Сутыкненьні з паліцыяй адбыліся ў Парыжы, Марсэлі ды іншых буйных гарадах. Паліцыя ўжывала вадамёты і сьлезацечны газ. Удзельнікі беспарадкаў кідалі кактэйлі Молатава. У шэрагу месцаў, як сьведчаць шматлікія відэазапісы, беспарадкі суправаджаліся марадэрствам — удзельнікі рабавалі дарагія крамы. Адбываліся і падпалы. Амаль цалкам згарэў пабудаваны ў XIX стагодзьдзі будынак мэрыі гораду Лімож. Гістарычны будынак гарэў таксама ў Бардо. У Ліёне спалілі турыстычны офіс.
BBC адзначае, што падпалы і рабаваньні зафіксавалі ў Марсэлі, Ліёне, Грэноблі, По, Манпэлье, Тулюзе і Валансе. У Авіньёне, Лілі і Бардо пратэстоўцы атакавалі ўрадавыя будынкі. Маштабныя сутыкненьні адбыліся на плошчы Рэспублікі ў Парыжы.
Прэзыдэнт Эманюэль Макрон заявіў, што ў Францыі няма месца гвалту, і паабяцаў прыцягнуць вінаватых да адказнасьці. Пра гэта ён напісаў у сацыяльнай сетцы X.
Усяго ў суботніх дэманстрацыях па ўсёй краіне ўзялі ўдзел сотні тысяч чалавек — паводле ацэнак, ад 500 да 800 тысяч. Дэманстранты незадаволеныя ростам цэнаў, дарагім палівам, скарачэньнем дзяржаўнага фінансаваньня сацыяльнай сфэры, заняпадам грамадзкіх службаў, паліцэйскім гвалтам, дрэнным станам школаў і ўнівэрсытэтаў, малой колькасьцю вакансіяў і недастатковымі субсыдыямі на падтрымку заморскіх тэрыторыяў Францыі. Акрамя ўдзельнікаў пратэстаў навучэнцаў і студэнтаў, якія пачаліся ў верасьні, да дэманстрацыяў далучыліся прафсаюзныя актывісты і былыя ўдзельнікі руху «жоўтых камізэлек». У акцыях бралі ўдзел і крайне левыя актывісты.
Крайне левы кандыдат у прэзыдэнты Жан-Люк Мэляншон усклаў частку адказнасьці за беспарадкі на паліцыю, але пры гэтым асудзіў гвалт і заклікаў сваіх прыхільнікаў ня ўдзельнічаць у ім. Лідэр правага «Нацыянальнага аб’яднаньня» Жардан Бардэля заявіў: «17 кастрычніка стала нагодай для зьліцьця ўльтралевага тэрарызму і бандыцкіх груповак з прадмесьцяў». Марын Ле Пэн, кандыдатка ў прэзыдэнты ад «Нацыянальнага аб’яднаньня», заявіла, што парадак дня пратэстоўцаў «захапілі крайне левыя».
Прэм’ер-міністар Францыі Сэбастыян Лекарню заявіў, што людзі маюць права на мірныя пратэсты, але «падпалам, рабаваньням і нападам» ня можа быць месца. «Ніхто ня будзе навязваць сваю палітычную праграму з дапамогай гвалту», — заявіў Лекарню.