Беларусу на 100 гадоў забаранілі ўезд у Расею — за ўдзел у беларускіх пратэстах 2020 году

Суд Карэліі. Архіўнае фота

У Беларусі Максіма Стасевіча, які працаваў на Белым моры ў сфэры турызму, пакаралі штрафам за ўдзел у пратэстах 2020 году. А ў Карэліі ягоныя дзеяньні палічылі пагрозай грамадзкаму парадку, у тым ліку на тэрыторыі Расеі.

У верасьні 2026 году Вярхоўны суд расейскага рэгіёну Карэлія вынес рашэньне ў адносінах беларуса Максіма Стасевіча, удзельніка пратэстаў у Менску 2020 году. Вярхоўны суд Рэспублікі Карэлія забараніў яму наведваць Расею цягам 100 год — да 17 красавіка 2126 году.

Стасевіч вучыўся ў Менскім дзяржаўным лінгвістычным унівэрсытэце па спэцыяльнасьці «лінгвіст-выкладчык», паведаміла «Наша ніва». У 2020 годзе ён удзельнічаў у пратэстах у Беларусі пасьля фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў. 16 жніўня 2020 году Максім зь бел-чырвона-белым сьцягам ішоў у калёне па праспэкце Незалежнасьці ў Менску.

У чэрвені 2021 году Стасевіч пераехаў у Карэлію, працаваў у дзіцячым лягеры «Палярны круг» у Лоўхскім раёне рэспублікі: быў важатым, выкладаў кіналёгію і марскі турызм. На працы яго характарызавалі выключна са станоўчага боку.

У сьнежні 2025 году беларуса затрымалі ў Санкт-Пецярбургу, бо ён быў у вышуку з боку ўладаў Беларусі, але яго ня выдалі. Але пазьней Цэнтар па процідзеяньня экстрэмізму МУС Карэліі вырашыў забараніць Стасевічу ўезд у Расею на 100 гадоў, бо ён нібыта «схаваўся ад органу крымінальнага перасьледу на тэрыторыі Расеі».

Пазьней крымінальны перасьлед у Беларусі за падзеі 2020 году замянілі адміністрацыйнай адказнасьцю.

Пасьля гэтага Петразаводзкі гарадзкі суд Карэліі прызнаў забарону на ўезд Стасевічу незаконнай. Суд адзначыў, што ў Расеі Стасевіч не займаўся ні экстрэмісцкай, ні іншай супрацьпраўнай дзейнасьцю.

Але паліцыя зноў запатрабавала выслаць Стасевіча. Ягоны ўдзел у пратэстах у Менску палічылі «безумоўнай пагрозай грамадзкаму парадку, у тым ліку на тэрыторыі Расеі».

У выніку Вярхоўны суд Карэліі выканаў патрабаваньне МУС Расеі. Канчатковае рашэньне — Максім Стасевіч павінен пакінуць тэрыторыю Расеі і не вяртацца да 2126 году.

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» на 7 кастрычніка 2026 году прызнаў палітвязьнямі 885 незаконна асуджаных грамадзян, а праваабарончая ініцыятыва dissidentby — 933.

Улады Беларусі выкарыстоўваюць трансгранічныя рэпрэсіі ў форме запытаў на арышт за мяжой і завочных судовых працэсаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Затрымаць як мага больш. Праваабаронцы сьцьвярджаюць, што ўлады сьпяшаюцца з арыштамі «за 2020 год»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

5, 10, 15 гадоў. Калі заканчваюцца тэрміны даўнасьці за «экстрэмісцкія» злачынствы