Аляксандар Лукашэнка наведаў у Верхнядзьвінскім раёне Віцебскай вобласьці навучальна-трэнавальныя заняткі аднаго з атрадаў «народнага апалчэньня».
«У вас адзін падразьдзел, добры падразьдзел. Але гэтага мала. І трэба нам пашырацца. Трэба недзе яшчэ ствараць такія базавыя атрады. Яны павінны быць зьвязаныя паміж сабой», — працытавала Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Ён нагадаў, што раней даручаў кіраўніку Беларускага таварыства паляўнічых і рыбакоў, колішняму міністру ўнутраных справаў Ігару Шуневічу залучаць у «народнае апалчэньне» людзей, якія ўмеюць абыходзіцца з зброяй.
«Гэта ў самым нізе народнае апалчэньне. Далей тэрытарыяльная абарона — абарона інфраструктурных аб’ектаў. Народнае апалчэньне, тэрытарыяльная абарона і зьверху армія. Натуральна, уся гэтая структура пад камандаваньнем прэзыдэнта», — сказаў Лукашэнка.
У той жа час ён адзначыў, што атрад «народнага апалчэньня» мусіць быць ядром абароны.
«У выпадку ваенных дзеяньняў гэтае ядро можа пашырацца. База, на якой ствараецца народнае апалчэньне, — гэта сельскі савет. Узбраеньне для вас падрыхтавана. Гэта справа вайскоўцаў. Аўтаматы, гранаты, кулямёт вы будзеце мець. А тут яшчэ БПЛА. Гэта добра, што вы авалодалі бесьпілётнікамі», — зазначыў ён.
Паводле Лукашэнкі, удзельнікі атрадаў «народнага апалчэньня» павінны быць добра падрыхтаваныя фізычна.
«Галоўнае — гэта нават не стральба. Галоўнае — гэта фізычная падрыхтоўка. Вы павінны навучыцца „ўхіляцца ад кулі“», — дадаў ён.
Атрад, які наведаў Лукашэнка, створаны на базе паляўнічай гаспадаркі «Красны бор».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Улады на рэгіянальным узроўні актывізавалі кампанію рэкрутынгу ў «народнае апалчэньне»Што прадугледжвае закон аб «народным апалчэньні»
Згодна з законам, «апалчэньне» ствараецца для абароны ў выпадку вонкавай агрэсіі, як дадатак да войска. Яго асноўная задача — забесьпячэньне ваеннага становішча. Падчас ваеннага становішча ўлада на месцах павінна канцэнтравацца ў руках вайсковых кіраўнікоў, вайсковых камэндантаў. І, паводле лёгікі, «апалчэнцы» павінны дапамагаць вайскоўцам бараніць краіну ад іншаземных захопнікаў.
Але ў законе гаворыцца, што «народнае апалчэньне» павінна садзейнічаць тэрытарыяльным органам унутраных справаў. А функцыя міліцыі палягае ў забесьпячэньні парадку і законнасьці ўнутры краіны, а не ў абароне ад вонкавых ворагаў.
Інакш кажучы, «народнае апалчэньне», паводле закону, паклікана стаць дадатковым інструмэнтам дзеля абароны рэжыму ад незадаволенага грамадзтва.
Закон надзяліў «апалчэнцаў» правам ужываць фізычную сілу і зброю. Асноўная задача «апалчэньня» палягае ў спрыяньні тэрытарыяльным органам унутраных справаў пры забесьпячэньні ваеннага становішча, абароне ўласнасьці «ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў».
У дакумэнце вызначаныя «парадак кіраваньня народным апалчэньнем, фармаваньня, камплектаваньня і дысьлякацыі атрадаў народнага апалчэньня, выкананьня імі задач», а таксама «паўнамоцтвы дзяржаўных органаў і службовых асобаў у сфэры дзейнасьці народнага апалчэньня».
Згодна з законам, парадак фармаваньня і расфармаваньня «народнага апалчэньня», яго камплектаваньня, уліку добраахвотнікаў павінен вызначаць урад.