Гэты дзень у гісторыі
1157 — менская княгіня Соф’я ўзяла шлюб з дацкім каралём Вальдэмарам і стала каралевай Даніі.
1915 — у Нью-Ёрку дзясяткі тысяч жанчын выйшлі на маніфэстацыю, патрабуючы выбарчага права.
1924 — у Менску пачаўся аўтобусны рух, дагэтуль адзіным грамадзкім транспартам для менчукоў была конка.
1954 — заходнія дзяржавы падпісалі пакет пагадненьняў пра спыненьне акупацыйнага рэжыму ў Фэдэратыўнай Рэспубліцы Германіі, аднаўленьне ейнага дзяржаўнага сувэрэнітэту і далучэньне да NATO і Заходнеэўрапейскага зьвязу.
1956 — у Вугоршчыне выбухнула антыкамуністычнае паўстаньне, якое да сярэдзіны лістапада здушылі савецкія войскі. Загінулі тысячы людзей, дзясяткі тысяч былі рэпрэсаваныя, каля 200 тысяч вымушана пакінулі краіну.
Савецкія войскі каля вугорскага парлямэнту, 1965 год
Часовыя магілы ахвяраў рэвалюцыі ў садзе Караі ў цэнтры Будапэшту
Забітыя ў вулічных баях у Будапэшце, 1956 год
Паўстанцы сядзяць на танку з рэвалюцыйным сьцягам: зь сьцягу Вугорскай Народнай Рэспублікі выразаны камуністычны герб. Будапэшт, кастрычнік–лістапад 1956 году
1958 — расейскаму пісьменьніку Барысу Пастэрнаку прысудзілі Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры. Адзін з найбольш вядомых ягоных твораў: раман «Доктар Жывага», выйшаў за мяжой у 1957 годзе і быў забаронены для публікацыі ў СССР. На радзіме супраць пісьменьніка ўсчалі кампанію цкаваньня, і ён пад ціскам савецкіх уладаў адмовіўся ад прэміі.
Барыс Пастэрнак
2001 — Apple прэзэнтавала першы iPod — партатыўны музычны плэер, які зьмяніў спосабы слуханьня музыкі. У 2022 годзе функцыі плэера канчаткова перанялі смартфоны.
Журналісты разглядаюць 7-е пакаленьне iPod Nano пасьля ягонай прэзэнтацыі ў Сан-Францыска 12 верасьня 2012 году
2002 — у Маскве баевікі захапілі больш за 900 чалавек у тэатры на Дуброўцы падчас мюзыклу «Норд-Ост». Нападнікі патрабавалі вывесьці расейскія войскі з Чачэніі. 26 кастрычніка расейскія сілавікі пусьцілі ў будынак атрутны газ і пайшлі на штурм. Усе нападнікі былі забітыя, аднак загінулі і 130 закладнікаў.
2008 — у Магілёве адбылася ўстаноўчая канфэрэнцыя грамадзкага аб’яднаньня «Рух „За Свабоду“». Пасьля трох папярэдніх адмоваў Міністэрства юстыцыі ўрэшце зарэгістравала аб’яднаньне ў сьнежні 2008 году. У лістападзе 2021-га ўлады скасавалі рэгістрацыю.
У гэты дзень нарадзіліся
1823 — беларускі і польскі асьветнік, паэт, публіцыст і журналіст Адам Плуг (Антон Пяткевіч).
1834 — Ян Ваньковіч, камандзір паўстаньня Каліноўскага.
1909 — Міхась Зуй, вайсковы і палітычны дзяяч, прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады (1988–1995).
1924 — Іван Лепешаў, беларускі мовазнаўца, доктар філялёгіі, прафэсар, аўтар больш як 500 навуковых і навучальных працаў (у тым ліку 40 кніг). Асноўнай тэматыкай ягоных навуковых дасьледаваньняў была фразэалёгія, мова мастацкай літаратуры і культура маўленьня.
