Кампанія «Данбасэнэрга», якая раней належала старэйшаму сыну колішняга прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча Аляксандру, зьвярнулася ў суд з заявай аб кампэнсацыі за нанясеньне шкоды ў выніку расейскай агрэсіі.
Як стала вядома Свабодзе ад інфармаванай крыніцы, у пазове фігуруюць 65 расейскіх і беларускіх прадпрыемстваў. Прадпрыемства «Данбасэнэрга» просіць сьцягнуць зь іх салідарна 547 471 815 грыўняў, што адпавядае 14 971 090,36 даляра ў эквіваленце.
У сьпісе адказьнікаў з боку Беларусі — дзяржаўныя і прыватныя кампаніі
Украінскае прадпрыемства лічыць адказнымі за шкоду ад расейскай агрэсіі тры дзяржаўныя і чатыры прыватныя прадпрыемствы:
- ААТ «Беларуськалій» (кантралюе ўрад Беларусі),
- Экспартна-вытворчае прадпрыемства «Беллесэкспарт» (кантралюе Міністэрства лясной гаспадаркі),
- ААТ «Нафтан» (дзяржаўнае прадпрыемства, якім кіруе Дзяржаўны камітэт маёмасьці),
- Замежнае ТАА «Омск Карбон Магілёў» (дзейнічае ў свабоднай эканамічнай зоне «Магілёў», заснавальнік — прыватная кампанія «Омск Карбон Груп Лімітэд» (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты), якая ўваходзіць у структуру расейскай ТАА «Омсктехуглерод», што таксама належыць кампаніі з ААЭ),
- ТАА «Рэал-Агент» (прыватная кампанія, зарэгістраваная ў Менску, як адзначаецца на партале kartoteka.by, займаецца іншай дзейнасьцю ў наданьні дадатковых камэрцыйных паслуг, у студзені 2023 году Ўкраіна ўвяла супраць гэтага прадпрыемства эканамічныя санкцыі на 10 гадоў),
- ТАА «Садружнасьць Транс-Агра» (лягістычная кампанія, уваходзіць у склад міжнароднай аграпрамысловай групы кампаніяў «Садружнасьць» з прамысловымі магутнасьцямі ў Калінінградзкай вобласьці Расеі. Кампанію стварылі Аляксандар Луцэнка і ягоная жонка Натальля, якія пачыналі бізнэс у Менску ў 1994 годзе з гандлю кармамі і кармавымі дабаўкамі),
- ТАА «Транзіт-Аўта 2003» (згодна з адкрытымі зьвесткамі, уласьнік кампаніі — Аляксей Шведаў. Супраць гэтага прадпрыемства Ўкраіна ўвяла санкцыі за дапамогу расейскай арміі. Кампанія таксама згадвалася ў кантэксьце дзейнасьці, зьвязанай зь бізнэс-інтарэсамі атачэньня, блізкага да Кіраўніцтва справаў Лукашэнкі).
Што вядома пра ўкраінскую кампанію
«Данбасэнэрга» — энэргагенэрацыйная кампанія, спэцыялізавалася на вытворчасьці і пастаўках электрычнай і цеплавой энэргіі. Сярод яе актываў — Славянская ЦЭС у Краматорскім раёне Данецкай вобласьці, Старабешаўская ЦЭС (мястэчка Новы Сьвет Данецкай вобласьці). Галоўны акцыянэр — «Энэргаінвэст Холдынг». Цяпер кампанія ў стадыі банкруцтва.
У 2013 годзе, згодна з шматлікімі журналісцкімі расьсьледаваньнямі ўкраінскіх выданьняў «Економічна правда» і «Наші гроші», кіраўнікі кампаніі «Энэргаінвэст Холдынг» выступалі намінальнымі трымальнікамі ў інтарэсах старэйшага сына колішняга прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча Аляксандра.
Пасьля ўцёкаў Віктара Януковіча і яго сям’і ў 2014 годзе ў выніку масавых акцыяў пратэсту кантроль над кампаніяй атрымаў Андрэй Зінатулін. Ён ня ёсьць публічнай палітычнай асобай, але ягоная кар’ера пачалася якраз у пэрыяд прэзыдэнцтва Януковіча і росту ўплыву ягонай сям’і ва ўкраінскім бізнэсе: Зінатулін афіцыйна ачольваў кампанію «Данбасэнэрга» з 2013 да 2015 году.
Чаму суд прыняў пазоў да разгляду
Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
У лютым 2025 году стала вядома аб судовым субсыдыярным пазове ўкраінскай грамадзкай арганізацыі «ДрукАрмія» Расеі, Уладзіміра Пуціна, Беларусі, Аляксандра Лукашэнкі, а таксама супраць Ірану і Паўночнай Карэі аб кампэнсацыі маральнай шкоды, нанесенай грамадзянам Украіны ў выніку поўнамаштабнай агрэсіі Расеі.
У якасьці трэціх асобаў арганізацыя прасіла далучыць Кабінэт міністраў Украіны, урады ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі, Кітаю, ААН, Эўрапейскую камісію, а таксама амэрыканскую тэхналягічную кампанію Alphabet Inc. і ICANN, Карпарацыю кіраваньня дамэннымі імёнамі.
Сума пазову складала 1,9 дэцыльярда грыўняў (лічба ў 37 знакаў). Аднак аўтар пазову не падаў разьлікі, на падставе якіх вызначылі памер такой кампэнсацыі. Тады суд пакінуў пазоў бяз руху: прапанаваў выправіць памылкі і даплаціць судовы збор, які ў выпадку патрабаваньня кампэнсацыі залежыць ад памеру вызначанай прэтэнзіі й складае 1,5% ад агульнай сумы пазову або ня менш за адзін памер пражытковага мінімуму і ня больш за 350 памераў пражытковага мінімуму для працаздольных. Дагэтуль арганізацыя спрабуе абскардзіць рашэньне першай судовай інстанцыі і не адмаўляецца ад ідэі прыцягнуць да адказнасьці Расею і ўсе краіны, якія ёй дапамагаюць у вайне супраць Украіны.
У лістападзе 2025 году стала вядома аб звароце ў суд прыватнага акцыянэрнага таварыства «Бетонмаш», вытворчасьць якога знаходзіцца ў Славянску Данецкай вобласьці, зьвярнулася ў суд па кампэнсацыю за нанясеньне шкоды ў выніку расейскай агрэсіі. У пазове сярод адказчыкаў фігуравала Міністэрства юстыцыі Беларусі.
Сёлета ў сакавіку суд у Харкаве пастанавіў спагнаць больш за 9 мільёнаў даляраў на карысьць двух данецкіх бізнэсоўцаў з 58 расейскіх і 7 беларускіх прадпрыемстваў за фінансаваньне агрэсіі Расеі супраць Украіны, у выніку чаго яны страцілі свой бізнэс. У гэтым пазове фігуравалі тыя ж прадпрыемствы, што і цяпер у пазове «Данбасэнэрга».