У сваім артыкуле WSJ расказвае, што сын Яўгенія Прыгожына, Павел Прыгожын, пасьля сьмерці бацькі здолеў захаваць актывы групоўкі «Вагнэр» у Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы (ЦАР).
З спасылкай на жэнэўскі аналітычны цэнтар Global Initiative аўтары публікацыі паведамляюць, што Павел Прыгожын у Афрыцы здолеў ня толькі ня страціць бацькаў бізнэс, але і пашырыць яго. Разам з «вагнэраўцамі» ён забясьпечвае ахову прэзыдэнту ЦАР Фастэну-Арканжу Туадэру. Таксама яны маюць кантроль над тамтэйшымі залатымі руднікамі. А золата з гэтых руднікоў адпраўляюць у Беларусь. Нібыта Прыгожыну-малодшаму ўдалося дамовіцца, каб золата афармлялася як дзяржаўная ўласнасьць.
Павал Прыгожын
Апроч золата, групоўка займаецца вытворчасьцю гарэлкі, піва, кантралюе частку рынку рэцэптурнага апіёіднага прэпарату — трамадолу.
«„Вагнэр“ ператварыўся з магутнай групы спэцыяльнага прызначэньня ў адрынутую ўсімі сетку, якая, падобна, скочваецца да арганізаванай злачыннасьці», — сказаў WSJ Лу Осбарн, расьсьледнік швайцарскай некамэрцыйнай арганізацыі Inpact, якая адсочвае дзейнасьць «Вагнэра» ў Афрыцы. — Мяркую, Паўлу дазволілі працягнуць працу. Гэта азначае, што або ён дамовіўся з Крамлём, або палічылі, што ён не нясе пагрозы».
Паводле зьвестак Global Initiative, на якія спасылаецца WSJ, гадавы аб’ём здабычы на залатым рудніку пад апекай групоўкі Прыгожына-малодшага ацэньваецца ў 250 мільёнаў даляраў.
Паводле ацэнак жэнэўскага аналітычнага цэнтру Global Initiative Against Transnational Organized Crime, сямейны бізнэс Прыгожыных, які ўключае як легальныя, так і крымінальныя прадпрыемствы, прыносіць больш за 400 мільёнаў даляраў на год. Павел Прыгожын стаў асноўным спадкаемцам бізнэсу свайго бацькі.
Беларуская «дачка» расейскай кампаніі
У Беларусі зарэгістравана таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Канкорд Менеджмент і Кансалтынг». Гэта дачка расейскай групы кампаніяў «Конкорд», якая належыць Прыгожыну. Беларуская «дачка» зьявілася яшчэ ў ліпені 2023 году, калі «вагнэраўцы» пасьля няўдалага паходу Яўгенія Прыгожына на Маскву разьмясьціліся ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну. Там жа была зарэгістраваная і гэтая кампанія. Пры рэгістрацыі відам дзейнасьці кампаніі было пазначана «кіраваньне нерухомасьцю», статутны фонд пры рэгістрацыі складаў 200 рублёў, ці каля 80 даляраў на той момант.
Найміты ПВК "Вагнэр" трэніруюць беларускіх вайскоўцаў на палігоне "Берасьцейскі", фота Міністэрства абароны Беларусі
У ліпені 2024 году, пасьля гібелі Яўгенія Прыгожына ў авіякатастрофе ў Цьверскай вобласьці, у кампаніі адбыліся зьмены: яе ўзначаліў сын Яўгенія Прыгожына Павел.
Паводле зьвестак Monitoring Center BelPol, Павел Прыгожын значыўся кіраўніком кампаніі да верасьня гэтага году. Зь верасьня 2026 году як кіраўнік пазначаны Віктар Гарбачэўскі, грамадзянін Расеі. Публічных зьвестак пра гэтага чалавека ў адкрытых крыніцах няма.
