Беларусь зноў трапіла ў шэраг краінаў з самым несвабодным інтэрнэтам

Мапа свабоды інтэрнэту на 2024 год

Беларусь атрымала 21 бал з 100 у новым рэйтынгу Freedom House і засталася сярод краінаў зь несвабодным інтэрнэтам.

Такія вынікі прыводзіць міжнародная праваабарончая арганізацыя Freedom House ў штогадовай справаздачы «Свабода ў сеціве» (Freedom on the Net 2026). Сярод 38 дасьледаваных краінаў ніжэйшыя за Беларусь ацэнкі атрымалі толькі пяць: Куба (19 балаў), Расея (16), Кітай, Іран і М’янма (па 9).

У параўнаньні зь мінулым годам ацэнка Беларусі павысілася на адзін бал: у справаздачы за 2025 год краіна мела 20 балаў. Аднак яе статус не зьмяніўся. Да катэгорыі краінаў зь несвабодным інтэрнэтам Freedom House адносіць дзяржавы, якія набіраюць ад 0 да 39 балаў.

Найбольш свабодным сярод дасьледаваных краінаў інтэрнэт прызнаны ў Эстоніі, якая атрымала 91 бал.

Справаздача ахоплівае пэрыяд ад 1 чэрвеня 2025 году да 31 траўня 2026 году. Аўтары ацэньваюць перашкоды для доступу да інтэрнэту, абмежаваньні кантэнту і парушэньні правоў карыстальнікаў.

Сёлета Freedom House прыпыніла агляд 34 краінаў. На дзяржавы, якія засталіся ў дасьледаваньні, прыпадаюць каля 71% інтэрнэт-карыстальнікаў сьвету.

Свабода інтэрнэту пагаршаецца шаснаццаты год запар

Паводле Freedom House, свабода інтэрнэту ў сьвеце зьніжаецца шаснаццаты год запар. Сярод краінаў, ахопленых сёлетнім дасьледаваньнем, сытуацыя пагоршылася ў 16 і палепшылася ў васьмі.

Найбольшае пагаршэньне зафіксавалі ў Іране. Значнае зьніжэньне паказьнікаў таксама адбылося ў Ярданіі і Нігерыі.

Грузія перайшла з катэгорыі краінаў з свабодным інтэрнэтам у катэгорыю з часткова свабодным. Аўтары тлумачаць гэта працягам перасьледу інтэрнэт-актывістаў і карыстальнікаў за выказваньні, якія ўлады ўспрымаюць як крытыку кіроўнай партыі «Грузінская мара».

Найбольшае паляпшэньне другі год запар зафіксавалі ў Бангладэш, за ім ідзе Гамбія. Freedom House зьвязвае прагрэс у гэтых краінах з рэформамі пасьля адхіленьня ад улады аўтарытарных кіраўнікоў. Разам з тым у Бангладэш захоўваюцца сур’ёзныя праблемы, у тым ліку палітычна матываваны перасьлед журналістаў.

Аўтарытарныя ўлады ўзмацняюць лічбавую ізаляцыю

Адной з галоўных тэндэнцыяў аўтары называюць спробы аўтарытарных уладаў ізаляваць насельніцтва ад глябальнага інтэрнэту, захоўваючы доступ толькі да ўхваленых дзяржавай сэрвісаў.

Паводле справаздачы, агульнанацыянальнае адключэньне інтэрнэту ў Іране, якое пачалося ў лютым, працягвалася каля 88 дзён. Гэта найдаўжэйшае агульнанацыянальнае адключэньне за ўсю гісторыю дасьледаваньня. Адначасова ў краіне фармавалася сыстэма, у якой доступ да глябальнай сеткі захоўвала толькі прывілеяваная меншасьць.

У Расеі пашыраліся адключэньні мабільнага інтэрнэту і абмежаваньні VPN, якія дазваляюць абыходзіць блякаваньні. Улады таксама стварылі пералік «сацыяльна значных сэрвісаў», доступ да якіх правайдэры павінны захоўваць пры адключэньнях. У яго ўвайшлі дзяржаўныя мэдыя, сеткі «ВКонтакте» і «Одноклассники», мэсэнджар Max.

Праверка ўзросту і рэгуляваньне штучнага інтэлекту

Яшчэ адна тэндэнцыя — патрабаваньні правяраць узрост карыстальнікаў. На чэрвень 2026 году ў дзесяці з 38 дасьледаваных краінаў такія нормы для сацыяльных сетак або іншага непарнаграфічнага зьмесьціва прапанавалі, ухвалілі ці ўжо пачалі ўжываць.

Аўстралія забараніла дзецям да 16 гадоў мець акаўнты у шэрагу буйных сацыяльных сетак. У Інданэзіі падобная забарона дзейнічае для плятформаў катэгорыі высокай рызыкі.

Freedom House прызнае патрэбу абараняць дзяцей, аднак адзначае, што праверкі ўзросту могуць абмяжоўваць доступ да інфармацыі і ствараць рызыкі для прыватнасьці. Аўтарытарныя ўлады могуць выкарыстоўваць іх, каб узмацняць сачэньне.

Падобныя рызыкі аўтары бачаць у рэгуляваньні зьмесьціва, створанага штучным інтэлектам. Новыя нормы дапамагаюць змагацца з махлярствам, выдаваньнем сябе за іншых людзей і стварэньнем інтымных выяваў бяз згоды чалавека. Аднак улады ўжо выкарыстоўвалі асобныя законы для абмежаваньня свабоды выказваньня і перасьледу журналістаў.

Freedom House заклікае дэмакратычныя ўрады і тэхналягічныя кампаніі падтрымліваць сродкі абыходу цэнзуры, доступ да спадарожнікавага інтэрнэту і лічбавую бясьпеку журналістаў і праваабаронцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Віленскі саміт свабоды заклікаў улады Беларусі тэрмінова і без умоў вызваліць усіх палітзьняволеных

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларусь пагоршыла свае паказчыкі ў глябальным рэйтынгу Freedom House «Свабода ў інтэрнэце» за 2024 год