Катэдра беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту адзначае 70-годзьдзе

На адкрыцьці Міжнароднай навуковай канфэрэнцыі беларусістаў

Да юбілею катэдры прымеркавалі навуковую канфэрэнцыю, на якую зьехаліся беларусазнаўцы зь Літвы, ЗША, Чэхіі, Вялікай Брытаніі і шэрагу іншых краін.

Міжнародная навуковая канфэрэнцыя «Польска-беларускія моўныя, літаратурныя і культурныя сувязі» пачалася ў Варшаўскім унівэрсытэце 19 кастрычніка і будзе праходзіць два дні.

На адкрыцьці канфэрэнцыі выступілі цяперашнія кіраўнікі катэдры і знаныя навукоўцы, якія стваралі гісторыю катэдры беларусістыкі ў папярэднія гады. Адкрыла ўрачыстыя прамовы выканальніца абавязкаў кіраўніцы катэдры кандыдатка навук у мовазнаўстве Катажына Дрозд-Урбаньска.

Таксама з прывітальнымі прамовамі выступілі прафэсаркі Эльжбета Смулкова і Ніна Баршчэўская, якія ў розныя гады ўзначальвалі беларусістыку ў Варшаўскім унівэрсытэце. Прыбылі на канфэрэнцыю з выступамі таксама дырэктар Цэнтру беларускай культуры ў Беластоку Анатоль Вап і куратарка Бібліятэкі і Беларускага музэю імя Францішка Скарыны ў Лёндане Караліна Мацкевіч.

У час прамоваў прагучалі словы пра важнасьць і актуальнасьць падтрымкі беларусістыкі і розных яе кірункаў, у тым ліку ў няпростыя часы. Дэкан аддзелу прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту габілітаваная доктарка Агнешка Андрыховіч-Траяноўская заўважыла, што апошнім часам катэдра паказвае ўздым, што пацьвердзіла ўступная кампанія ўва ўнівэрсытэт. На ёй павялічылася колькасьць ахвотных навучацца на беларусістыцы.

Сярод дзясяткаў тэмаў, якія падрыхтавалі да выступленьня на канфэрэнцыі навукоўцы, ёсьць, напрыклад, такія:

  • «Вандалы і прыкарытныя. Нязнаныя старонкі гісторыі суполкі „Тутэйшыя“ (1986-1989)»,
  • «Інтэрферэнцыя блізкароднасных моваў у памылках новых беларускамоўных»,
  • «Па-за межамі беларускай ідэнтычнасьці: рэвалярызацыя pa prostu як рэгіянальнай мовы Сакольшчыны»,
  • «Бібліятэкар і дасьледнік: айцец Аляксандар Надсан і фармаваньне Беларускай бібліятэкі і музэю імя Ф. Скарыны»,
  • «Падручнік „Беларуская мова ў бізнэсеˮ“,
  • „Унія ў паэзіі Рыгора Барадуліна: паміж духоўнасьцю і паэтыкай“.

Ніна Баршчэўская: «Прыкра, што многія, хто вывучае Беларусь, ня можа паехаць у гэтую краіну»

Прафэсарка Ніна Баршчэўская — адна з найбольш заслужаных беларусазнаўцаў у Польшчы, усю навуковую дзейнасьць прысьвяціла вывучэньню праблематыкі беларускай мовы. На юбілей катэдры, якую знаная лінгвістка ўзначальвала з кастрычніка 2009 па травень 2014 гг., Ніна Баршчэўская расказала пра жыцьцё і пэрспэктывы катэдры беларускай службе Польскага радыё.

«Да 1992 году моладзь, якая прыходзіла на катэдру, пераважна была зь Беластоцкага ваяводзтва, зь ліцэяў у Бельску-Падляскім і Гайнаўцы. І гэта была моладзь, якая валодала беларускай мовай.

З моманту ўзьнікненьня за ўсходняй польскай мяжой незалежнай дзяржавы выявілася, што, з аднаго боку, гэта спрыяла большай зацікаўленасьці польскай моладзі, а з другога, узьніклі катэдры ў іншых гарадах. У Беластоку заснавалі Беларускую філялёгію, таксама ў Любліне. Моладзь, якая да таго часу прыходзіла да нас вучыцца і якая валодала беларускай мовай, пайшла туды, куды было бліжэй. А да нас, перадусім, гарнулася моладзь, якая ня ведала беларускай мовы».

