Беларус Эмілій Лабейка ваюе на баку Ўкраіны з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі. Аднак праз чатыры гады службы — сёлета ў лістападзе — яго могуць прымусіць выехаць з краіны. Усё таму, што добраахвотнік зь Беларусі ня можа легалізавацца ва Ўкраіне.
Прычынай стаў новы закон, які меўся палегчыць легалізацыю іншаземных вайскоўцаў ва Ўкраіне, каб яны не аказваліся ў праўнай яме і ня трацілі легальнага статусу нават праз паўгоду пасьля заканчэньня кантракту.
Закон № 4730-IX пачаў дзейнічаць 10 траўня 2026 году. Паводле яго, усе вайскоўцы, якія пачалі служыць ва Ўкраіне раней за гэтую дату і яшчэ не атрымалі дазволу на жыхарства, абавязаныя падаць дакумэнты ў міграцыйную службу да 10 лістапада. У выніку яны могуць атрымаць дазвол на жыхарства.
Аднак для Эмілія Лабейкі гэты закон сыграў адваротную ролю. Ён ня можа падаць неабходны пакет дакумэнтаў — у яго няма пашпарта. Беларускі пашпарт Лабейкі згарэў пры абстрэле Краматорску ў траўні 2023 году, расказваў ён раней Свабодзе. Зрабіць новы пашпарт ён ня можа, бо ў тым жа годзе Лукашэнка забараніў афармляць новыя пашпарты праз амбасады за мяжой. Паехаць у Беларусь па новыя дакумэнты Эмілію небясьпечна — у Беларусі яму пагражае турма за тое, што ён ваюе за іншую дзяржаву. Ён знаходзіцца ў вышуку ў Расеі. А на часова акупаванай тэрыторыі Данецкай вобласьці, у так званай «ДНР», яму вынесьлі прысуд.
Раней для легальнага знаходжаньня Эмілія ва Ўкраіне было дастаткова, што ён мае вайсковы білет. Ягонае кіраўніцтва бачыла ягоны дзейны пашпарт, калі прымала яго на службу. 10 лістапада легальны статус беларуса можа скончыцца. Хоць цяперашні кантракт мае дзейнічаць да лета 2028 году.
Больш за год Лабейка служыць у 21-м палку бесьпілётных сыстэмаў Kraken, які ўваходзіць у трэці армейскі корпус сухапутных войскаў Узброеных сілаў Украіны (ня блытаць з спэцпадразьдзелам Kraken у складзе Галоўнага ўпраўленьня выведкі Ўкраіны). Уладкоўваўся Лабейка туды ўжо на падставе ксэракопіі пашпарта, кажа ён. Да 2025 году Эмілій служыў у складзе Міжнароднага легіёну пры Галоўным упраўленьні выведкі Ўкраіны. Дадае, што нефармальна ён лічыўся тады ў палку Каліноўскага.
«Я ўсё ж такі служыў у легіёне. Але з тымі беларусамі, зь якімі я служыў, мы называлі сябе „полк Каліноўскага“», — адзначае ён.
Як расказаў Эмілій Лабейка Свабодзе, фактычна на вырашэньне пытаньня ягонай легалізацыі ён меў паўгоду — пачынаючы зь 10 траўня. Засталося тры тыдні. Зь ягоных словаў, цяперашняе кіраўніцтва занялося гэтай праблемай тыдзень таму, пачало зьбіраць ягоныя дакумэнты, каб падаць іх у Дзяржаўную міграцыйную службу (ДМС).
«Што будзе далей, калі я не змагу падаць заяву? Зараз, наколькі я сам разумею, ніякай працэдуры, па якой я змагу падацца, проста не існуе. Незразумела, што яны будуць рабіць далей», — камэнтуе Лабейка.
Беларускі дабраахвотнік Эмілій Лабейка, фота з архіву суразмоўцы
Добраахвотнік спадзяецца, што яго ня будуць затрымліваць і прымусова дэпартаваць, пагатоў у Беларусь, дзе яго чакае турма. Але дапускае варыянт, што ён будзе абавязаны сам сабраць рэчы пасьля 10 лістапада і цягам некалькіх дзён выехаць з краіны.
«Думаю, у Беларусь мяне ніхто ня будзе адпраўляць… Тым больш я вельмі дасьведчаны баец. Адпраўляць мяне туды, дзе будуць толькі пацяшацца над тым, што Ўкраіна зрабіла… Таму я думаю, што ўсё ж такі мне дадуць пэўны пэрыяд, і я маю адсюль проста выехаць», — камэнтуе Лабейка.
Ён мяркуе, што калі іншаземцы даведаюцца, што дзейнага замежнага добраахвотніка могуць прымусіць выехаць з краіны праз адсутнасьць папераў, яны перастануць уступаць у шэрагі Ўзброеных сілаў Украіны.
«Я скептычна стаўлюся да таго, што яны так зробяць (прымусяць Лабейку выехаць з Украіны. — РС), але не выключаю. Гэта будзе цяжкі ўдар агулам па іміджы краіны. Я публічны чалавек, пра свае праблемы заўсёды апавядаю», — камэнтуе Эмілій.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Згарэў пашпарт. Беларускі добраахвотнік ва Ўкраіне ня можа аднавіць дакумэнтыЛабейка ў жніўні зьвяртаўся ў Часовую сьледчую камісію Вярхоўнай Рады Ўкраіны, якая займаецца правамі чалавека, каб яна дапамагла разьвязаць ягоную праблему з дакумэнтамі. Ён кажа, што пасьля гэтага звароту яму пачалі прыходзіць адказы ад розных службаў, у тым ліку ад Службы бясьпекі Ўкраіны, Антыкарупцыйнага бюро, пракуратуры, паліцыі (копіі некаторых адказаў ёсьць у рэдакцыі Свабоды). У сутнасьці ў іх гаворыцца, што нельга зрабіць выключэньне для сытуацыі Лабейкі і аформіць яму дакумэнты бяз пашпарта або што орган не знайшоў парушэньняў у ранейшым разглядзе сытуацыі беларускага добраахвотніка.
«Я зараз знаходжуся ў нейкай праўнай дзіры, калі нічога не магу зрабіць», — адзначае добраахвотнік.
Эмілій кажа, што калі ўрэшце ён будзе вымушаны выехаць з Украіны, то паедзе ў Польшчу, бо там, на ягоную думку, найлепш вырашаюць такія праблемы з дакумэнтамі, як у ягоным выпадку. Эмілій дапускае, што тады зможа вярнуцца да праграмаваньня. У Беларусі ён раней не давучыўся на адпаведным кірунку.
Эмілію Лабейку 26 гадоў. Ён паехаў ваяваць ва Ўкраіну, маючы 21 год. Паходзіць з Бабруйску, узяў сабе пазыўны «Бобр». Удзельнічаў у пратэстах 2020 году ў Бабруйску і ў Менску. Кінуў завочную вучобу ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. У ліпені 2021 году выехаў зь Беларусі ў Польшчу, працаваў у McDonald’s. Адзначае, што бацькі не падтрымалі ягоны выбар — і зьехаць зь Беларусі, і пайсьці ваяваць. Цяпер хлопец зь імі не кантактуе. У Беларусі ў яго таксама засталіся былая жонка і двое дзяцей. Зь імі ён таксама не стасуецца.