Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ «Аб дзейнасьці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», які істотна рэфармуе навуку ў Беларусі. У прыватнасьці цяпер Лукашэнка зможа сваімі ўказамі прысвойваць акадэмічныя званьні людзям, якія ўнесьлі ўклад у разьвіцьцё нацыянальнай эканомікі, беларускай і сусьветнай навукі.
Былы дырэктар Інстытуту сацыялёгіі НАН Беларусі Генадзь Коршунаў у інтэрвію «ПіКу Свабоды» заявіў, што ўказ Лукашэнкі ўкладаецца ў ягоную ранейшую палітыку ў сфэры вышэйшай навукі.
«Што ўнівэрсытэты, што акадэмія заўсёды мулялі вока Лукашэнку», — сказаў Генадзь Коршунаў і прыгадаў, як у 2001 годзе ён указам зьмяніў назву кіраўніка акадэміі — з «прэзыдэнта» яна ператварылася ў «старшыню прэзыдыюма».
«Першапачаткова быў прэзыдэнт, але прэзыдэнт у краіне мусіць быць адзін. І такое закабаленьне Акадэміі ішло, лічы, з самага пачатку кіраваньня краінай Лукашэнкі», — мяркуе Генадзь Коршунаў.
Паводле цяперашняга ўказу Лукашэнкі мяняецца сыстэма кіраваньня Нацыянальнай акадэміяй навук. Старшыня яе прэзыдыюму, ягоныя намесьнікі і галоўны вучоны сакратар атрымаюць статус дзяржаўных службоўцаў. Кіраўніцтва НАН зможа самастойна прызначаць і звальняць кіраўнікоў падпарадкаваных навуковых установаў. Дакумэнт таксама ўводзіць узроставыя абмежаваньні для вылучэньня ў акадэмікі і члены-карэспандэнты: адпаведна да 70 і 60 гадоў. Сярод іншых патрабаваньняў — навуковая ступень доктара навук і званьне прафэсара. Пры гэтым сам Лукашэнка сваімі ўказамі зможа прысвойваць акадэмічныя званьні тым, каго палічыць годнымі гэтага.
Генадзь Коршунаў
«Гэта фактычная зьмена статуса з Акадэміі, як такой, на міністэрства. І зараз мы бачым яшчэ больш: здавалася б, што яшчэ заціскаць у Акадэміі? Аказваецца, ёсьць што.
Напрыклад, стаўленьне да акадэмікаў, якіх заўсёды выбіралі іншыя акадэмікі. Зараз ужо Лукашэнка будзе акадэмікаў прызначаць. То бок зараз тая прастора волі і свабоднай думкі, якая яшчэ існавала, сьціскаецца альбо выціскаецца з краіны», — мяркуе Генадзь Коршунаў.
Коршунаў мяркуе, што зьмены адаб’юцца на лёсе пэўных навуковых інстытутаў у складзе Нацыянальнай акадэміі навук.
«Адносна таго, што менавіта з якімі інстытутамі будзе рабіцца: на жаль, пакуль я не бачыў такой паперы, але я, напрыклад, ведаю, што мой родны інстытут, па якім я вельмі сумую, Інстытут сацыялёгіі, будзе фактычна зьнішчаны праз узьяднаньне з інстытутам філязофіі.
То бок замест таго, каб узмацняць акадэмічную свабоду, замест таго, каб разьвіваць навуковыя веды, рабіць дывэрсыфікацыю, адкрываць дадатковыя інстытуты, структуры, усё, наадварот, зводзіцца ў адно», — сказаў Свабодзе кандыдат сацыялягічных навук, былы дырэктар Інстытуту сацыялёгіі НАН Беларусі Генадзь Коршунаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка зацьвердзіў рэформу Акадэміі навукШто папярэднічала
Указ № 367 «Аб дзейнасьці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» фармальна накіраваны на ўдасканаленьне навуковай сфэры, арганізацыйнай структуры і дзейнасьці НАН, а таксама падпарадкаваных ёй арганізацыяў, умацаваньне іхнага навуковага і вытворчага патэнцыялу, павышэньне практычнай скіраванасьці і эфэктыўнасьці дасьледаваньняў.
Указ зьліквідуе і рэарганізуе шэраг дзяржаўных навуковых установаў і навукова-практычных цэнтраў НАН. Аптымізацыя, як гэты працэс называюць улады, павінна ўхіліць дубляваньне функцыяў і засяродзіць патэнцыял навуковых установаў на разьвязаньні прыярытэтных для дзяржавы прыкладных задачаў у галіне тэхналёгіяў і тэхнікі, далейшым павышэньні эфэктыўнасьці навуковых дасьледаваньняў.
Дакумэнт зацьвердзіў Статут НАН у новай рэдакцыі.
Для ўмацаваньня кіраўнічай вэртыкалі і ўзмацненьня асабістай адказнасьці кіраўніцтва апарату Акадэміі навук за вынікі яе навуковай і гаспадарчай дзейнасьці старшыня прэзыдыюму НАН, ягоныя намесьнікі і галоўны вучоны сакратар атрымліваюць статус дзяржаўных цывільных службоўцаў.
У зьвязку з гэтым старшыню прэзыдыюму надзяляюць паўнамоцтвамі прымаць кадравыя рашэньні аб кіраўніках, намесьніках кіраўнікоў і вучоных сакратарах падпарадкаваных арганізацыяў.
Паўнамоцтвы прэзыдыюму і ягонага бюро пашыраюць, перадаўшы ім асобных функцыі агульнага сходу Акадэміі навук, каб забясьпечыць апэратыўнае прыняцьце рашэньняў.
Дзеля аптымізацыі замацоўваецца гранічная штатная колькасьць супрацоўнікаў апарату НАН.
Указ мяняе працэдуру выбараў правадзейных чальцоў (акадэмікаў) і чальцоў-карэспандэнтаў НАН, уводзіць дадатковыя крытэры ацэнкі іхных навуковых дасягненьняў. Раней стаць акадэмікам можна было толькі прайшоўшы адбор і набраўшы ня менш як дзьве траціны галасоў у таемным галасаваньні дзейных акадэмікаў і чальцоў-карэспандэнтаў.
Уводзіцца гранічны ўзрост на момант вылучэньня (для акадэмікаў — 70 гадоў, для сяброў-карэспандэнтаў — 60 гадоў), патрабаваньні мець навуковую ступень доктара навук і вучонае званьне прафэсара, досьвед кіраваньня навуковымі, навукова-тэхнічнымі і галіновымі праграмамі, а таксама значны ўнёсак у разьвіцьцё навукі, навуковыя і практычныя працы ў межах абвешчанай спэцыяльнасьці.
Акрамя таго, Аляксандар Лукашэнка атрымаў права сваім указам прысвойваць акадэмічныя званьні «асобам, якія зрабілі значны ўнёсак у разьвіцьцё нацыянальнай эканомікі, айчыннай і сусьветнай навукі».
У лютым 2025 году група навукоўцаў, якія вымушана зьехалі зь Беларусі з палітычных прычынаў, падрыхтавалі спавешчаньне, у якім адзначылі, што інстытуцыянальны крызіс, у якім цяпер апынулася Нацыянальная акадэмія навук, «можа быць пераадолены дзякуючы комплекснаму рэфармаваньню, магчымаму толькі ва ўмовах дэмакратызацыі ўсіх сфэраў грамадзкага жыцьця».