Шэраг выпускнікоў катэдры стаў прафэсарамі, займаюцца рознымі пытаньнямі, зьвязанымі зь беларускай мовай ці літаратурай усё навуковае жыцьцё. Пры гэтым выкарыстаць свае веды напоўніцу ўдаецца ня ўсім, і прычыны тут вядомыя.

«Маладыя людзі, якія прыходзілі з Польшчы на катэдру, хацелі стаць перакладнікамі, наладжваць кантакты зь Беларусьсю, хацелі быць адмыслоўцамі па Беларусі. Дзейнасьць была шматбаковай. А цяпер паездкі ў Беларусь абмежаваныя.

Гэта вельмі прыкра, што студэнты, якія валодаюць беларускай мовай, і навуковыя супрацоўнікі, якія ў Польшчы зьяўляюцца амбасадарамі Беларусі, ня могуць ехаць у тую краіну, якую вывучаюць. Бо вядома, што ім можа пагражаць. З абсалютна невядомых прычын, зусім беспадстаўна, могуць быць арыштаваныя ці сутыкнуцца з іншымі непрыемнасьцямі толькі праз тое, што размаўляюць па-беларуску. І гэта вельмі сумна і прыкра».

Цяпер сярод навучэнцаў катэдры ёсьць і тыя людзі, якія былі вымушаныя пакінуць родную ім Беларусь, апынуліся ў Польшчы.

Важным дасягненьнем катэдры ёсьць тое, што яна ладзіць Алімпіяду ў беларускай мове. Гэта адзіная алімпіяда на мове нацыянальнай меншасьці ў Польшчы. На жаль, як адзначае прафэсарка Баршчэўская, правядзеньне такой унікальнай алімпіяды пакуль не спрацоўвае для маладых людзей як аргумэнт ісьці вучыцца на катэдру беларусістыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кніга Зьмітра Саўкі пра фанэтычна-графічную адаптацыю запазычаньняў атрымала ўзнагароду імя Мялета Сматрыцкага

З гісторыі катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту

Катэдра беларусістыкі ўтварылася ў 1956 годзе. Яе арганізатаркай была прафэсарка Антаніна Абрэмбска-Яблоньска. Гісторыя пачалася 7 жніўня таго году на базе Польска-савецкага інстытуту, які працаваў у цэнтры Варшавы на вуліцы Фоксаль, 10. Як успамінала Эльжбета Смулкова, акрамя гісторыкаў там месьціліся аддзяленьні беларусістыкі, украіністыкі і русістыкі.

Рэарганізацыя сыстэмы адукацыі адкрыла новыя магчымасьці. Праца праф. Абрэмбскай-Яблоньскай над атлясам усходнеславянскіх гаворак Беласточчыны перайшла ў аддзел славяназнаўства Польскай акадэміі навук, а на базе ўнівэрсытэту стварылі катэдру беларускай філялёгіі. Першы набор навучэнцаў у яе адбыўся ў канцы верасьня 1956 году. Заявы падалі 90 кандыдатаў, зь якіх прынялі 22 чалавекі.

З 1 красавіка 1969 па 30 верасьня 1975 году беларускія філёлягі ў выніку чарговай рэарганізацыі адукацыі працавалі як аддзяленьне беларускай філялёгіі ў Інстытуце расейскай філялёгіі на факультэце польскай і славянскай філялёгій Варшаўскага ўнівэрсытэту.

У верасьні 1975 году аддзяденьне ператварылася ў катэдру беларускай філялёгіі на факультэце русістыкі і славістыкі, а з 16 сакавіка 2005 году катэдру беларускай філялёгіі пераназвалі ў катэдру беларусістыкі. З 2009 году яна працуе на факультэце прыкладной лінгвістыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Беларусь мяне зьдзівіла». Гісторыя паляка Альбэрта Ежы Вяжбіцкага, які вядзе тэлеграм-канал па-беларуску