Сяргей Ціханоўскі прапанаваў супольную структуру для дэмакратычнага руху. Экспэрт ацаніў, ці рэальна гэта

Сяргей Ціханоўскі

У чарговым відэа на канале «Cтрана для жизни» былы палітвязень Сяргей Ціханоўскі заявіў: «Нашаму дэмакратычнаму руху патрэбныя сур’ёзныя рэформы». Свабода разьбіралася, чаго менавіта хоча Ціханоўскі і ці рэалістычна тое, што ён гаворыць.

У сваім звароце Сяргей Ціханоўскі адзначыў, што ў працэс распрацоўкі стратэгіі і тактыкі павінны быць уключаныя ўсе змагары, якія маюць хоць якую аўдыторыю альбо падтрымку. Нават калі яна роўная 3%, іх трэба ўключыць.

«Маўчаньне пэўных структураў і офісаў, калі ідзе працэс цкаваньня такіх людзей, калі маргіналізуюць любога, хто выступае зь нейкімі іншымі прапановамі, зь фінляндызацыяй, з нэўтральным статусам, з чым хочаш, гэта няправільна.

Вы павінны ўключыць усіх гэтых людзей у адзіны працэс. І гэта мусіць зрабіць менавіта офіс. І калі там ёсьць сапраўдны лідэр, ён і павінен гэта зрабіць, прапанаваць гэта сам».

На думку Сяргея Ціханоўскага, які цяпер жыве ў ЗША, трэба прапанаваць арганізацыю, у якой будзе адмысловая рада. У яе будуць уваходзіць лідэры пратэстаў, экс-кандыдаты ў прэзыдэнты, за якіх галасавалі, у якіх была падтрымка. Ён пералічыў Віктара Бабарыку, Валера і Вераніку Цапкалаў, Сьвятлану Ціханоўскую і сябе, Марыю Калесьнікаву, Паўла Латушку, Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца, Зянона Пазьняка, філёзафа Ўладзімера Мацкевіча і іншых асобаў.

Як мяркуе Сяргей Ціханоўскі, пасланьні выпрацоўваліся бы такой камандай, супольна. У арганізацыі быў бы прэзыдэнт, які даносіў бы распрацаваную стратэгію да заходніх партнэраў.

«І не было б фінансавых пытаньняў, прэтэнзій: „А куды там ідуць грошы?“ Прычым гэтыя людзі не працавалі б у гэтай арганізацыі, а ў радзе былі б. І была б легітымнасьць ня толькі ад Эўрапейскага зьвязу, але і ад беларусаў».

Далей Ціханоўскі на відэа пакрытыкаваў Офіс Сьвятланы Ціханоўскай і дапусьціў, што людзям, якія цяпер працуюць у ім, гэта нецікава.

Далей Ціханоўскі ўспомніў, што ўжо выносіў гэтую прапанову, абмяркоўваў яе з шэрагам іншых палітычных дзеячаў зь Беларусі, у тым ліку сваёй жонкай Сьвятланай, якая, таксама, як і іншыя, сказала, што прапанова заслугоўвае ўвагі, і яна «за».

«Важна, каб выпрацоўвалася агульная стратэгія, а ня ўсе цэнтры тамака адзін супраць аднаго ваявалі. Вы разумееце сэнс?» — сказаў Ціханоўскі.

У офісе Сьвятланы Ціханоўскай ня сталі камэнтаваць прапанову Сяргея Ціханоўскага.

Экспэрт: «Ідэя падаецца нерэалістычнай»

Палітычны аглядальнік Юры Дракахруст у інтэрвію «ПіКу Свабоды» пракамэнтаваў прапанову Сяргея Ціханоўскага.

Юры Дракахруст

«Прапанова Ціханоўскага, ідэя — добрая, бо яна спрабуе разьвязаць пэўны крызіс, які мы цяпер назіраем у дэмакратычных сілах Беларусі. Але ў выкананьні, у сваёй структуры, мне усё ж такі гэтая ідэя падаецца нерэалістычнай.

Адна з прычынаў — тая, пра якую ён жа сам там гаворыць, згадваючы сваю гутарку з Бабарыкам, калі Бабарыка яму сказаў, што, маўляў, „спрабуй, Сяргей, але тут важна, каб на гэта пагадзілася Сьвятлана“. Наколькі можна зразумець, яна на гэта пакуль не пагаджаецца, ці ўвогуле не пагаджаецца, і тады ўся гэтая схема не працуе».

Гэта не адзіная прычына, чаму экспэрт ставіцца да прапановы скептычна. Ён гаворыць, што да папановы Ціханоўскага можа паўставаць «структурная прэтэнзія».

«Ціханоўскі кажа: „Давайце мы зьбярэм усіх у адну раду, дзе Сьвятлана будзе, умоўна, першай сярод роўных ці ўвогуле роўнай“. Але тады паўстае вельмі простае пытаньне, а як гэтая рада будзе прымаць рашэньні?! Большасьцю? А чаму большасьцю менавіта з гэтых людзей? Калі ня большасьцю, тады як? Ці апошняе слова за кім, за Сьвятланай?

Як той казаў, д’ябал хаваецца ў дробязях, а ў дадзеным выпадку ў гэтых дробязях зусім незразумела, як гэта можа функцыянаваць. Пагатоў у беларускай палітычнай гісторыі былі спробы стварыць такія рады. Як мы з вамі памятаем, гэтыя ўсякія „пяцёркі плюс“ і гэтак далей. Гэта ўсё даволі кепска працавала».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чаго насамрэч хоча Ціханоўскі?


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Спэцслужбы могуць скарыстацца канфліктам», — Турарбекава пра мэты Ціханоўскага і пагрозы Класкоўскаму