Польшча выслала 9 грамадзянаў Беларусі за прыналежнасьць да арганізаванай злачыннай групы

Эпізод працэдуры прымусовай высылкі грамадзянаў Беларусі, якія належалі да злачыннай групы

Прымусовая дэпартацыя адбылася 8 кастрычніка, абвясьцілі пра яе 12 кастрычніка.

Супрацоўнікі падразьдзелу Марской памежнай варты выслалі з краіны 9 грамадзян Беларусі, якія належалі да арганізаванай злачыннай групы.

Іншаземцы, працуючы ў адным з гандлёвых цэнтраў, кіравалі нелегальнай тытунёвай фабрыкай. Пераважна яны кіравалі лініямі вытворчасьці цыгарэт, а затым уводзілі іх у абарачэньне бяз польскіх акцызных марак.

Расьсьледаваньне ў дачыненьні гэтых асоб праводзілася пад наглядам Рэгіянальнай пракуратуры ў Гданьску, якая абвінаваціла іх ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе.

Высланыя беларусы ўтрымліваліся ў розных турмах у зоне адказнасьці падразьдзелу марской памежнай варты. Усім замежнікам забаронены паўторны ўезд на тэрыторыю Рэспублікі Польшча і іншых краін Шэнгенскай зоны на працягу 7 гадоў.

Рашэньні выканалі неадкладна. З гэтай прычыны, дзякуючы эфэктыўнай каардынацыі, супрацоўнікі Памежнай варты ў Гданьску, Гдыні, Уладыславове і Эльблёнгу суправаджалі дзевяцярых беларусаў да мяжы зь Беларусьсю на памежным пераходзе Тэрэспаль-Берасьце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Польшчы за паветраную кантрабанду цыгарэтаў затрымалі чатырох беларусаў

Іншыя дэпартацыі

З пачатку году толькі згаданы падразьдзел Памежнай варты вынес 184 пастановы аб прымусовым вяртаньні замежнікаў у краіну іхнага грамадзянства. Яны несьлі пагрозу абароненай законам маёмасьці. 124 асобы з гэтага пераліку ўжо прымусова пакінулі Польшчу.

9 беларусаў, якія займаліся нелегальным распаўсюдам тытунёвых вырабаў не адзіныя грамадзяне сваёй краіны, высланыя ў кастрычніку з Польшчы. З 5 па 11 кастрычніка, як паведаміла Галоўная ўправа Памежнай варты, 13 грамадзянаў Беларусі ўжо прымусова пакінулі тэрыторыю Польшчы. Добраахвотна наказ пакіданьня краіны выканалі 20 беларусаў.

Больш за ўсё наказаў атрымалі грамадзяне Ўкраіны — 34 украінцы пакінулі Польшчу добрахвотна, а яшчэ 40 чалавек пакінулі яе пад прымусам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міліцыя Гомельскай вобласьці расказала, што за паўгода ўжо дэпартавала 20 працоўных мігрантаў