Аднавіў працу сайт Леаніда Маракова — на ім вялікія архівы пра камуністычныя рэпрэсіі ў Беларусі

Адна з кніг Леаніда Маракова

Сайт Леаніда Маракова зьнік тры гады таму, увесь гэты час ён ня быў дасяжным. Але цяпер архівы ўдалося аднавіць і дапоўніць.

Цяпер старонка дапоўненая і адноўленая. Па адрасе marakou.com можна прачытаць укладзеныя дасьледнікам даведнікі, а таксама аўтарскую прозу Леаніда Маракова. Таксама на сайце можна пазнаёміцца з паэзіяй роднага дзядзькі дасьледніка — Валера Маракова, расстралянага ў чорную ноч 29 кастрычніка 1937 году.

Аднаўленьне старонкі стала магчымым дзякуючы Клюбу беларускіх мэцэнатаў і асабіста Івану Бахціну, паведаміў у фэйсбуку кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін.

«Асобная падзяка Зьмітру, сыну Леаніда, з дазволу якога была праведзена гэтая праца. Гэта падзея. Вяртаецца цэлы пласт беларускай гістарычнай памяці».

Хто такі Леанід Маракоў

Леанід Маракоў — беларускі энцыкляпэдыст, дасьледнік, пісьменьнік, які выдаў шэраг кніг пра рэпрэсаваных у Беларусі людзей, а таксама пра камуністычных карнікаў, якія чынілі злачынствы.

Памёр у 2016 годзе пасьля хваробы і пахаваны на Заходніх могілках у родным Менску.

Свой сайт пра рэпрэсіі Леанід Маракоў адкрыў яшчэ ў 2008 годзе. З таго часу сабраная базу кніг і імёнаў пастаянна папаўнялася. Цяпер у сьпісах больш за 4000 настаўнікаў, 3000 каталіцкіх і праваслаўных сьвятароў, 1500 мэдыцынскіх і вэтэрынарных работнікаў, больш за 1000 літаратараў і навукоўцаў, многія тысячы іншых дзеячаў культуры, грамадзтва, прамысловасьці Беларусі.

Старонка працуе на трох мовах — беларускай, расейскай і ангельскай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Расстрэльвалі службоўцаў, рэктараў, работнікаў саўгасаў». Ня толькі літаратары. Хто яшчэ стаў ахвярай «чорнай ночы»


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Мільён імёнаў арыштаваных. Зьявілася новая база зьвестак аб рэпрэсіях у Беларусі