«Частковае зьняцьце санкцый зь Беларусі было толькі прагматычным крокам» — Кіт Келаг пра палітыку ЗША адносна Лукашэнкі

Кіт Келаг на Форуме бясьпекі ў Варшаве, 12 кастрычніка 2026 году

Аляксандар Лукашэнка для Ўладзіміра Пуціна нават не «малодшы партнэр», а беларускае войска ня мае сур’ёзнай сілы, мяркуе былы спэцпрадстаўнік ЗША ў пытаньнях Украіны.

Цяпер Кіт Келаг — сустаршыня Цэнтру амэрыканскай бясьпекі ў Інстытуце палітыкі «Амэрыка перадусім». Ён прыляцеў у Варшаву на форум у пытаньнях бясьпекі.

Дональд Трамп прапанаваў перавесьці Джона Коўла, які займаўся беларускім кірункам, на пасаду спэцпрадстаўніка ў справах закладнікаў. Журналіст «Люстэрка» з гэтай нагоды спытаў у Кіта Келага, ці азначае гэта, што Беларусь і палітвязьні больш не прыярытэт для ЗША, а Лукашэнка больш не патрэбны Вашынгтону для кантактаў з Пуціным.

Келаг назваў вызваленьне людзей «канкрэтнай мэтай», якой Вашынгтон пасьпяхова дасягнуў. Пры гэтым ён скептычна ацаніў значнасьць палітыка для Расеі.

«Беларусь і Лукашэнка зусім ня ёсьць для Пуціна асноўнымі партнэрамі. Я маю на ўвазе, што яго нават нельга назваць малодшым партнэрам. У іх няма моцных узброеных сіл», — заявіў амэрыканскі генэрал.

Зьняцьце часткі амэрыканскіх санкцый Келаг растлумачыў выключна прагматычнымі прычынамі.

«Мы аддаем перавагу, каб самалёты „Боінг“ ня падалі зь неба. І таму мы сказалі, што будзем надаваць пэўныя паслугі пры пэўных умовах — калі яны вызваляць палітычных зьняволеных», — сказаў Келаг.

Ён таксама падзяліўся дэталямі аб сваіх перамовах з Лукашэнкам і аб тым, як адбывалася вызваленьне беларускіх палітвязьняў.

«Першая група палітычных зьняволеных, якіх мы адтуль выцягнулі, у той момант думала, што іх вязуць на расстрэл. Насамрэч яны былі ў капюшонах, пакуль мы не даставілі іх да мяжы. У рэшце рэшт мы зьнялі зь іх гэтыя капюшоны і сказалі, што зараз яны вольныя. Гэта быў своеасаблівы хуткі абмен з Лукашэнкам, і ў мяне была магчымасьць прыехаць да яго і паразмаўляць. Шчыра кажучы, ён сам расказаў мне пра гэта, каб мы маглі паразмаўляць асобна, — пра тое, як ён прымусіў Яўгена Прыгожына спыніць свой марш [на Маскву] у 2023 годзе. Было вельмі цікава пачуць гэта ад яго, але мяне больш турбавала вызваленьне палітычных вязьняў. І на гэты конт я таксама атрымаў добры адказ», — сказаў генэрал.

Дзейнасьць Кіта Келага

21 чэрвеня 2025 году Кіт Келаг, які займаў у той час пасаду спэцпрадстаўніка ЗША ў пытаньнях Украіны, прыяжджаў у Менск, дзе правёў перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам. Пасьля гэтага былі вызваленыя 14 палітычных зьняволеных, у тым ліку Сяргей Ціханоўскі, асуджаны на працяглы тэрмін.

У 2025 годзе на Варшаўскім форуме бясьпекі Кіт Келаг, адказваючы на пытаньне «Люстэрка», заявіў, што Злучаныя Штаты вядуць перамовы з Лукашэнкам ня столькі дзеля вызваленьня палітвязняў, колькі для захаваньня каналу сувязі з Уладзімірам Пуціным. З таго часу дзякуючы намаганьням ЗША на волю выйшлі сотні палітычных зьняволеных, а амэрыканскі бок зьняў зь Беларусі частку санкцый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

ЗША выключылі з санкцыйнага сьпісу зьліквідаваныя кампаніі і памерлых, сярод апошніх — міністар транспарту Беларусі


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Паміж вайной і разрадкай: Лукашэнка шукае выйсьця зь небясьпечнай залежнасьці