Вядома, што кампанія зьвярталася да спэцыялістаў для аўтаматызацыі бухгальтарскага ўліку. Група кампаній «Х’юмэн Інтэл Сістэм», якая займаецца праграмным забесьпячэньнем, дапамагла фірме «Канкорд Менеджмент і Кансалтынг» з укараненьнем і аўтаматызацыяй бухгальтэрыі 1С, як вынікае з дакумэнту на сайце кампаніі. Агулам аўтаматызавалі 5 працоўных месцаў.
Пра візыты ў Беларусь Паўла Прыгожына і яго сустрэчы зь нейкімі прадстаўнікамі ўлады нічога з публічных крыніц не вядома.
Вайсковая тэхніка ў вёсцы Цель
Згодна з спадарожнікавымі здымкамі вёскі Цэль ад 2 чэрвеня 2026 году, на месцы былога лягеру «вагнэраўцаў» засталіся сотні адзінак тэхнікі. У асноўным гэта грузавыя аўтамабілі, будаўнічая тэхніка, тэнтаваныя фуры. Фактычна гэта той самы набор тэхнікі, які быў у лягеры ў 2023 годзе. Месца не выглядае закінутым, тэхніка пераганяецца, адбываецца нязначная рэканструкцыя вайсковага мястэчка.
Спадарожнікавы здымак Planet Labs, на якім бачная вёска Цэль у Магілёўскай вобласьці Беларусі — месца, дзе раней размяшчаўся лагер наймітаў ПВК «Вагнэр». 2 чэрвеня 2026 году
Рост экспарту золата з Беларусі
Беларуская афіцыйная статыстыка не публікуе зьвестак пра аб’ёмы экспарту золата зь Беларусі. Аднак яны даступныя праз статыстыку міжнародных сэрвісаў, напрыклад, статыстыкі гандлю ў краінах ААН. Згодна зь ёй, з 2023 году пачаўся рост продажу золата з Беларусі за мяжу. У 2023-м Беларусь прадала золата на 38,3 мільёна даляраў толькі ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Для параўнаньня: у 2021 годзе Беларусь прадала золата на 15 мільёнаў даляраў — большую частку ў Расею і невялікую частку ў Швайцарыю. У ранейшыя гады, згодна з дадзенымі ААН аб гандлі, Беларусь прадавала яшчэ менш золата. Напрыклад, у 2018 годзе — на 5 мільёнаў даляраў. Сьвежых зьвестак аб пастаўках золата ў іншыя краіны зь Беларусі на сэрвісе няма.
Увечары 23 чэрвеня 2023 году Яўгеній Прыгожын абвінаваціў кіраўніцтва Міністэрства абароны Расеі і Генэральнага штабу ў некампэтэнтнасьці ў вайне ва Ўкраіне і абвясьціў паход на Маскву. Мяцеж вагнэраўцаў працягваўся крыху менш за содні.
Лягер групоўкі "Вагнэр" ля вёскі Цэль у Асіповіцкім раёне, 2023 год
Бліжэй да ночы 24 чэрвеня ПВК «Вагнэр» і ўлады Расеі нібыта пры пасярэдніцтве Аляксандра Лукашэнкі дасягнулі дамоўленасьці, і марш наймітаў у бок Масквы быў спынены.
Пасьля гэтага расейскія ўлады заявілі, што «Вагнэр» сыдзе ў Беларусь. Калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня.
Уладзімір Пуцін пасьля мяцяжу вагнэраўцаў заявіў, што «ўсе, хто сьвядома стаў на шлях здрады, хто рыхтаваў збройны мяцеж, стаў на шлях шантажу і тэрарыстычных мэтадаў, панясуць немінучае пакараньне (…) Той, хто арганізаваў і рыхтаваў вайсковы мяцеж, хто падняў зброю на баявых таварышаў, — здрадзілі Расеі. І адкажуць за гэта», — сказаў ён.
Яўгеній Прыгожын
23 жніўня расейскія ўлады паведамілі пра сьмерць кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына ў авіякатастрофе ў Цьверскай вобласьці.