-беларуску і па-ўкраінску размаўляю.

— Раней вы гаварылі пра праблемы з дакумэнтамі, з легалізацыяй. Гэта вялікая праблема беларусаў ва Ўкраіне. Што цяпер у вас з дакумэнтамі?

— З маімі дакумэнтамі ўсё добра, у мяне ПМЖ на дзесяць гадоў, магу жыць спакойна. Так, у людзей праблемы. Мне пашчасьціла, таму што я выйшла замуж за ўкраінца і нарадзіла ўкраінца, і таму я як маці прэтэндую на ПМЖ. І пашпарт (беларускі. — РС) пакуль што ў мяне дзейны. Як жонка вайскоўца я ўжо магу падавацца на ўкраінскі пашпарт. Але ж трэба тэсты здаваць, Канстытуцыю Ўкраіны вучыць. Я гэта ўсё вучу. Хочацца ўжо прыйсьці падрыхтаванай, усё здаць і атрымаць нарэшце ўкраінскае грамадзянства. З нашым пашпартам цяпер вельмі вялікія праблемы, а калі мы вернемся ў Беларусь, незразумела. Але пашпарт ужо хутка скончыцца, і трэба штосьці рабіць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На Маргарыту Ляўчук завялі новую крымінальную справу

— Вас завочна судзілі ў Беларусі за абразу Лукашэнкі ў 2024 годзе, потым завялі новую крымінальную справу. Ці працягваецца ваш перасьлед у Беларусі?

— Перасьлед, канешне, працягваецца. Кожны раз да нас у госьці ў Страдзічы прыходзяць людзі розныя, таму што я там прапісаная. Выпісаць мяне, канешне, адтуль ніхто ня можа, таму што патрэбна, каб я была асабіста ў Беларусі. Таму яны прыходзяць з вобшукамі, з нейкімі праверкамі. З новай крымінальнай справай, што на мяне завялі, зноў закідваюць Лукашэнку. Я думала, што калі ты яго адзін раз абразіў, то атрымаў крыміналку і ўсё — можна абражаць яго колькі заўгодна. А не. Кожная абраза — кожная новая крыміналка.

— Маргарыта, якая ваша галоўная мара цяпер?

— Мара адна на ўсіх. Адна вялікая мара — каб скончылася вайна і ўсе вярнуліся дахаты. Ёсьць такая мара. Яна агульная, ня толькі мая. Марыш, ня ведаю, каб заўтра проста прачнуцца. Такія простыя мары. А агулам, каб гэта ўсё ўжо скончылася, каб усе рабілі ўсё, што яны хочуць, а не займаліся нейкімі праблемамі двух дзядоў.

Маргарыта Ляўчук — былая салістка Нацыянальнага тэатру опэры і балету Беларусі. Падчас выбараў 2020 году падтрымала пратэстоўцаў, пасьля чаго была вымушана зьехаць з Беларусі празь перасьлед. У 2024 годзе яе завочна асудзілі ў Беларусі за абразу Лукашэнкі. Зь лета 2024 году яна жыве ва Ўкраіне, дзе выйшла замуж за ўкраінскага вайскоўца і нарадзіла сына.