13 кастрычніка Папу праапэравалі, выдаліўшы ніжнюю долю правага лёгкага. Пасьля апэрацыі Ватыкан паведаміў, што ў Льва XIV пацьвердзілі адэнакарцыному — адзін з найбольш распаўсюджаных відаў раку лёгкага. Паводле хірурга Стэфана Маргарыторы, апэрацыя прайшла без ускладненьняў, а стан Папы на момант выпіскі быў добры: аналізы крыві былі ў норме, праца сэрца не выклікала занепакоенасьці, а лёгкае аднаўляецца ў звычайныя тэрміны.
Пухліну ў Папы выявілі выпадкова. Леў XIV ня меў ніякіх сымптомаў з боку дыхальнай сыстэмы і адчуваў сябе добра. Падчас звычайнага абсьледаваньня органаў брушной поласьці лекары заўважылі невялікую пляму ў ніжняй частцы лёгкага. «Калі б пляма знаходзілася крыху вышэй, яе, хутчэй за ўсё, не заўважылі б», — расказаў Маргарытора. Хірург падкрэсьліў важнасьць прафіляктычных абсьледаваньняў, бо рак лёгкага на раньніх стадыях часта не дае сымптомаў.
Маргарытора назваў апэрацыю стандартнай з хірургічнага пункту гледжаньня, хоць прызнаўся, што апэраваць Папу было для яго «глыбока асабістым перажываньнем». Самога Льва XIV ён назваў «ідэальным пацыентам»: пантыфік амаль не скардзіўся на боль, выконваў рэкамэндацыі лекараў і імкнуўся як мага хутчэй вярнуцца да актыўнасьці. На наступны дзень пасьля апэрацыі мэдыкі нават заўважылі, як Папа самастойна расстаўляў крэслы ў капліцы.
Паводле хірурга, для поўнага фізычнага аднаўленьня Льву XIV спатрэбіцца яшчэ каля дзесяці дзён. Пры гэтым лекары ня бачаць мэдычных перашкодаў для заплянаванай на 6–17 лістапада паездкі Папы па краінах Лацінскай Амэрыкі. «З мэдычнага пункту гледжаньня няма прычынаў, якія маглі б перашкодзіць гэтай паездцы», — заявіў Маргарытора. Разам з тым пакуль публічна не паведамлялася пра памер выдаленай пухліны і пра тое, ці былі выяўленыя мэтастазы — гэтыя зьвесткі маюць істотнае значэньне для ацэнкі далейшага прагнозу.