Удзельнік Другой усясьветнай вайны, двойчы паранены і ўзнагароджаны баявымі мэдалямі. У 1949 годзе яго арыштавалі паводле абвінавачаньня ў службе ў паліцыі і адправілі ў лягер, дзе ён правёў шэсьць гадоў. У 1963 годзе суд прызнаў, што Лепешаў трапіў у паліцыю прымусова, у карных апэрацыях ня ўдзельнічаў, дапамагаў партызанам і сам быў зьняволены нацыстамі.
1927 — Анджэй Струміла, польскі мастак беларускага паходжаньня, графік, скульптар, фатограф і паэт.
1964 — Антон Астаповіч, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ў 2007–2023 гадах. У студзені 2023 году таварыства зьліквідаваў Вярхоўны суд.
1975 — Ганна Севярынец, беларуская пісьменьніца, літаратуразнаўца і пэдагог.
У памяці
1937 — Уладзiмер Крыловіч, артыст, адзін з пачынальнікаў беларускага прафэсійнага тэатру.
1941 — на лесапавале ў ГУЛАГу памёр Васіль Шашалевіч, беларускі драматург. Так апісаў абставіны ягонай гібелі Сяргей Грахоўскі з словаў відавочцы ў кнізе «Споведзь»:
«Па стане здароўя ён ня мог працаваць на павале. Прыстроілі статыстыкам у санчасьць. Работа лёгкая, ды і перападала трохі з бальнічнай кухні. Аднойчы ён напісаў вясёлую гумарыстычную п’еску зь лягернага жыцьця. Яе паставілі аматары на лягернай сцэне. Апладзіравалі, дзякавалі аўтару. А ноччу яго выклікаў упаўнаважаны опэрчэкісцкага аддзелу і зрабіў разнос, мудрэйшы за самы жорсткі допыт: абвінаваціў у паклёпе на выхаваўчую сыстэму ў лягеры, у кампрамэтацыі кіраўніцтва, у працягваньні варожай ідэалёгіі. Новую справу на яго заводзіць ня стаў, а загадаў адправіць у лес, „а там ты і сам загнесься“, — сказаў на разьвітаньне.
Упаўнаважаны стрымаў слова. Шашалевіча пагналі ў лес, але ні пілаваць, ні грузіць ён ня мог — даўнія сухоты абвастраліся часьцей і часьцей. Яго пасадзілі на складзе каля кастра адзначаць, колькі хто з возчыкаў вывез драўніны. Лес ад складу валяць далёка, а тут, на колішніх дзялянках, пакідаюць некалькі дзясяткаў адборных дрэў-семеннікаў. Пройдзе час, і высечаны квартал зарасьце самасейкамі.
Шашалевіч сядзеў каля вогнішча і на фанэрнай дошцы адзначаў, колькі кубамэтраў вывез кожны возчык. І раптам невядома хто непадалёк ад вогнішча падпілаваў семянную бярозку і спусьціў прама на Шашалевіча. Яна прыціснула яго да палаючага кастра. Возчыкі пачулі гул зваленай бярозы і раздзіраючы душу крык. Падбеглі, а ў вогнішчы жыўцом гарэў патрушчаны і прыціснуты дрэвам учотчык. Падняць бярозу не падужалі. Пабеглі на лесасеку па пілу. Расьпілавалі тоўстую дзеравіну і выцяглі з-пад яе абгарэлага, з выцекшымі вачыма учотчыка. Толькі пад вечар яшчэ ледзьве жывога Шашалевіча прывезьлі ў санчасьць. Урач, мэдсястра і санітаркі плакалі, як па самым родным чалавеку. Усе разумелі, хто вынес такі страшны прысуд на пакутніцкую сьмерць гэтаму сумленнаму і таленавітаму чалавеку, а сказаць ніхто не адважваўся.
Калі, дзе і з кім разам пахавалі Васіля Антонавіча Шашалевіча, ніхто ня ведае і не дазнаецца ніколі. Там цяпер шуміць у адвечнай жалобе тайга».
1981 — Якуб Міско, беларускі пісьменьнік і журналіст.