Маштабную рэканструкцыю касьцёла на Кальварыйскіх могілках зьбіраюцца пачаць ужо сёлета

Кальварыйскія могілкі, 2018 год

«Мінская спадчына» абвясьціла тэндэр для пошуку генпадрадчыка, які правядзе рэканструкцыю каталіцкага храма на Кальварыйскіх могілках.

Асьвечаны ў 1842 годзе касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа цяпер належыць гэтаму дзяржаўнаму прадпрыемству. Апроч бажніцы, рэканструюць браму і шэсьць капліцаў-пахавальняў, піша katolik.life.

З абвесткі вынікае, што будаўніча-мантажныя працы зьбіраюцца пачаць 1 сьнежня і завяршыць да лістапада 2027 году. Прыблізны кошт работ — 7,3 мільёна рублёў, якія вылучаць з гарадзкога бюджэту.

Брама Кальварыйскіх могілак, 2013 год. Фота ©Shutterstock

У касьцёле праект прадугледжвае

  • рэстаўрацыю фасадаў,
  • рэстаўрацыю памятных дошак,
  • замену даху на бляшаны фальцавы з палімэрным пакрыцьцём,
  • аднаўленьне дэкаратыўных элемэнтаў вадасьцёкавай сыстэмы,
  • замену запаўненьняў аконных і дзьвярных праёмаў на драўляныя з узнаўленьнем гістарычнага выгляду,
  • замену падлогі на керамагранітныя пліты,
  • дэмантаж з аднаўленьнем подыюму алтарнай часткі з агароджай і апор хораў.

Верагодна, касьцёл закрыюць для вернікаў на час рамонту, піша katolik.life.

У Менску тым часам працягваецца рэканструкцыя Чырвонага касьцёла. Раней «Мінская спадчына» плянавала ўправіцца да канца 2026 году. Але нядаўна на пашпарце аб’екту зьявілася новая дата 30 красавіка 2027 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чырвоны касьцёл у Менску не адновіць працу ў заплянаваны тэрмін