Гарцуева: у савецкай Беларусі творцам дыхалася вальней, чым цяпер

Валянціна Гарцуева

Актрыса Валянціна Гарцуева лічыць, што творчай інтэлігенцыі ў сёньняшняй Беларусі можа быць нават цяжэй, чым было ў савецкі час.

Пра гэта былая актрыса Купалаўскага тэатру сказала ў інтэрвію праекту «Канапа» на YouTube-канале Радыё Свабода, разважаючы пра тое, ці магчыма сёньня ствараць незалежнае мастацтва ўнутры Беларусі.

У размове Гарцуева сказала, што ня верыць у магчымасць адкрыта ствараць у сёньняшняй сыстэме «актуальнае, цудоўнае, новае» мастацтва. У адказ Дзьмітры Гурневіч нагадаў ёй, што нават у савецкай Беларусі, дзе таксама не было свабоды слова і адбываліся рэпрэсіі супраць інтэлігенцыі, зьявіліся Ўладзімір Караткевіч, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Алесь Разанаў і іншыя выбітныя творцы.

«Ведаеце, я не экспэрт у гэтай справе, але нешта мне падаецца, што ў савецкай Беларусі нават больш свабодна дыхалася, чым зараз людзям у Беларусі ў 2026 годзе. Асабліва творчай інтэлігенцыі, якая, безумоўна, там ёсьць. Безумоўна, яны працуюць, але ня маюць магчымасьці праяўляцца», — адказала Гарцуева.

Пры гэтым актрыса ня стала заклікаць беларускіх творцаў пакідаць краіну.

«У мяне няма адказу. Я ня ведаю, што трэба рабіць. Кожнаму сваё. Ня ўсе змаглі выехаць, ня ўсе хацелі. Калі б я магла, я б засталася там. Я б ніколі ў сваім жыцьці не хацела. Нават калі выйшла замуж за немца, я не хацела зьяжджаць зь Беларусі. Гэта ніколі не было маім жаданьнем, я ніколі ня марыла пра нейкую кар’еру ў іншай краіне. Таму гэта вымушаная міграцыя».

Гарцуева параўнала становішча тых, хто застаўся ў краіне, з «вымушанай унутранай міграцыяй», але яна ўпэўненаая, што культурнае жыцьцё ў Беларусі не спынілася, нават калі звонку яго амаль не відаць.

«Я ўпэўненая, што там ёсьць нейкае падпольле. Яно ёсьць там, дзе мы ня ведаем. І, магчыма, дзякуй Богу, што мы ня ведаем і ніхто ня ведае. Я ўпэўненая, што нейкая праца ідзе. Я веру ў людзей», — сказала былая актрыса Купалаўскага тэатру.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Канапа» з Гарцуевай — пра «гэбістаў» на кастынгу, падпольле ў Беларусі і «тры гады ў сьне»

Пра праект «Канапа»

«Канапа» — гэта ўтульныя інтэрвію Дзьмітрыя Гурневіча, дзе госьці разважаюць пра Беларусь і беларускасьць. І проста могуць быць сабой. Глядзіце на YouTube-канале Радыё Свабода.