Дзьве вядомыя крыптабіржы ўключылі Беларусь у лік забароненых юрысдыкцый

Падчас крыптаканфэрэнцыі TOKEN2049 ў Сінгапуры

Крыптабіржа Bitget уключыла Беларусь і шэраг іншых краін і тэрыторый у пералік забароненых юрысдыкцый.

Гэта вынікае з абноўленага карыстальніцкага пагадненьня, апублікаванага на сайце кампаніі.

Іактм чынам кампанія BTG Technology Holdings Limited, якая кіруе крыптабіржай Bitget, зьмяніла ўмовы карыстаньня. Ва ўмовах пазначаныя краіны, у тым ліку Беларусі, юрысдыкцыя ў якіх пазбаўляе асоб ці кампаніі права карыстацца крыптабіржай.

У сацсетцы X плятформа адзначыла, што кліентам з названых краін будуць накіраваныя апавяшчэньні аб далейшых дзеяньнях.

У паведамленьнях, разасланых кампаніяй, кліентам рэкамэндавалі самастойна закрыць дзейныя пазыцыі і вывесьці сваю крыптавалюту да 21 кастрычніка. Пасьля гэтага крыптавалютная біржа будзе прымусова закрываць пакінутыя пазыцыі карыстальнікаў у аўтаматычным рэжыме і адначасова абмяжоўваць доступ да такіх акаўнтаў.

Сёньня таксама стала вядома, што яшчэ адна вядомая крыптабіржа, MEXC, аб’явіла пра спыненьне абслугоўваньня карыстальнікаў з Расеі і Беларусі, піша Devby.io.

Чаму гэта важна

Біржы тлумачаць забарону «рэгуляторнымі патрабаваньнямі ў розных краінах», але такім чынам адразаецца легальная магчымасьць канвэртацыі расейскіх і беларускіх рублёў у валюты іншых краін, у тым ліку даляры і эўра, і назад, што дае тэарэтычную магчымасьць фінансаваць паралельны імпарт і закупкі абсталяваньня і камплектуючых, экспарт якіх у Беларусь і Расею знаходзіцца пад забаронай.

Крыптабіржай лічыцца онлайн-плятформа, дзе людзі купляюць, прадаюць і абменьваюць паміж сабой крыптавалюту. Яна выглядае як звычайная біржа ці абменьнік, працуе ў лічбавым рэжыме. Крыптабіржа злучае тых, хто хоча купіць крыптавалюту і яе прадаць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі заблякавалі доступ да сайтаў некалькіх крыптабіржаў. Міністэрства інфармацыі назвала прычыну

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сайты заблякаваных раней крыптабіржаў зноў сталі даступныя ў Беларусі