Пра ягоную сьмерць паведамілі блізкія ў Фэйсбуку.
Сяргей Пархаць (гэта ягонае пашпартнае імя) быў аўтарам культавай на зломе стагодзьдзяў «Музыкальнай газеты», рыхтаваў матэрыялы для Tut.by. У 2012 годзе эміграваў у Польшчу, стварыў у Фэйсбуку суполку «Беларусы ў Варшаве», у якой удзельнічаюць амаль 30 тысяч чалавек.
Сёлета ён зноў адкрыў кавярню Temperatura на ўсходзе Варшавы, прычым частку патрэбнай на адкрыцьцё сумы — 10 тысяч злотых — сабраў праз краўдфандынг.
Працаваў барыстам, але ня толькі. У 2022 годзе ён расказваў CityDog пра сваю працу ў польскім рэцэпцыйным цэнтры для людзей з дадатковымі патрэбамі, якія ўцякаюць ад вайны ва Ўкраіне:
«Напачатку было вельмі цяжка: я такім раней не займаўся. Да таго ж ты маеш стасункі зь людзьмі ў стане роспачы, у вельмі нестабільным псыхалягічным стане. Але прайшло чатыры месяцы, я крыху прызвычаіўся», — расказваў ён.
Ян Памедор Рэуцкі памёр у веку ўсяго 50 гадоў.
У фэйсбуку вядомыя людзі прыгадалі добрыя справы варшаўскага беларуса.
Пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч: «Не магу паверыць. Нельга ў такое паверыць. Але, відаць, праўда. Усе пішуць, што ў Варшаве памёр наш добры і файны Сяргей, якога ўсе мы звалі Памедорам. Сябар, беларус, чытач, тонкі, цудоўны чалавек зь вялікім сэрцам і талентам жыць, адзін з самых сьветлых людзей, якіх мы зналі...».
Паэтка Валярына Кустава: «Калі мяне эвакуявалі ў Варшаву, першай справай ён напісаў і спытаўся, чым можа дапамагчы». «Калі ў 2023 тата захварэў на анкалёгію, Памедор прапанаваў здабыць для яго навюткі інвалідны вазок і арганізаваў дапамогу валянтэра па афармленьні непаўнаспраўнасьці таты». «За некалькі тыдняў да сыходу ён пераздаў сваё жытло, перавёў сваю шматтысячную суполку „Беларусы ў Варшаве“ на беларускую мову і запрапанаваў перадаць яе ў іншыя рукі. Нібыта рыхтаваўся».
Сузаснавальнік BySol Андрэй Стрыжак: «Памедор Рэуцкі быў адным з першых, хто напісаў мне з прапановай стартаваць збор для Сьвятланы Курс, калі стаў вядомы ейны дыягназ. Цяпер яны сустрэнуцца і змогуць абняцца».
Ян Памедор Рэуцкі — пра кавярню, мову і веру ў сябе
Архіўнае фота з фэйсбуку Яна Памедора Рэуцкага
У 2025 годзе на польскім інтэрнэт-радыё PAWAROTA адбыўся паўтарагадзінны жывы этэр з удзелам Яна Памедора Рэуцкага, які можна паслухаць і цяпер. Вось некалькі цытатаў з той перадачы.
«Было лета, госьці прыходзілі пасядзець у садку, часам стаяла страшэнная сьпёка. І я выносіў — у мяне быў такі знакаміты зялёны тазік — выносіў людзям тазік зь вельмі халоднай вадой, лёдам і сольлю для ног. Прапаноўваў усім, хто сядзеў у садку, проста апусьціць ногі ў халодную ваду пасярод гэтага пекла».
«Я адразу вырашыў, што не хачу рабіць гэта камэрцыйным праектам. Не хачу, каб гэта была кавярня ў звычайным разуменьні. Я проста пачаў прапаноўваць усім, хто заходзіў, сваю каву. Па сутнасьці, гэта быў адзіны прадукт, які мы мелі, — кава па-бэдуінску. Я паставіў бляшанку і кожнаму, хто заходзіў, прапаноўваў каву. Калі чалавек хацеў нешта пакінуць — колькі лічыць патрэбным, — пакідаў. Калі не, то не».
«Гэта такая беларуская супольнасьць. Беларусы з усёй Варшавы прыяжджаюць сюды, каб проста мець магчымасьць паразмаўляць паміж сабой на роднай мове, абмеркаваць агульныя тэмы».
«Апошні раз быў у Беларусі ўвосень 2020 году». «Гэта акупаваная Расеяй тэрыторыя. Там не працуе ніякае права. Усе безабаронныя. Любога чалавека могуць кінуць у турму, катаваць, забіць, і ніхто нічога ня зможа з гэтым зрабіць».
«Я падтрымліваю беларускую мову, наколькі магу. Стараюся гэта рабіць, бо беларуская мова знаходзіцца пад пагрозай праз гады русыфікацыі і навязваньня расейскай культуры».
«Аднойчы я стаяў на прыпынку ў сукенцы. Да мяне падбег нейкі джэнтэльмэн і з такім хітрым выглядам пытаецца: „А якой вы веры?“ Я яму адказаў: „Веры ў сябе“. Вось менавіта ў гэтым і сэнс майго адзеньня. Я проста апранаюся так, як мне падабаецца».